news
Гісторыі

«Не дакранацца да майго мёртвага цела!» Былая палітзняволеная распавяла пра завяшчанне, якое пісала ў калоніі

Яе забівалі, сама сябе забівала, выжыла…
02.06.202406:00

Міа Міткевіч вызвалілася з жаночай калоніі № 4 у кастрычніку 2023 года. Ужо паўгода яна жыве ў Варшаве і прызнаецца, што дасюль «троху не прыйшла ў сябе» і што бываюць дні, калі хочацца толькі аднаго – маўчаць. На зоне яна тройчы спрабавала забіць сябе і склала завяшчанне. Выжыла. І цяпер спрабуе рабіць усё, каб уратаваць іншых. «Белсат» сустрэўся з былой палітзняволенай у апошнія дні вясны.

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч. Варшава, Польшча. 25 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Размаўляем з жанчынай на тэрасе ўтульнай кавярні. Курым, праводзім позіркамі варшаўскія трамваі, перакідваемся ўсмешкамі. І за гэтай яе ўсмешкай (шчырай і цёплай) немагчыма не адчуць надзейна стоенага страху. Страху чалавека, які там, за калючым дротам беларускай зоны, тройчы спрабаваў пакончыць з жыццём і ў нейкі момант напісаў завяшчанне, дзе – асобным пунктам – забараніў турэмнікам нават дакранацца да яе мёртвага цела…

«Як «ускрыцца», каб нікому не нашкодзіць, – вось праблема»

«У мяне было закрытае завяшчанне. Я перадавала сваім родным у выпадку маёй смерці ўсю сваю рухомую і нерухомую маёмасць. Інтэлектуальную таксама, там пункт быў пра мае сцэнары. І пра сабаку майго было. Такі разгорнуты тэстамэнт, на дзве старонкі. І там жа пазначыла, што супрацоўнікі не маюць права дакранацца да майго мёртвага цела і ўскрываць яго без прысутнасці маёй маці», – спакойна распавядае Міа Міткевіч.

Сама сябе Міа спрабавала ўскрыць у калоніі тройчы. Цяпер гаворыць, што, на свабодную і выспаную галаву, ніколі б такога не рабіла («Страшна нават згадваць пра тое»). А ўжо пад канец размовы, калі закранём пытанне, чаму беларусы (палітвязні ў тым ліку), апынуўшыся на свабодзе, «пачынаюць грызціся адзін з адным», Міа заўважыць:

«Я не хачу лезці ў якую-колечы грызню. Але ж хіба ў гэтым праблема? Мне асабіста хапіла трох гадоў у калоніі. Там і зараз, вось у гэты самы момант, кагосьці, магчыма, прэсуюць. Ды так прэсуюць, што чалавек думае… І вось гэта праблема. Вось у мяне была сапраўды праблема, калі думала, як «ускрыцца», каб нікому пры гэтым не нашкодзіць.

Таму што возьмеш нажніцы ці нож у капцёрцы – і капцёршчыцы потым так уляціць, што… І значыцца, трэба прыдумаць штосьці іншае. Можа, павесіцца?..

Вось у чым праблема была», – гаворыць былая палітзняволеная.

 

Турэмнікі рыхтуюць «распрацоўкі» пры дапамозе штучнага інтэлекту

Міа нарадзілася 31 снежня 1991 года. Зʼявілася на свет пад самы Новы год («Ой, я б не сказала, што мне не пашэнціла – я два падарункі адразу атрымлівала»). Мілагучнае і рэдкае ў Беларусі імя выбрала для яе маці, якая выхоўвала дачку адна. «Міа» – значыць «мая». Праз імя мама дзяўчыны хацела падкрэсліць сваю да яе незвычайную блізкасць і, як магічным заклінаннем, абараніць дачку ад жорсткага свету навокал («Хоць насамрэч, я думаю, яна проста нагледзелася іспанамоўных меладрамаў», – смяецца Міа).

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч. Варшава, Польшча. 25 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Але ў 2021 годзе імя жанчыну не абараніла.

На гомельскай зоне Міа «святкавала» свае калядныя дні народзіны некалькі разоў. Ясна – без падарункаў. Бо такога слова, як «падарунак», там увогуле не існуе. Затое ёсць слова «распрацоўка» («разработка»). Першую, і самую жорсткую для Міітурэмнікі ўчынілі адразу пасля яе дня народзінаў, калі на пачатку 2022 года жанчыну кінулі ў прэс-атрад. Там са святам віншуюць акурат так. Менавіта падчас такіх «распрацовак» Міа спрабавала забіць сябе.

«Распрацоўка для кожнага свая можа быць. Кагосьці будуць пастаянна шпурляць у ШІЗА ці ПКТ. У маім выпадку, напрыклад, не давалі спаць, мяне аблівалі ноччу вадою, мне псавалі прадукты харчавання, зімой залівалі мой абутак, кралі і адносілі ў іншы лакальны ўчастак маю целагрэйку…

Хацелі выбіць глебу ў мяне з-пад ног. Хацелі, каб я перастала мысліць рацыянальна. Калі чалавек не есць і не спіць – мазгі адключаюцца. У выпадку ШІЗА адбываецца тое самае. Чалавек ламаецца.

А мэты «распрацоўкі» ў іх могуць быць розныя: каб падпісаў «памілоўку», як у маім выпадку, ці каб чалавек стаў на іх бок, як, я лічу, у выпадку Марфы Рабковай», – тлумачыць Міа.

Былая палітзняволеная выказвае здагадку, што адміністрацыя калоніі, ствараючы персанальны план «распрацоўкі», карыстаецца штучным інтэлектам, які аналізуе адмысловыя анкеты, што запаўняюцца на самым пачатку тэрміну кожнай зняволенай. Менавіта такім чынам выбіраюць самыя жорсткія варыянты, каб «зламаць чалавеку хрыбет».

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч. Варшава, Польшча. 25 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Прынамсі, пра адмысловую праграму, якая амаль не робіць памылак пры аналізе, казала Міі зоне адна супрацоўніц – псіхалагіня.

«Ды вы што? Нават падохнуць спакойна не дасце?..»

Жанчыну «распрацоўвалі» з такою «глыбінёй», што Міа на поўным сурʼёзе прыдумляла хады, каб патрапіць з атраду ў… ШІЗА. Бо там можна было хаця б выспацца! Вырвацца з прэс-атраду.

«На пачатку 2022 года там быў толькі адзін прэс-атрад, якім кіраваў Кузняцоў. На што ён здольны – ведаюць ўсе. Скажу адно: цяпер у жаночай калоніі ўсе атрады – гэта прэс-атрады. Можа, апроч пятага», – кажа Міа Міткевіч.

Вырвацца з прэс-атраду было цяжка. І тады Міа спрабавала вырвацца з жыцця…

«Я заходжу ва ўмывальню, там рукамыйніца і два бідэ. Пакой зачыняецца. Бяру брытву, здымаю каўпачок, каб дастаць лязо. І нават руку не паспела падставіць – чую, як увесь атрад крычыць: «Міі-тке-віч!» Я такая: «Ды вы што? Нават падохнуць спакойна не дасце?»

Выходжу, а «заўхоз» мне: «Цябе пераводзяць у іншы атрад». І вось – у мяне шчасце бʼе ключом… Але перавялі ў пяты атрад усяго на два тыдні. Я паела і паспала – пажыла больш-менш спакойна. Пасля гэтага – кінулі ў ШІЗА…» – апавядае былая палітзняволеная.

Удакладняе, што другім разам спробу самагубства ўчыніла, калі яе надоўга пазбавілі пасылак.

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч. Варшава, Польшча. 25 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«І ў мяне вось зусім не было тады сілаў ні жыць, ні нават існаваць», – гаворыць жанчына.

«Як перажыла зіму Вольга Маёрава – я проста не ўяўляю»

Міа распавядае, што аднойчы дапамагла з цыгарэтамі адной стукачцы, і тая папярэдзіла, што Ігар Чорны (аператыўнік калоніі) збіраецца пасадзіць яе на ПКТ і завесці справу па 411 артыкуле («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі»). Расказала таксама, як прэсуюць Марыю Калеснікаву. Гэтая размова адбылася, калі да канца тэрміну, які адбывала Міа, заставаліся лічаныя месяцы.

«Ну і, уласна кажучы, яна мне раіць: заткніся, ні з кім не гавары, паводзь сябе так, нібыта цябе ўвогуле не існуе. І насамрэч я да яе прыслухалася. Напэўна, дзякуй богу, што прыслухалася. Іначай – не выйшла б на волю», – успамінае нашая суразмоўца.

Тым не менш, недзе за месяц да вызвалення была яшчэ адна спроба «ўскрыцца». Выратавала днявальная, якая звярнулася да Міі па дапамогу – прасіла парадаў, як напісаць ліст «нейкаму мужыку». Проста адарвала ад чорных думак.

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч выкладае танцы. Варшава, Польшча. 27 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Я глядзела тады на свой прысуд, на гэтыя тры гады, думала пра ПКТ і 411 артыкул, па якім мне маглі дабавіць яшчэ больш, і думала чамусьці, што, калі выйду, жыццё маё будзе ўжо закончанае і ўсё будзе вельмі-вельмі кепска…» – апавядае Міа.

«Ну была ў мяне такая фігня, што тыпу лепш я сама сябе забʼю, чым памру ад рук скаціны, вось», – дадае праз паўзу.

Жанчына хавае сляды парэзаў на сваім запясці, сцвярджае, што «гэта не з зоны». Але паказвае палец, які не згінаецца («гэта ад сцяжак»), сіняк на назе, які так і не сышоў да канца пасля пабояў «на Жодзіне». Распавядае, што праз выбіты плечавы сустаў не можа нармальна павярнуцца. Распавядае пра калені…

«Зімой, калі на дварэ мінус 25, ходзіш у спадніцы і легінсах. Даруй божа, без начосу, без штаноў, без усяго, бо ўсё астатняе забаронена. Натуральна, каленкі адмарожваюцца.

Я бачыла, як у жанчын калготы прыліпалі да каленяў і як яны іх потым аддзіралі. Гэта жудасна. Такое лепш ніколі не бачыць.

Над жанчынамі здзекуюцца як могуць. Я ўжо маўчу пра тых, хто ў «тэрарыстычных спісах». Ім увогуле жыцця не даюць. Як перажыла зіму Вольга Маёрава – я проста не ўяўляю», – сведчыць былая палітзняволеная.

Міа Міткевіч вытрывала і выйшла на свабоду.

«Там няма больш надзеі»

Мама Міі цяпер таксама ў Варшаве. Яна была вымушаная зʼехаць пасля свайго затрымання ў студзені 2024 года (дачка была ўжо ў Польшчы). Аўчарка Рэкс, якую Міа згадвала ў завяшчанні, таксама з імі. Мама, Міа, Рэкс – уся сямʼя зараз разам.

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч выкладае танцы. Варшава, Польшча. 27 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Міа прызнаецца, што на дзіва хутка адаптавалася ў краіне, якая іх прытуліла. Напэўна таму, заўважае, што «адразу кінула сябе ў працу». Выкладае для беларусаў Варшавы танцы. Кажа, што гэта добра здымае стрэсы. Людзі пасля яе заняткаў пачынаюць усміхацца. Нават – смяяцца. Танцы вяртаюць надзею, якую цалкам страчваеш у няволі.

«Абсалютна. Там няма больш надзеі. Як мы ўжо казалі на прэс-канферэнцыі да Дня палітвязня, людзі там ужо не змагаюцца. Няма чаго геройстваваць – трэба выжыць. Гэта спачатку мы ўсе на нешта спадзяваліся. Прадумвалі план вызвалення. Нават цыдулкі са сцэнаром дзеянняў на свабоду перадавалі. У мяне, дарэчы, яны недзе захаваліся. Пераслаць вам? Там дзевяць пунктаў…»

Цыдулкі са сцэнаром дзеянняў для вызвалення. Фота перададзенае гераіняй

Сэнс адной з ідэяў, якая ў 2021 годзе падавалася палітзняволеным жанчынам крэатыўнай і здзяйсняльнай, быў у тым, каб пачаць масава адмаўляцца ад беларускага грамадзянства і запытваць грамадзянства іншых краінаў, якія б заступіліся за сваіх людзей… Сцэнар аказаўся ўтапічным.

«І, калі б атрымалася, якое б ты тады грамадзянства выбрала?» – пытаемся.

«Амерыканскае», – не задумваецца Міа.

«Дывановая дарожка, самалёт, людзі…»

Яна ўдакладняе інфармацыю, якая таксама прагучала была на імпрэзе, зладжанай да Дня палітвязня ў Беларускім доме ў Варшаве, – наконт таго, што Польшча адмовіла ёй у выдачы гуманітарнай візы, калі справа дайшла да эвакуацыі з Беларусі (з РБ Міа выязджала па чэшскай візе).

«Насамрэч, гэта не так. Патлумачу. Я зразумела, што мне трэба выязджаць, калі ў РУУС 8 снежня мне далі накіраванне на здачу адбіткаў пальцаў. Усё, думаю, «паехалі радная пакатаемся. А мама на мяне даўно ціснула, каб звальвала як хутчэй адтуль. І я пазваніла па нумары, які першы трапіўся ў інтэрнэце. Наўрад ці гэта быў нумар польскай амбасады. Хутчэй за ўсё – нейкіх пасярэднікаў. Патлумачыла ім, што я палітычная і мне трэба ўцякаць з Беларусі. Праз тры дні мне перазванілі і паведамілі, што не могуць даць мне візы. Я думаю, што я проста натрапіла не на тых людзей. І тады мы пайшлі з мамай у пасольства Чэхіі, якое адразу нам дапамагло. У польскае ж увогуле не хадзілі. Так што казаць пра тое, што палякі мне адмовілі, нельга», – тлумачыць Міа Міткевіч.

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч. Варшава, Польшча. 25 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

У Варшаве яна падала дакументы на міжнародную абарону.

«Міа, пасля той самай прэс-канферэнцыі 21 траўня вы ў закрытым фармаце абмяркоўвалі разам з іншымі спікерамі хіба самае галоўнае – стратэгіі вызвалення людзей з лукашэнкаўскай няволі. Можаш падзяліцца сваімі думкамі наконт гэтага?» – спыталіся ў былой палітзняволенай.

«Калі патрэбная канкрэтыка, то – не магу. Бо калі даведаецца беларускі бок – ён перакрые гэтыя магчымасці. Калі сфармуляваць канцэптуальна, то: дывановая дарожка, самалёт, людзі. Больш ні слова.

Думаю, што дзякуючы спецдакладчыцы ААН Анаіс Марэн, якая прысутнічала на той прэс-канферэнцыі, нам удасца данесці нашую ідэю да вельмі ўплывовых людзей. Рыхтуецца «гуманітарны спіс», – адказала Міа Міткевіч.

Былая палітзняволеная прызнаецца, што больш не спадзяецца на смерць Аляксандра Лукашэнкі (»Ужо разумееш, што ён не памрэ. Я разлічвала на гэта ў 2021 і 2022 гадах. Нават у 2023-м. У 2024 годзе я ў гэта не веру«). Гэта быў бы самы лёгкі сцэнар, і вельмі пажаданы, зазначае Міа. Але ёсць і іншыя.

«Беларусь не першая краіна з палітычнымі зняволенымі. І ўсюды быў прыкладна адзін сцэнар, калі людзей проста ратавалі – вывозілі. Калі хтосьці кажа, што гэта нерэальна – дык рэальна! Заўжды маюцца рычагі і заўсёды можна нейкім чынам дамовіцца…» – разважае Міа Міткевіч.

Рэпартаж
Знішчыць антызаапарк. У Варшаве адкрыўся праект «Minsk Anti Zoo. Red Mark»
2024.05.11 15:04

«Ратаваць каго можам…»

Міа кажа, што не раздзяляе прынцыпу «ўсіх або нікога», якім аперуюць некаторыя палітыкі, гаворачы пра вызваленне палітвязняў. Было б ідэальна, але ў сённяшняй сітуацыі – нерэальна, лічыць жанчына. Трэба ратаваць, каго можам. І найперш – пажылых і хворых.

«Гэта не значыць, што, напрыклад, я не хачу, каб »усіх і адразу«. Але калі будзе нейкі рычаг ціску па гуманітарным спісе і з яго вызваляць хаця б пяцярых – трэба працаваць», – упэўненая Міа Міткевіч.

Нашая размова даўжынёю на 5 выкураных цыгарэт (Міа пачала курыць на зоне) заканчваецца абдымкамі. Міа – маленькая, далікатная беларуска са шнарамі на руках, зычыць нам добрага вечару. Іспанскамоўнае імя ёй вельмі пасуе.

«Ты казала, іх задача – зламаць чалавеку хрыбет. Табе зламалі? Так ці не?» – нашае апошняе пытанне.

Міа адмоўна хістае галавой: «Не».

Зміцер Міраш belsat.eu