Супрацоўнік крымінальнага вышуку кіраваў бандай, якая рабавала дальнабойнікаў, – «Наша Ніва»


КДБ затрымаў супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага. Яго абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў, якія рабавалі дальнабойнікаў, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

Затрыманне падазраваных у крадзяжах з фураў.
Скрыншот: «Белсат»

Аб гэтай гісторыі МУС расказала 20 траўня, аднак без згадкі свайго супрацоўніка. Паводле звестак сілавікоў, у Воршы былі затрыманыя пяць падазраваных у крадзяжах з велікагрузных аўтамабіляў. Ім ад 34 да 51 года.

«Пакуль кіроўца спаў у кабіне фуры, змоўцы ўзломлівалі замок грузавога адсеку і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам, пасля чаго пакідалі месца злачынства», – распавяла прэс-служба МУС.

Скрадзеныя тавары потым прадавалі ў Расеі.

Арыштаваныя выдалі свайго саўдзельніка, які зрабіў «схему магчымай – праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі».

«Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў – 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі. Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, Згірскі не толькі даводзіў удзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.

У кватэры Згірскага знайшлі іншую, адрозную ад табельнай, зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых. А таксама адзенне з арыенціровак і балаклаву», – піша «Наша Ніва».

Адзначаецца, што крымінальная справа на асаблівым кантролі ў кіраўнікоў МУС, Следчага камітэту, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхіленыя ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крымінальнай дзейнасці.

Hавiны
У Чачэрскім раёне затрымалі вяскоўца, які ўчыніў страляніну
2022.08.14 15:43

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў