Польшча ўвяла санкцыі супраць «Мазырсолі»


Польшча ў канцы траўня ўвяла санкцыі супраць прадпрыемства «Мазырсоль», даведаўся партал «Беларусы і рынак».

Прадпрыемства «Мазырсоль».
Крыніца: mozyrsalt_jsc / Instagram

Пастанову наконт замарожвання актываў і выключэння беларускага прадпрыемства з дзяржаўных закупаў прыняў кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

У абгрунтаванні адзначаецца, што «Мазырсоль» уваходзіць у склад дзяржаўнага канцэрну «Белдзяржхарчпрам», які падпарадкоўваецца Савету міністраў РБ. У сувязі з гэтым накладанне санкцыяў на «Мазырсоль» «знізіць экспартныя магчымасці кампаніі, а значыць, паўплывае на аб’ём сродкаў, што пералічаюцца ў беларускі бюджэт».

Таксама, падкрэсліваецца ў абгрунтаванні, «Мазырсоль» звязаная з намеснікам гендырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах Алегам Эйбатавым і генеральным дырэктарам Генадзем Богданам, якія ўключаныя ў санкцыйныя спісы Еўразвязу і Вялікай Брытаніі (Эйбатаў у дадатак падпадае пад санкцыі Украіны, Канады і Швейцарыі).

У дачыненні да Алега Эйбатава санкцыі былі ўведзеныя ў 2022 годзе ў сувязі з дзейнасцю на пасадзе кіраўніка Мазырскага памежнага атраду, у задачы якога ўваходзіў кантроль за бяспекай у Мазырскай вобласці, уключаючы мяжу паміж Украінай і Беларуссю, а таксама за перасоўваннем людзей і тавараў праз гэтую мяжу. Санкцыі ў дачыненні да Генадзя Богдана былі ўведзеныя ў снежні 2020 года за ягоную дзейнасць на пасадзе намесніка кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта.

Прапанову ўвесці санкцыі Томаш Семоняк падтрымаў на фоне чарговай эскалацыі канфлікту на беларуска-польскім памежжы.

Як адзначае «Беларусы і рынак», у канцы 2023 года з прапановай увесці санкцыі супраць «Мазырсолі» і «Беларуськалію» выступалі некамерцыйная арганізацыя «Польская соль» і кампанія «Ciech». Паводле іх, Польшча стала мастком для транзіту беларускай солі ў іншыя краіны рэгіёну, а названыя беларускія кампаніі ствараюць сур’ёзную канкурэнцыю польскім вытворцам.

У 2021 годзе Беларусь паставіла на рынак Еўразвязу на 22 мільёна еўраў кухоннай солі, у  тым ліку ў Польшчу – на 5 мільёнаў. У 2022 годзе аб’ёмы паставак солі ў ЕЗ знізіліся да 10 мільёнаў еўраў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў