Ці будзе Каардынацыйная рада рэпрэзентаваць усіх беларусаў?

А вы заўважылі выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання? Прагаласавалі ўжо больш за 5 тысяч беларусаў. Так-так, не мільёнаў.

Дэбаты кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Хаця, паводле лукашэнкаўскай Выбарчай камісіі, у апошнім выбарчым фарсе ў «палатку» ў спісах былі 6 мільёнаў 912 тысяч 221 грамадзянін. І гэта 100 % выбарнікаў. Адпаведна, 10 % – каля 691 тысячы, а 1 % – крыху больш за 69 тысяч. Ну і калі мы хочам, каб на выбарах у Каардынацыйную раду прагаласавалі хаця б 3 %, то патрэбныя прынамсі 207 тысяч аддадзеных галасоў.

Вядома, мне скажуць пра страх за бяспеку, пра не тыя ўмовы. Толькі я запярэчу – адных беларусаў замежжа, якія цяпер у бяспецы і якія стаялі ў велічэзных чэргах на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, уласна, паводле звестак ААН на 2020 год, было 1 мільён 483 тысячы 626 асобаў. Безумоўна, не ўсе ўжо нават могуць мець беларускае грамадзянства. Але ж пасля 2020 года з Беларусі з’ехалі сотні тысяч палітычна актыўных і дэмакратычна арыентаваных беларусаў. Толькі ў суседняй Польшчы і толькі дазвол на побыт яшчэ летась мелі больш за 100 тысяч беларусаў. А яшчэ тысячы былі з іншымі дакументамі.

Але палітыкі іх не пераканалі. І не дзіва, бо мяне асабіста таксама не пераканалі ў першай спробе дэмакратычнага выбарчага працэсу.

Чаму? Каардынацыйная рада другога склікання не была абраная, а толькі фармавалася цягам доўгіх дыскусіяў. Першапачаткова гэта меўся быць протапарламент, прадстаўнічы орган. Але чым займалася паўтара года КР, шмат каму было незразумела. Як высветлілася, рыхтаваліся выбары. Яны меліся адбыцца ў лютым, бо паўнамоцтвы Рады скончыліся. Аднак не адбыліся. А структура сама сабе працягнула паўнамоцтвы. Ажно да траўня. Нягледзячы на рэкамендацыі экспертаў наконт таго, што арганізацыя выбараў патрабуе больш часу, усё ж выбары былі абвешчаныя.

Я не кажу ўжо пра ланцуг скандалаў, звязаных з сябрамі другога складу КР. А таму я асабіста не ўдзельнічаў у выбарах у структуру, дзеянні якой і сам працэс пярэчаць маім перакананням.

Ад беларусаў, нашых гледачоў, маіх падпісальнікаў, я ж найчасцей чуў два асноўныя пытанні: што Каардынацыйная рада зрабіла? І – навошта яна патрэбная? Калі шчыра, не ведаю адказу. Бо тыя дасягненні, якімі палітыкі і актывісты хваляцца, надзімаючы шчокі, можна было рабіць і найчасцей яны рабіліся не ад імя КР, а ад імя структураў, у якія гэтыя людзі ўваходзяць першапачаткова.

Гэта важна для беларусаў? Дык патлумачце беларусам так, каб іх пераканаць, чаму варта гуляць у гэтую гульню.

Раптам у выбарчай кампаніі ўсе пачалі рупіцца пра беларусаў і, напрыклад, казаць пра тое, як яны будуць змагацца за спрашчэнне візавых працэдураў. А што вам перашкаджала гэтым займацца ўсе гэтыя гады – і пасля 2020-га, і нават раней? Асобныя персоны ўжо нават кажуць пра адкрыццё памежных пераходаў, якія заходнія суседзі закрылі ў адказ на злачынствы рэжыму. Дык што, перагортваем старонку? Стварэнне вызвольнай арміі – а на якія сродкі? Гэта мільёны і мільярды долараў. Украіна нам дапаможа, кажуць некаторыя. А вы ўпэўненыя, што гэта ім трэба? Ну і галоўнае пытанне: як прыйсці да Новай Беларусі і вызваліць палітычных вязняў, якія гінуць у лукашэнкаўскіх турмах? Бо пакуль гэтая гульня ў раду выглядае як гульня ў дзіцячыя паравозікі – хто каго. Ці даследаванні на пацуках – хто выжыве.

Вось выбары пройдуць – і зажывём, маўляў. Толькі я нагадаю, што цэлы шэраг тых, хто абяцае змены, прыйшлі са старога складу Каардынацыйнай рады. Праўда, ёсць у спісах новыя і вельмі вядомыя прозвішчы.

Ну і калі ўжо нібы ўсё ўляглося, падліў алею ў агонь Аляксандр Азараў. Узяў ды разаслаў паведамленні праз бот плану «Перамога» з агітацыяй галасаваць за сябе любімага. А потым казаў пра свой бот, маўляў, ведалі, на што падпісаліся. З выбараў камісія яго зняла. Толькі і тут маю пытанне: на якой падставе, бо калі паводле закону, а не маралі, трэба прызнаць, падставаў для зняцця Азарава не было.

А вось Кірыл Атаманчык размясціў цікавае фота на сваім «Фэйсбуку» з Нью-Ёрку. Піша: лідар аднаго са спісаў Вадзім Пракоп’еў рэкламуецца на вялікім экране ў найбуйнейшым горадзе ЗША. Пэўна, там тысячамі ходзяць ягоныя патэнцыйныя выбарнікі. А вось кошт такой рэкламы ў адным з самых дарагіх гарадоў свету знайдзіце самі.

Плацяць вялікую цану і самыя кандыдаты: супраць усіх заведзеныя крымінальныя справы і распачатая канфіскацыя маёмасці ў Беларусі. Пытанне, што гэты недаадсотак потым захоча зрабіць? Як паказвае досвед Сашы Тры Працэнты, практыка гаварыць ад імя ўсіх беларусаў можа быць вельмі небяспечнай.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў