Страйк дальнабойнікаў: пагрозы спаліць машыну, карупцыя і жаданне зарабіць. Што адбываецца на мяжы Польшчы і Украіны


Украінскія дальнабойнікі на польскай мяжы мыюцца з пластыкавай бутэлькі, харчуюцца раз на дзень і сумуюць па хаце. Яны затрымаліся ў шматкіламетровай чарзе з тысячы цяжкавікоў на выезд ва Украіну праз страйк польскіх перавозчыкаў. Высунуўшы патрабаванне зрабіць больш жорсткімі правілы праезду для ўкраінскіх фураў, палякі выставілі блокпост на мяжы, праз які прапускаюць па чатыры цяжкавікі цягам гадзіны. Кіроўцам даводзіцца соднямі жыць у машынах. І палякі, і ўкраінцы скардзяцца на пагрозы, а канфлікты даводзіцца спыняць паліцыі. Што адбываецца на польска-ўкраінскай мяжы, – у рэпартажы нашых калегаў з «Вот Так».

Украінскі дальнабойнік Ігар рыхтуе вячэру ў кабіне свайго цяжкавіка, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Адно з ключавых патрабаванняў польскіх перавозчыкаў — вярнуць для ўкраінскіх дальнабойнікаў дазволы для рэйсаў у Еўразвяз. 16 лістапада ў Еўракамісіі заявілі, што выканаць яго немагчыма юрыдычна, паколькі адмена дазволаў для ўкраінскіх кіроўцаў прапісаная ў Пагадненні аб аўтамабільным транспарце паміж Украінай і ЕЗ. Падпісанне гэтага дакументу ў сакавіку 2023 года падтрымалі ўсе сябры звяза.

Памежны пункт «Дарахуск» на ўсходзе Польшчы – адзін з трох выездаў, заблакаваных мясцовымі дальнабойнікамі больш за дзесяць дзён таму. Украінскія цяжкавікі яны прапускаюць з хуткасцю чатыры машыны на гадзіну. Праз гэта затор да пункта пропуску пачынаецца за 33 кіламетры да кардона.

Больш за тысячу машынаў з украінскімі нумарамі соднямі чакаюць сваёй чаргі, каб трапіць у краіну. У некаторых аўтамабіляў прычэпы адкрытыя, таму відаць, што яны вязуць ва Украіну – экскаватары, камбайны, паліва і электракары «Тэсла» з разбітымі бамперамі.

Дальнабойнік у чарзе перад КПП, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Уздоўж абочыны зрэдку сустракаюцца паліцэйскія патрулі. Яны сочаць за тым, як цяжкавікі выконваюць чаргу. Вадзіцелі ў яскравых салатавых і аранжавых камізэльках перыядычна выходзяць з машынаў, каб абмяняцца адзін з адным апошнімі навінамі.

«Майму сыну нядаўна рабілі перасадку печані»

Па прадукты ўкраінцы выбіраюцца ў бліжэйшы гарадок Хэлм, да якога ад аднаго да трыццаці кіламетраў: у залежнасці ад таго, дзе месца кіроўцы – у пачатку або ў канцы чаргі. Хтосьці адпраўляецца туды на старым праржавелым ровары, а хтосьці пешшу. Перыядычна ўздоўж чаргі праязджае гандляр гарачымі абедамі. Яны каштуюць прыкладна пяць еўра. Часам ён па дабрыні раздае іх бясплатна. Ваду кіроўцы просяць у мясцовых жыхароў, чые нешматлікія дамы стаяць ля дарогі. Ім ніколі не адмаўляюць.

Чарга цяжкавікоў перад пунктам пропуску «Дарахуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

– Мыцца даводзіцца ўначы на вуліцы, калі цёмна і ніхто не бачыць, – распавядае адзін з кіроўцаў карэспандэнту «Вот Так». – Ставім баклажку пяцілітровую ў машыну пагрэцца, потым выходзім і абліваемся вадой. Холадна, нязручна, але мы ж таксама людзі, трэба чыстымі быць.

Дальнабойнік Андрэй з Кіеўскай вобласці стаіць у чарзе ўжо пятыя содні. За гэты час ён аброс густым шчаціннем і выдаткаваў на салярку больш за сто еўра. На працы прастой абыдзецца яму ў палову месячнага акладу. Андрэй упершыню паехаў у рэйс на ўласнай фуры, набытай у крэдыт. Цяпер ён не зможа ў тэрмін унесці плацёж.

– Мне за перавозку не заплацілі, бо я не давёз пакуль нічога! – абураецца Андрэй. – Майму сыну нядаўна рабілі перасадку печані. У мяне 300 тысяч (грыўняў) даўгоў (€7,6 тысяч) у бальніцы. У прыватнай клініцы. Я павінен ім плаціць грошы. А я не магу заплаціць. Бо нядобрыя людзі вырашылі мяжу перакрыць. Яны хочуць раўнапраўя. А якога раўнапраўя? Чым іх правы парушаліся дагэтуль?

Украінскі дальнабойнік Андрэй, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Андрэй распавядае, што дальнабойнікі спрабавалі пагутарыць з польскімі калегамі, растлумачыць ім сваю сітуацыю, але паліцыя не прапускае іх. Таму кіроўца ў курсе толькі асобных патрабаванняў, якія вылучаюць страйкоўцы.

– Яны хочуць, каб польскія грузавікі праязджалі мяжу без чаргі, а каб усе астатнія стаялі, як раней. Яны хочуць доступ да нашай сістэмы «Шлях» – тады яны змогуць заносіць туды ўкраінскіх кіроўцаў, якія выехалі з краіны да вайны і працуюць у Польшчы. Цяпер праз ваеннае становішча, калі такі кіроўца заедзе ва Украіну, то ўжо не выедзе назад. А калі ён будзе ў «Шляху», то ніякіх пытанняў, – распавядае Андрэй.

Для даведкі: дзяржаўная сістэма «Шлях» дазваляе ўкраінскім кіроўцам, якія падлягаюць прызыву, перасякаць мяжу, калі яны перавозяць гуманітарную дапамогу, медыцынскія грузы або выконваюць іншыя важныя для дзяржавы задачы.

Андрэй лічыць, што гэта нармальнае патрабаванне, але не ўяўляе, як яго можна выканаць, таму што ў «Шляху» утрымліваюцца асабістыя дадзеныя тысяч кіроўцаў – нумары пашпартоў, тэлефонаў, банкаўскіх рахункаў.

Чарга цяжкавікоў перад КПП «Дарахуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

– Як такую інфармацыю аддаць іншай дзяржаве? Трэцім асобам? Што яны з ёй зробяць? Я гэтага не хачу, – кажа Андрэй.

«Яны грошай недаатрымліваюць і мы грошай не атрымліваем»

Дальнабойнік Ігар, які стаяў у чарзе восем дзён, распавядае, што польскія страйкоўцы таксама патрабуюць зварот для ўкраінскіх кіроўцаў дазвол на ўезд (краіны абменьваюцца імі паводле прынцыпу ўзаемнасці, каб не прыціскаць інтарэсы транспартных кампаній. – Рэд. «Белсат»). Еўразвяз адмяніў іх пасля пачатку вайны, каб украінскія дальнабойнікі маглі вазіць любыя грузы без дадатковых дакументаў і абмежаванняў, што паскарае дастаўку, у тым ліку гуманітарных і ваенных грузаў.

– 27 краін Еўразвязу падпісалі пастанову аб скасаванні дазволаў, а адна краіна хоча яго вярнуць. Гэта як? – абураецца Ігар. – Палякі незадаволеныя, што ўкраінцы пачалі рабіць на гэтым бізнес, а яны цяпер праз гэта губляюць грошы. Украінцаў замаўляць танней. Яны кажуць, што да вайны баланс у грузаперавозках быў такім: 60% украінцаў і 40% палякаў, а цяпер з-за адмены ўсіх абмежаванняў для прадстаўнікоў ваюючай краіны доля палякаў складае ўсяго 5%. Прычына нібыта ў дазволах. Але вядома, іх стала менш – раней з Украіны ездзілі ў Беларусь, Расею і Казахстан, а цяпер няма такой магчымасці, можа, у гэтым прычына, а не ў скасаванні дазволаў? – разважае ўкраінскі кіроўца.

Дальнабойнік Ігар. Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Некалькі дальнабойнікаў сабраліся каля Ігара і ківаюць галовамі ў знак падтрымкі. Яны лічаць, што патрабаванні польскіх калегаў невыканальныя, ды не ведаюць, як можна вырашыць сітуацыю, але спадзяюцца, што ўлады дзвюх краінаў здолеюць дамовіцца.

– А то глупства нейкае выходзіць: яны кажуць, што грошай недаатрымліваюць, і мы стаім грошай не атрымліваем. Каму ад гэтага добра? – задае рытарычнае пытанне адзін з іх.

Лагер палякаў

За кіламетр да пагранпункта «Дарахуск» каля дзесяці польскіх дальнабойнікаў разбілі лагер з некалькіх фураў, якія кантралююць праезд украінскіх аўтамабіляў на мяжу. На ўсіх кузавах нумары заменены на знакі са словам PROTEST. Побач з аўтамабілямі стаяць мяшкі з зямлёй, упакоўкі з вадой і жалезная печка-буржуйка, каля якой грэюцца кіроўцы.

Забастоўка дальнабойнікаў на мяжы Польшчы і Украіны. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Страйкоўцы перыядычна змяняюць адзін аднаго, бо ў іх «усіх ёсць справы і бізнес», распавядае адна з удзельніц пратэсту, якая кіруе транспартнай кампаніяй.

Каля лагера польскіх дальнабойнікаў дзяжурыць аўтамабіль хуткай дапамогі. Доктар не жадае распавядаць, ці лячыў ён тут кагосьці за час пратэсту, але, магчыма, лекары пачалі дзяжурыць каля памежнага пункта пасля таго, як непадалёк на стаянцы ў сваёй машыне памёр дальнабойнік. Украінскія медыя пісалі, што суайчыннік памёр «з-за забастоўкі», не ўдакладняючы канкрэтнай прычыны, аднак польскія кіроўцы здзіўляюцца, чаму іх лічаць вінаватымі ў яго смерці. Поводле іх, ва ўкраінскага дальнабойніка польскія медыкі ў крыві знайшлі алкаголь.

Пратэстоўцаў таксама ахоўваюць некалькі паліцэйскіх машын. Людзі радыя, што каля іх ёсць сілавікі.

Хуткая і паліцэйскія машыны перад КПП «Дарахуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

– Калі б не паліцыянты, нас тут наогул бы не было! – кажа польскі дальнабойнік у ярка-жоўтай дарожнай камізэльцы. – На днях 20 чалавек сабраліся і пайшлі на нас, добра, што паліцыя іх спыніла.

Гэта не першы раз, калі канфлікт дальнабойнікаў абвастраецца. 13 лістапада на іншым заблакаваным памежным пераходзе «Корчава» украінскія кіроўцы збіраліся грамадой з некалькіх дзясяткаў чалавек прайсці да лагера страйкоўцаў, але шлях ім заступіла паліцыя са шчытамі, у бронекамізэльках ды з дручкамі. Да сутыкненняў не дайшло.

Вялізны сівы мужчына ў чорнай куртцы, якога завуць Марэк распавядае, што польскія дальнабойнікі на працягу ўсяго страйку сутыкаюцца з пагрозамі – ім пішуць абразы ў сацыяльных сетках і пагражаюць спаліць машыны, калі яны апынуцца ва Украіне. Сам пагрозлівы кантэнт Марэк не паказаў, але ён не першы, хто пра гэта заяўляе. Польскія дальнабойнікі з пераходу «Корчава» распавядалі журналістам, што іх персанальныя звесткі зліваюць у сетку, а пасля гэтага ў асабістых паведамленнях кіроўцам пагражаюць выбіць зубы.

Польскія пратэстоўцы грэюцца на КПП «Дарахуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Украінскі дальнабойнік Андрэй распавёў карэспандэнту «Вот Так», што ўкраінцы таксама атрымліваюць пагрозы ад палякаў, але не такія канкрэтныя. Нібыта арганізатары пратэсту «паабяцалі наступствы» для тых, хто падпіша петыцыю на сайце прэзідэнта Украіны з патрабаваннем пакараць удзельнікаў страйку. Польскія дальнабойнікі гэта адмаўляюць.

Марэк кажа, што яны наогул не хочуць канфліктаваць. Іх мэта – дамагчыся вяртання дазволаў на ўезд у Польшчу для ўкраінскіх кіроўцаў.

– У мяне ёсць фірма ў Польшчы, яна легальная. Я ў сябе ў краіне, плачу падаткі і хачу мець магчымасць тут жа і зарабляць, – тлумачыць Марэк. – Чаму ў кагосьці павінны быць прывілеі, чаму канкурэнцыя павінна быць несумленнай? Як мы павінны канкураваць з кімсьці, у каго больш магчымасцяў? Калі рашэнне аб адмене прымалася, то ўсе думалі сэрцам, таму што ішла вайна, але ніхто не падумаў пра гэта з пункту гледжання бізнесу. Мы не супраць, каб дазволаў не было для гуманітарных і ваенных грузаў, але не для астатніх.

Марэк перад КПП «Дарахуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Ён мяркуе, што ўкраінскім кіроўцам, якія з’ехалі да вайны і працуюць у польскіх фірмах, таксама выгодна іх патрабаванне атрымаць доступ да ўкраінскай сістэмы «Шлях», пра якую распавядаў Андрэй.

– У мяне два ўкраінцы ў фірме. Яны хочуць працаваць і могуць зарабляць тут больш, чым ва ўкраінскай фірме, але не могуць, бо ім не вярнуцца з Украіны, калі заедуць туды. Бо ні я, ні яны не могуць зарабіць свае грошы.

На пытанне, навошта польскім дальнабойнікам асобная паласа без чаргі на ўезд ва Украіну, Марэк адказвае, што прычына – у карупцыі і закрытасці сэрвісу «Е-ЧЕРЕГА», якім карыстаюцца ўкраінскія кіроўцы, каб запісацца ў чаргу на мяжы. Нібыта за грошы можна купіць больш выгоднае месца, і ўкраінцы актыўна гэтым карыстаюцца. Дальнабойнікі з процілеглага боку кажуць карэспандэнту «Вот Так», што ўпершыню пра гэта чуюць. Паводле іх, сістэма ўладкавана так, што ўмяшацца ў яе немагчыма.

Украінскі дальнабойнік Ігар паказвае ўкраінскі сэрвіс «Е-ЧЕРЕГА», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Марэк распавёў, што 12 лістапада на памежным пункце «Дарахуск» прайшлі трохбаковыя перамовы з прадстаўнікамі ўладаў Украіны, Польшчы і Еўразвязу, але на іх не ўдалося прыйсці да кампрамісу.

Прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных экспедытараў Украіны Віктар Берасценка распавёў «Вот Так», што лічыць патрабаванні палякаў невыканальнымі.

«Гэта абсалютна несправядліва, што мы на сваёй бядзе пазбаўляемся магчымасці вывозіць свае грузы з-за патрабаванняў нейкага перавозчыка. Я не маю паняцця, чаму яны так робяць. Іх патрабаванні заключаюцца ў жаданні вазіць ўкраінскія грузы, нягледзячы на тое што Украіна не можа іх апрацоўваць праз свае парты», – лічыць эксперт.

У кабіне ўкраінскага дальнабойніка. Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Паводле Берасценкі, ва Украіне да вайны каля 40 тысяч машын ішлі праз парты, а цяпер яны ідуць праз Польшчу. Ён лічыць, што цалкам заканамерна ў межах падпісанага транспартнага бязвізу з Еўразвязам, каб Украіна так вывозіла гэтыя грузы.

Марэк ды іншыя кіроўцы спадзяюцца, што іх патрабаванні выканаюць і ім не прыйдзецца страйкаваць доўга. Польскія дальнабойнікі гатовыя і далей весці перамовы з украінскімі ўладамі і спадзяюцца быць пачутымі. Інакш яны абяцаюць блакаваць апошні пагранпункт, які цяпер прапускае машыны.

За спінай у Марэка праязджае ўкраінская фура. Яна каля тыдня чакала сваёй чаргі. Кіроўца паказвае з акна страйкоўцаў fuck, польскі дальнабойнік, убачыўшы гэта, паказвае яму fuck у адказ. Абодва смяюцца. Цяжкавік ад’язджае ва Украіну.

Чарга з цяжкавікоў на пропуску «Дарахуск», Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Аляксандр Скрыльнікаў / Авер belsat.eu

Стужка навінаў