«Стварылі сусветны прэцэдэнт. Пакуль усе трындзяць, мы робім». Павел Лібер – пра галасаванне ў КР


Кіраўнік каманды распрацоўнікаў праграмы для галасавання Павел Лібер падвёў тэхнічныя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду. Ён падкрэсліў, што гэта «унікальны сусветны выпадак», і беларусы самыя часта не ўсведамляюць, што «мы – цудоўныя».

Сузаснавальнік праекта «Новая Беларусь» Павел Лібер прэзентуе журналістам вынікі першага года працы праекта. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Важна зразумець, што мы зрабілі. Мы зладзілі нацыянальныя выбары з удзелам людзей з розных пунктаў свету», – напісаў праграміст Павел Лібер у сваім Facebook.

Ён адзначыў, што галасаванне адбылося з міжнародным назіраннем і паўнавартасным аўдытам і пры наўпроставым супрацьдзеянні беларускага рэжыму:

«Беларусы і беларускі стварылі сусветны прэцэдэнт онлайн-выбараў з выкарыстоўваннем самых перадавых сусветных падыходаў – гэта разумеюць назіральнікі, партнёры, аўдытары, якія ў захапленні ад таго, што мы зрабілі. Гэтага часта не разумеем мы самыя, што мы – цудоўныя. Гэта ўнікальны сусветны выпадак і прыклад, да якога імкнуцца куча стартапаў».

Кіраўнік каманды распрацоўнікаў праграмы для галасавання асобна падзякаваў «Кіберпартызанам», якія падказалі «багата важных рэчаў і ідэяў, што мы пастараліся ўлічыць у фінальнай версіі прадукту».

Выбары ў КР
Чаму за Каардынацыйную раду так мала прагаласавала? Тлумачыць Выбарчая камісія
2024.05.28 14:13

Лібер пры гэтым прызнаў, што не ўсё было ідэальна. Напрыклад, частка выбарнікаў «адвалілася» праз абмежаванне перавыпуску лічбавага ID: нельга было выдаляць дадзеныя і пераўсталёўваць праграму. Гэта зрабілі, каб перадухіліць патэнцыйнае махлярства, аднак некаторыя карыстальнікі, нягледзячы на папярэджанне, не выканалі інструкцыі.

Акрамя таго, некалькі дзясяткаў асобаў не змаглі прагаласаваць праз разрыў сувязі падчас галасавання, гэта было звязана з запісам аперацыяў у блокчэйн і ўжываннем адмысловай тэхналогіі «blind signature» («сляпы подпіс»), якая паказвае, ці выдадзены бюлетэнь, аднак не паказвае, ці прагаласаваў карыстальнік. І ў выпадку перападлучэння да інтэрнэту сістэма не давала завяршыць працэдуру, бо не ведала, што выбарнік яшчэ не прагаласаваў.

Выбары ў КР
Дэбаты да выбараў у Каардынацыйную раду. Відэа і тэкставы пераказ
2024.05.24 20:50

«Што атрымалася – мы нармальна «перажавалі» DDoS-атаку, мы даволі стабільна прапрацавалі, паспяхова скончылі галасаванне, усе трансакцыі ў блокчэйне. Атрымалі шмат узнёслых водгукаў ад сусветных партнёраў», – паведаміў Лібер.

Ён упэўнены, што гэтая кампанія – выдатная нагода, каб ганарыцца:

«Мы зрабілі ўнікальны прадукт, мы стварылі сусветны прэцэдэнт, і я ўдзячны ўсім, хто змог паўдзельнічаць. Гэта яшчэ адна выдатная падстава нагадаць усім, што беларусы і беларускі – унікальныя, і пакуль усе трындзяць, мы – робім».

Выбары ў Каардынацыйную раду праходзілі з 25 па 27 траўня. Перамог спіс «Каманда Латушкі і Рух “За свабоду”», ён набраў 2 358 галасоў і атрымаў 28 мандатаў. На другім месцы – «Блок Пракоп’ева-Ягорава» (1 050 галасоў і 13 мандатаў).

«Еўрапейскі выбар», «Незалежныя беларусы» і «Моладзевы наступ» атрымалі па 8 мандатаў.

Удзел у выбарах узялі 6 723 грамадзяніна.

Аналітыка
Ад «катастрофы» да «нам ёсць чым ганарыцца». Беларусы паспрачаліся пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду
2024.05.28 20:09

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў