Агучаны прысуд Франаку Вячорку: 20 гадоў пазбаўлення волі


У Менскім гарадскім судзе 20 чэрвеня вынесены прысуд старэйшаму дарадцы Святланы Ціханоўскай Франаку Вячорку – 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў «завочна», у фармаце спецыяльнага вядзення, паколькі абвінавачаны знаходзіцца за мяжой.

Франак Вячорка
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Прысуд вынесла суддзя Валянціна Зянкевіч. Акрамя пазбаўлення волі, дарадцы Ціханоўскай прысуджаны таксама штраф у памеры 1500 базавых велічыняў, што складае 60 тысяч рублёў.

Завочны суд над Франакам Вячоркам распачаўся 31 траўня. Яму былі інкрымінаваныя 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў Вячорку вінаватым у:

  • змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • арганізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак;
  • публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення акту тэрарызму і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;
  • стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, кіраўніцтве структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у экстрэмісцкае фармаванне;
  • паклёпах у дачыненні Лукашэнкі і інш.
Каментар
Франак Вячорка пра завочны суд над сабой: «Абвінавачаннямі можна толькі ганарыцца»
2024.04.11 18:28

Акрамя таго, палітыку прад’явілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме большай за 30,9 мільёнаў рублёў, «нанесенай супрацьпраўнымі дзеяннямі».

Франак Вячорка паведаміў, што падаваў у Менскі гарадскі суд хадайніцтва аб азнаямленні са справай і прысутнасці на судзе праз відэасувязь, аднак яму не дазволілі.

«Уступіў я тут у забаўную перапіску з лукашэнкаўскім судом. Калі коратка, не дазволілі мне прысутнічаць на судзе над сабой і не далі азнаёміцца са справай. Кажуць, вяртайцеся ў Менск. Затое прызначылі адваката. Я, вядома, ёй адразу напісаў, а яна тую ж песню завяла: кажа вяртайцеся ў Менск», – распавёў дарадца Ціханоўскай.

Менскі гарадскі суд паведаміў Вячорку, што яму была прызначаная адвакатка спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі г.Менску «Прававая абарона» Дар’я Шэўчык і яна цалкам азнаёмілася з матэрыяламі справы.

Апошнім часам у Беларусі праводзіцца ўсё больш завочных судоў у рамках так званага спецыяльнага вядзення. 31 траўня ў Менскім гарадскім судзе распачаўся самы масавы такі працэс – у справе «аналітыкаў Ціханоўскай», у якой праходзяць адразу 20 чалавек.

17 чэрвеня Гомельскі абласны суд завершыў працэс над праваабаронцам і былым палітвязнем Леанідам Судаленкам і прысудзіў яму пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму і вялізны штраф.

Аб’ектыў
У Менску распачаўся самы масавы завочны суд: у справе «аналітыкаў Ціханоўскай»
2024.05.31 22:38

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў