«Надышоў час». Лукашэнка загадаў вызначыць крытэры ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі


Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня сабраў паседжанне Савету бяспекі, каб абмеркаваць праект нарматыўнага прававога акту, звязанага з пытаннямі ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.

Паседжанне Савету бяспекі 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

«То бок у той ці іншы перыяд часу нам трэба выпрацаваць крытэр ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі нагадаў, што нядаўна была ўхваленая новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Але ў яе развіццё трэба прыняць нарматыўныя прававыя акты, «якія будуць яе канкрэтызаваць і прызямляць». Гэтыя дакументы ў існай практыцы носяць закрыты характар:

«Мы гаварылі пра тое, што толькі замацаваць асобныя палажэнні ў нарматыўных прававых актах недастаткова. Надышоў час укараніць гэтыя падыходы ў практыку. Гэта значыць, мы павінны мець дакладнае ўяўленне, што рэальна адбываецца ў краіне і вакол яе. Ваенная бяспека, эканоміка, сацыяльная, палітычная сферы ды іншыя. Без прыкрасаў, максімальна выверана і аб’ектыўна».

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што быў распрацаваны праект указу аб удасканаленні заканадаўства з улікам новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі:

«Мэта названага дакументу – з улікам новых змяненняў удакладніць парадак ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі на аснове сістэмы індыкатараў, распрацаваных для кожнай з дзевяці сфераў нацыянальнай бяспекі».

Вальфовіч патлумачыў, што за кожнаю сфераю замацаваныя адказныя орган-каардынатар і органы-выканаўцы, якія згодна з устаноўленымі індыкатарамі ды іх парогавымі значэннямі праводзяць аналіз і прапануюць адпаведную ацэнку. Стан нацыянальнай бяспекі ў кожнай сферы ацэньваецца паводле трох крытэраў: стабільны, няўстойлівы і які патрабуе неадкладных захадаў.

Аналітыка
Вайна на чужой зямлі, злы Захад і касмапаліты. Што трэба ведаць пра новую Ваенную дактрыну
2024.04.29 09:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў