«Ну, хаця б пачаць». Лукашэнка распавёў, што хоча пабудаваць АЭС пад Магілёвам


Падчас паездкі ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на ўсходзе Беларусі варта пабудаваць яшчэ адну АЭС.

Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць, 30 красавіка 2024 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускае грамадства нібыта перахварэла на «постчарнобыльскі сіндром» і сёння ёсць разуменне, што будаўніцтва БелАЭС у Астраўцы было правільным рашэннем, нягледзячы на ​​ўсю крытыку з боку Польшчы і Літвы.

«Што да Захаду – мярзотнікі поўныя. І нашыя “беглыя” – сволачы і мярзотнікі», – заявіў Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што цяпер ім паступова авалодвае думка наконт будаўніцтва яшчэ адной станцыі: «Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудаваная БелАЭС, была вызначаная Чырвонапалянская пляцоўка) месціцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?»

Лукашэнка растлумачыў, што размясціць яшчэ два рэактары ў Астраўцы было б танней, але ён не выключае, што новае будаўніцтва, калі будзе прынятае такое рашэнне, варта разгарнуць на ўсходзе краіны:

«Я ўсё ж схіляюся да таго, што ў нас на захадзе ёсць станцыя. Павінна яна быць і на ўсходзе».

Ён падкрэсліў, што рашэнне яшчэ не прынятае і для будаўніцтва трэба будзе ўзяць крэдыт.

«Таму яшчэ шмат пытанняў з гэтай справай. Але я хацеў бы, калі я не паспею пры сваім палітычным жыцці гэта зрабіць, хаця б пачаць. А потым вы ўсё роўна пабудуеце, куды дзявацца», – заявіў ён.

Разбор
Чарнобыльская катастрофа: 10 рэчаў, якія варта ведаць
2024.04.26 06:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў