Наступленне Расеі на Харкаўшчыне: што гэта значыць і чаго чакаць далей?


Расейская армія 10 траўня перайшла ў наступленне на поўначы Харкаўскай вобласці, дзе актыўных баявых дзеянняў не вялося з 2022 году. Па мерках цяперашняй пазіцыйнай вайны тэмпы прасоўвання ў першыя дні наступу аказаліся досыць высокія, цяпер існуе пагроза захопу Ваўчанску. Якая мэта расейскай аперацыі на Харкаўшчыне і дзе яшчэ агрэсар можа нанесці ўдар?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашкоджаная тэрыторыя ля жылога шматпавярховіка пасля расейскіх авіяўдараў па Харкаву, Украіна. 14 мая 2024 года.
Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Што адбываецца на Харкаўшчыне

Размовы пра тое, што Расея рыхтуе новае наступленне на Харкаў, вяліся з пачатку вясны. Пра адпаведныя планы Крамля паведамляў шэраг незалежных медыяў са спасылкай на крыніцы ва ўладных колах. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў Уладзімір Пуцін прыгразіў «стварыць пэўную санітарную зону на сённяшніх тэрыторыях», каб абараніць Белгарад ад абстрэлаў. У канцы сакавіка расейская армія пачала наносіць узмоцненыя ракетна-бомбавыя ўдары па Харкаву, што некаторыя назіральнікі ўспрынялі як адзін з этапаў падрыхтоўкі наземнага наступлення.

10 траўня расейскае войска сапраўды перайшло ў наступленне на поўначы Харкаўскай вобласці. Агрэсар наносіць удары на двух кірунках: у напрамку Харкава (заходні фланг) і на Ваўчанск (усходні фланг). Цягам некалькіх дзён расейцы здолелі захапіць шэраг прыгранічных паселішчаў і прасунуцца на глыбіню да 5-6 км.

Сітуацыя на поўначы Харкаўскай вобласці, Украіна. 15 траўня 2023 года. Мапа DeepStateUA / Telegram

Увечары 14 траўня Генеральны штаб ЗСУ паведаміў, што ў раёнах Лукʼянцаў і Ваўчанску, каб пазбегнуць стратаў, украінскія вайскоўцы «здзейснілі манеўр і перамясціліся на больш выгадныя пазіцыі» (то бок адступілі). Праз сітуацыю на Харкаўшчыне прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі скасаваў шэраг міжнародных сустрэчаў.

Падраздзяленні акупантаў прарваліся ў паўночную частку Ваўчанску. Горад знаходзіцца пад няспынным артылерыйскімі і паветранымі ўдарамі. Украінскі аналітычны праект DeepState зазначае, што за паселішча ідуць цяжкія баі.

«Сітуацыя ў Ваўчанску вельмі складаная, вораг займае пазіцыі на вуліцах гораду», – паведаміў прадстаўнік украінскай паліцыі раніцай 15 траўня.

Разам з тым, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) сцвярджае, што тэмпы наступу на Харкаўшчыне цягам апошніх содняў замарудзіліся. У дзень 15 траўня ў Генштабе ЗСУ паведамілі, што ім удалося спыніць наступальныя дзеянні расейскай арміі і часткова выцесніць праціўніка з Ваўчанску. Цяпер акупанты засяродзіліся на тым, каб замацавацца на дасягнутых рубяжах і перагрупавацца.

Расейскі вайсковы аналітык Ян Матвееў прыходзіць да высновы, што сітуацыя на фронце ў Харкаўскай вобласці сапраўды стабілізуецца і цяпер галоўным пытаннем застаецца лёс Ваўчанску.

«Ёсць адчуванні, што расейскія сілы валодаюць імпульсам і рэсурсамі для захопу як мінімум паўночнай часткі гораду. Для абароны ЗСУ бліжэйшыя пару дзён стануць крытычна важнымі», – піша ён у сваім аглядзе.

Што гэта значыць і хто вінаваты

Поспехі расейскай арміі пакуль абмяжоўваюцца выключна тактычным узроўнем. Сілы агрэсара не ўчынілі глыбокага прарыву, не захапілі буйных паселішчаў і не перарэзалі жыццёва важныя транспартныя камунікацыі. Тыя прыгранічныя паселішчы, якія акупавалі расейцы, фактычна знаходзіліся ў «шэрай зоне» і не былі разлічаны да працяглую абарону.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат бачны на кулямётнай пазіцыі падчас трэніровак у Данецкай вобласці, Украіна. 14 траўня 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Эксперт украінскага Цэнтру вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка у эфіры «Вот так» падкрэсліў, што цяпер баі вядуцца ў перадполлі асноўных лініяў украінскай абароны, да якіх расейцы яшчэ не дайшлі. Цяпер галоўная задача ЗСУ – выйграць час, каб дачакацца прыбыцця заходняй тэхнікі і боепрыпасаў, зберагчы свае сілы і пры гэтым знясіліць расейскую армію.

Разам з тым, па мерках цяперашняй пазіцыйнай вайны тэмпы прасоўвання расейцаў у першыя дні наступлення былі досыць хуткім. Акупанты здолелі выйсці за межы «шэрай зоны» і цяпер існуе рэальная пагроза страты Ваўчанску, які мае важнае лагістычнае значэнне.

Гэты факт быў неадназначна ўспрыняты ва ўкраінскім грамадстве і войску, стаўшы нагодай для жорсткай крытыкі кіраўніцтва. Камандзір аднаго з падраздзяленняў ЗСУ Дзяніс Яраслаўскі заявіў, што хуткае прасоўванне акупантаў тлумачыцца тым, што на Харкаўшчыне не было неабходных фартыфікацыяў.

«За 2 гады на ўкраінскай мяжы павінны былі стаяць бетонныя ўмацаванні ў мінус тры паверхі! А не было нават мін. Мы прыходзім да думкі, што гэта ці варʼяцкі крадзеж, ці наўмысны сабатаж», – заявіў ён.

Галоўны рэдактар «Цензор. нет» і вайсковы эксперт Юры Бутусаў паведаміў, што Ваўчанск таксама не падрыхтаваны да абароны: там няма не тое, што бетонных бункераў, але і звычайных акопаў і бліндажоў. Пры тым, што ўкраінская выведка ведала пра падрыхтоўку расейскага наступу.

Іншыя эксперты і вайскоўцы заклікаюць не перабольшваць значэнне фартыфікацыйных праблемаў. Лейтэнант ЗСУ з пазыўным «Алекс», які вядзе Telegram-канал «Офіцер», сцвярджае, што будаваць магутную лінію прама на мяжы не было магчымасці праз асаблівасці мясцовасці і расейскія абстрэлы. «Найбольш якасныя ўмацаванні, як правіла, капаюць глыбей у тыл», – зазначыў ён.

Украінскі афіцэр, які вядзе аналітычны блог пад нікам Tatarigami, лічыць, што праблема не ў адсутнасці фартыфікацыяў, а ў арганізацыйных памылках камандавання.

«Пакіданне пазіцыяў і прасоўванне за межы шэрай зоны сведчыць аб няздольнасці кіраўніцтва брыгады і стратэгічнага камандавання рэагаваць на пагрозы, нягледзячы на наяўнасць разведвальных дадзеных», – піша ён. Паводле Tatarigami, гаворка ідзе пра «сістэмную праблему».

Пра тое, што ЗСУ не былі гатовыя да расейскага ўдару, ускосна сведчыць той факт, што амаль адразу было зменена камандаванне аператыўна-тактычнай групоўкі войскаў «Харкаў»: замест Юрыя Галушкіна быў прызначаны намеснік начальніка Генштабу Міхаіл Драпаты. Хаця афіцыйна прычыны гэтай кадравай перастаноўкі не тлумачыцца, зразумела, што ў разгар баёў ніхто б не стаў змяняць камандуючага групоўкі, калі б да яго не было прэтэнзіяў.

Наяўнасць памылак пры абароне поўначы Харкаўскай вобласці дэ-факта прызнаюць у тым ліку прадстаўнікі ўлады. «Тое, што адбылося на поўначы Харкаўшчыны, мае свае прычыны», – заявіў намеснік кіраўніка Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Раман Семянуха. Паводле чыноўніка, па гэтай сітуацыі варта зладзіць «разбор палётаў».

Не наступ на Харкаў, а стварэнне «буфернай зоны»

Яшчэ да таго, як распачаўся наступ на Харкаўшчыне, аўстрыйскі вайсковы аналітык Том Купэр выказаў думку, што Расея мае намер рэалізоўваць дактрыну «1000 іголак»: нястомныя дробнамаштабныя наступы механізаванай пяхоты замест буйнамаштабных аператыўна-стратэгічных аперацыяў, як у першыя тыдні вайны. Тое, што цяпер адбываецца на фронце, цалкам адпавядае тэорыі Купэра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 92-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады страляюць з РСЗА «Град» па расейскіх пазіцыях у Харкаўскай вобласці, Украіна. 15 траўня 2024 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Аперацыю расейскай арміі на Харкаўшчыне пакуль няма падставаў лічыць поўнамаштабным наступленнем. Юрый Бутусаў звяртае ўвагу на тое, што агрэсар не спрабуе прарвацца вялікімі сіламі на якім-небудзь вузкім участку, а стварае ціск на шырокім фронце і кропкава канцэнтруе рэсурсы для нападу на асобныя вузлы абароны ЗСУ.

Эксперт даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Канстанцін Машавец канстатуе, што пакуль няма прыкметаў таго, што расейцы здольныя ўчыніць глыбокі прарыў на Харкаўшчыне.

«Праціўнік, відавочна, задзейнічаў такі абʼём сваіх сіл і сродкаў, які, на дадзены момант, проста «не цягне» нават на аператыўны ўзровень», – зазначыў ён.

Незалежная даследчая суполка «Conflict Intelligence Team» ацэньвае расейскія сілы, якія былі кінуты ў наступ на Харкаўшчыне, прыкладна ў 10 тысяч чалавек – гэтага відавочна не хопіць для захопу Харкава. Нават Ваўчанск узяць ім будзе вельмі складана.

«Мы лічым, што сапраўдных спробаў наступу на Харкаў не будзе і варта чакаць спробаў утрымаць гэтую невялікую паласу прымежнай тэрыторыі», – прагназуе CIT.

Аналітыкі ISW таксама мяркуюць, што расейцы не збіраюцца ісці на Харкаў, а плануюць стварыць так званую «буферную зону».

Расея пашырае вайну

Не выключана, што наступленне з’яўляецца адцягваючым манеўрам, каб прымусіць Украіну перакінуць на Харкаўшчыну свае рэзервы ў той момант, калі Расея працягвае наступаць на Данбасе.

«Важна мець на ўвазе, што найбольшая праблема, з якой сутыкаецца Украіна, – гэта недахоп жывой сілы і наяўных сіл. Расея спрабуе яшчэ больш расцягнуць гэтыя сілы перад далейшымі наступальнымі аперацыямі ў Данбасе і Запарожскай вобласці», – заўважыў амерыканскі вайсковы эксперт Роб Лі.

Перад тым як ударыць на поўначы Харкаўскай вобласці, расейцы дасягнулі пэўных поспехаў заходней Аўдзееўкі, на Пакроўскім кірунку. Аднак развіць поспех ачарэтынскага прарыву агрэсар не здолеў, у пачатку траўня фронт стабілізаваўся. Часаў Яр, які Крэмль марыў узяць да 9 траўня, дасюль застаецца пад кантролем ЗСУ.

Аналітыка
Найгоршы крызіс за два гады ці пастка Ганібала? Тлумачым, што адбываецца на фронце
2024.05.02 06:40

Атакі расейцаў на Пакроўскім кірунку пры гэтым не спыніліся. Паводле Генштабу ЗСУ, 15 траўня штурмавыя дзеянні на гэтым кірунку, у раёне Новааляксандраўкі, увогуле былі самымі інтэнсіўнымі на ўсім фронце.

Калі разглядаць аперацыю на Харкаўшчыне як адцягваючы ўдар, то таксама варта звярнуць увагу на актывізацыю расейскіх дыверсійных групаў і павелічэнне абстрэлаў у Сумскай і Чарнігаўскай вобласцях. Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў мяркуе, што Расея цяпер можа паспрабаваць учыніць наступ у Сумскай вобласці. Паводле рэкамендацыі вайскоўцаў, у некаторых памежных паселішчах Сумшчыны на гэтым тыдні распачалася эвакуацыя мірнага насельніцтва. Уладзімір Зяленскі ў звароце 13 траўня назваў цяперашнія дзеянні Расеі «спробай пашырыць вайну».

Аналітыкі CIT у сваю чаргу не выключаюць, што Расея можа таксама паспрабаваць перакінуць частку войскаў у Беларусь, каб пачаць новую атаку на поўнач Кіеўскай вобласці. Праўда, для штурму Кіева, як і для штурму Харкаву, рэсурсаў у РФ усё роўна няма, таму, «хутчэй за ўсё, падобны манеўр прывядзе толькі да захопу некалькіх прымежных пасёлкаў», мяркуюць эксперты.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў