У Берасці асудзілі яшчэ пяцёх чалавек за ўдзел у пратэстах 2020 года


24 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця вынеслі прысуды яшчэ пяцярым асобам за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года: ад «хатняй хіміі» да 1,5 года калоніі.

Маргарыта Ацемасава і Андрэй Салапура.
Крыніца: brestspring.org

На лаве падсудных апынуліся берасцейцы Маргарыта Ацемасава, Ганна Васільева, Арцём Ботаў, Андрэй Салапура і Аляксандр Якубук.

Усіх абвінавацілі паводле «народнага», 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу РБ («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Паводле пастановы суддзі Марыны Скалковіч, Арцёму Ботаву, Андрэю Салапуру і Аляксандру Якубуку прысудзілі паўтара года калоніі, Маргарыце Ацемасавай – два гады пазбаўлення волі ўмоўна, бо ў яе ёсць дзіця, якому яшчэ не споўніўся год, і Ганне Васільевай – 2,5 года «хатняй хіміі» (у яе двое няпоўнагадовых дзяцей).

Паводле праваабаронцаў, за пратэсты 10 жніўня ў Берасці ўжо засудзілі найменей 25 чалавек. Усім ім выставілі абвінавачанні згодна з «народным» артыкулам (342 КК РБ). Таксама праваабаронцы адзначаюць, што ў 2021 годзе за тую акцыю пратэсту прысуджалі калонію паводле артыкулу 293 КК РБ («Удзел у масавых закалотах»).

Нагадаем, што ў траўні Маскоўскі суд Берасця вынес прысуды васьмярым асобам у справе аб пратэстах у жніўні 2020 года. Усім прысудзілі калонію.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў