Мінадукацыі хоча паскорыць прастаўленне апастылю на дакументы


Міністэрства адукацыі пасля зваротаў грамадзянаў разглядае магчымасць прыёму і выдавання дакументаў на апастыль цягам аднаго працоўнага дня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: nabokov.by

У прэс-службе Міністэрства адукацыі паведамілі, што разглядаецца таксама і магчымасць увядзення папярэдняга запісу, электроннай чаргі для падачы дакументаў на прастаўленне апастылю.

Аднак у ведамстве падкрэслілі, што ў чэрвені графік прыёму і выдавання дакументаў, якія прыходзяць з установаў адукацыі на прастаўленне апастылю, не зменіцца.

З пытаннямі наконт прастаўлення апастылю ў ведамстве заклікаюць звяртацца на гарачую лінію, што працуе з 3 да 7 чэрвеня на тэлефоне: +375 17 320 31 51 (з 9:00 да 13:00).

Нагадаем, што апастыль неабходна прастаўляць на дакументах аб адукацыі для наступнага паступлення за мяжу. Але апошнім часам у Беларусі з’явіліся праблемы з выкананнем гэтай працэдуры.

У сакавіку 2022 года ў Беларусі ў дзесяць разоў паднялі кошт легалізацыі дакументаў з дапамогай апастылю.

У 2023 годзе ўлады Беларусі захацелі адсачыць колькасць выпускнікоў, якія паступаюць за мяжу, скарыстаўшыся для гэтага звесткамі пра апастылі. Пакараць за вялікую колькасць ахвочых вучыцца пасля школы не ў Беларусі пастанавілі шокльных дырэктараў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў