Беларусам стане лягчэй шукаць працу ў Нямеччыне


З 1 чэрвеня ў Нямеччыне пачала дзеяць новая візавая схема для кваліфікаваных працаўнікоў, якія прыехалі ў краіну з-за межаў Еўразвязу. Гэтае новаўвядзенне дазваляе цягам года легальна заставацца ў краіне і працаваць. Праўда, трэба адпавядаць некаторым крытэрам. Гэтае новаўвядзенне датычыць і беларусаў, прыкмеціла выданне «Зеркало».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: atorus.ru

Пад новую схему падпадаюць асобы, якія маюць мінімум двухгадовую прафесійную адукацыю або ўніверсітэцкі дыплом, прызнаны краінай, у якой быў атрыманы. Яшчэ адным патрабаваннем ёсць валоданне нямецкай або англійскаю мовамі.

Асобы, якія маюць намер выкарыстоўваць такую схему, будуць атрымліваць так званую карту магчымасцяў, якая дасць ім права ўехаць у Нямеччыну і шукаць працу цягам аднаго года. Права атрымаць візу будзе вызначацца на падставе некалькіх пунктаў: веданне мовы, прафесійны досвед, век і сувязі з Нямеччынаю.

Карыстальнікам такой схемы, каб заехаць у краіну, больш не трэба будзе мець кантракт з нямецкаю кампаніяй і падаваць звесткі пра кваліфікацыю, прызнаную або атрыманую ў Нямеччыне. Паводле аўтараў новаўвядзенняў, гэта павінна знізіць бюракратычную нагрузку і скараціць тэрміны праходжання працэдураў.

Адзначаецца, што новая схема – гэта толькі частка вялікага пакету законаў, скіраваных на развязанне праблемы з востраю нястачаю кваліфікаванай працоўнай сілы ў Нямеччыне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў