Брат Вітольда Ашурка: «Справа аб яго забойстве раскрытая, будуць пакараныя ўсе вінаватыя»


Дзень салідарнасці з палітвязнямі адзначаецца 21 траўня на знак памяці загінулага ў гэты дзень у 2021 годзе палітвязня Вітольда Ашурка. Ён пайшоў з жыцця ў Шклоўскай калоніі пры нявысветленых акалічнасцях. «Белсат» пагаварыў з братам Вітольда Ашурка, Андрэем. Ён упэўнены, што ўсе вінаватыя будуць пакараныя і просіць палітвязняў трымацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Андрэй Ашурак, брат загінулага палітвязня Вітольда Ашурка, выступае з прамовай падчас акцыі беларусаў у Варшаве, прысвечанай Дню палітвязня і гадавіны гібелі Вітольда Ашурка. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Афіцыйная версія смерці Вітольда Ашурка – спынілася сэрца. Але, калі родным аддалі цела палітвязня, ён быў перабінтаваны ад макаўкі да носу. У Магілёўскім моргу сказалі, што нібыта выпадкова выпусцілі цела.

Андрэй Ашурак упэўнены, што брата забілі ў калоніі. Гэта сцвярджаюць і журналісты-расследвальнікі разам з «Кіберпартызанамі».

«Справа аб ягоным забойстве ўжо раскрытая. Не рэжымам, а кіберпартызанамі, нашымі. Ёсць усе прозвішчы, хто там быў, хто што казаў, хто каму званіў. Справа проста ў часе. Я не ведаю, колькі пройдзе часу, пакуль будуць затрыманыя і пакараныя ўсе вінаватыя, але я ўпэўнены на 100 працэнтаў, што гэта будзе ў любым выпадку», – кажа Андрэй Ашурак.

Пра час, праведзены з братам, Андрэй узгадвае з цеплатой і ўсмешкай.

«За столькі гадоў, што жылі разам, яскравых успамінаў мора сіняе. Як ты ні круці, часта ў галаве ўсё гэта праносіцца. Мне нават выдзеліць адзін успамін цяжка. Яно такой кінастужкай заўсёды: дзяцінства, юнацтва наша, як ужо дарослыя былі, як на верандзе ў мяне часта-часта каву пілі, ці я пра яго прыязджаў. Гэта ж файна прыехаць да брата, пасядзець. Ён пазвоніць: “А ці ты не прыедзеш да мяне на каўку?”.

Прыедзеш, пагаворыш, абмяркуеш праблемы, планы на будучыню, кіно паглядзіш. Напрыклад, памятаю, ён быў добры майстар рабіць татуіроўкі. І ён рабіў мне. Неяк я прыехаў да яго, гэта як раз быў 2004, мусіць, год. Як раз выйшаў новы галівудскі фільм «Бункер» пра канец другой сусветнай вайны. То мы нічога нават і не рабілі. Вось так я паўраздзеты сядзеў і мы глядзелі гэтае кіно.

Я малодшы за Вітольда на два з паловай гады. Цяпер атрымалася такая парадаксальная рэч: мне ўжо 51 год, а яму засталося 50. І я ўжо старэйшы, як гэта?», – кажа Андрэй.

Палітвязням, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, брат Вітольда Ашурка хацеў бы перадаць, што яны не забытыя.

Hавiны
Начальніца медчасткі шклоўскай калоніі, дзе загінуў Вітольд Ашурак, пайшла на павышэнне
2023.06.21 21:40

«Трымайцеся. Вы незаслужана асуджаныя, вы ахвяры гэтага жудаснага крывавага рэжыму. Тое, што вы цяпер сядзіце ці сядзелі ў турмах – гэта страх рэжыму перад вамі. Гэта не вы павінны баяцца іх, а яны вас, бо яны садзяць вас у турмы за вашу дзейнасць. Калі так атрымалася, то дзейнасць ваша была добрай, значыць яны чуюць пагрозу для свайго рэжыму, як усе агулам, так і асабіста кожны. Трымайцеся, пра вас помняць усе, пра вас ніхто не забыўся. Вінаватыя будуць пакараныя ў любым выпадку.

Канешне, цяжка, цяжка ўявіць, як людзям у турмах пасля таго, як, напрыклад, Вітольда забілі жудасна, зверскі, уручную. Адносіны да палітычных вязняў папросту страшэнныя. Трымайцеся, – падводзіць рысу Андрэй Ашурак.

Станам на 21 траўня 2024 года ў Беларусі 1392 палітвязня. Гэта толькі тыя людзі, пра якіх вядома і якія прызнаныя праваабаронцамі. Сапраўдныя лічбы могуць быць значна большыя.

Гісторыі
«Гэта было забойства». Што сёння вядома ў справе Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі
2023.05.21 13:11

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў