Журналісты БРЦ знайшлі сувязь паміж пашпартам «Новай Беларусі» і «гаманцом» Лукашэнкі


Журналістам Беларускага расследавальніцкага цэнтру стала вядома, што літоўская кампанія, якая працуе над праектам пашпарту «Новай Беларусі», мае сувязі з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым. Як такое магло адбыцца і хто параіў Аб’яднанаму пераходнаму кабінету Беларусі пачаць супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй?

Выява альтэрнатыўнага беларускага пашпарта на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Кампанія, замяшаная ў карупцыі

Літоўская кампанія, якую выбралі для друку пашпартоў «Новай Беларусі», называецца «UAB Garsų pasaulis» (у перакладзе – «свет гукаў»). Паводле прадстаўніка АПКБ па замежных справах Валера Кавалеўскага, кантракту з гэтай кампаніяй пакуль няма, але ўжо падпісаны мемарандум аб супрацы і праведзена вялікая падрыхтоўчая праца.

Але справа ў тым, што «Garsų pasaulis» была замяшаная ў некалькіх карупцыйных скандалах у такіх краінах, як Кыргызстан, Зімбабвэ, Малдова. Нягледзячы на гэта, літоўскія службы дапускаюць «Garsų pasaulis» да друку бланкаў важных дакументаў у Літве, у тым ліку і пашпартоў.

Аднак журналістам БРЦ удалося высветліць, што «Garsų pasaulis» мае сувязі з кампаніяй, часткай якой валодае Віктар Шаўцоў, якога журналісты называюць «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Ён, напрыклад, зарабляў на праектах у Венесуэле праз кампанію «Белзамежбуд», быў адным з канцавых уладальнікаў «Трастбанку» (да 2004 года «Інфабанк», які ЗША западозрылі ў адмыванні грошай для Садама Хусэйна).

Дык вось кампанія «Garsų pasaulis» была звязаная з беларуска-літоўскім прадпрыемствам «GP Holographics», якое вырабляе ахоўныя галаграмы для еўрапейскага рынку і часткай якой валодае Віктар Шаўцоў. Цікава, што калі спачатку доля Шаўцова ў гэтай кампаніі была роўная 40 % (30 % належала іншым беларусам), то ў лістападзе 2023-га, неўзабаве пасля абвяшчэння пра распрацоўку пашпарта «Новай Беларусі», Віктар Шаўцоў стаў валодаць ужо мажарытарным пакетам акцыяў (70 %).

Пра сувязі «Garsų pasaulis» і «GP Holographics», пішуць журналісты, ускосна можа сведчыць таксама і тое, што ролю бухгалтара ў іх выконвае адзін і той жа чалавек.

У той жа час дырэктарка «Garsų pasaulis» Ана Янаўскіене адзначыла, што яе кампанія раней супрацоўнічала з «GP Holographics», але ў лютым 2022 года прыняла рашэнне не мець дачынення з пастаўшчыкамі з краінаў, якія напалі на Украіну і што апошняя партыя з ахоўнымі галаграмамі ад кампаніі «GP Holographics» паступіла ім у студзені 2023 года па замове, аформленай у сакавіку 2022-га.

Хто параіў супрацоўніцтва

Адметна, што супрацоўніцтва з кампаніяй «Garsų pasaulis» Аб’яднанаму пераходнаму кабінету параіў бізнесовец і дзеяч сферы культуры і гісторыі Мікіта Забуга, які, у прыватнасці, спансараваў усталяванне помніка ў гонар 150-годдзя паўстання Каліноўскага каля вёскі Слабодка ў Астравецкім раёне, а ў 2017-м разам з археолагамі займаўся раскопкамі парэшткаў Каліноўскага, за што пазней Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла даследчыкаў Знакам пашаны.

Журналісты БРЦ высветлілі, што ў 2002 годзе Забуга скончыў Акадэмію МУС, на пачатку двухтысячных працаваў следчым ва Упраўленні Следчага камітэту па Менскай вобласці, а таксама ў атрадзе аператыўнага рэагавання і вышуку ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Звольніўшыся ў 2003 годзе, пераехаў у Літву, дзе пазіцыянуе сябе як актывіст, мецэнат і бізнесовец.

Пры гэтым Мікіта Забуга працягваў весці бізнес на тэрыторыі Беларусі. Так, ён быў адным з саўладальнікаў кампаніі ААТ «Ферата», якая прадае рэкламу ў Нацыянальным аэрапорце Менск. Пры гэтым яшчэ адным уладальнікам гэтага бізнесу з моманту рэгістрацыі кампаніі ў 2010 годзе быў былы міліцыянт Юрый Місько, які застаецца зараз адзіным уладальнікам.

А ў снежні 2020 года Забуга разам з партнёрам зарэгістраваў у краіне новую кампанію ТАА «Дойлідбел», якая займаецца нерухомасцю. Праз сем месяцаў ён перадаў сваю долю літоўскай кампаніі «UAB Tevuco Statyba».

Таксама момант выхаду расследавання Мікіта Забуга застаецца адным з уладальнікаў беларускіх кампаніяў ТАА «РасцісКэпітал» і ТАА «РОССЭМсэрвіс». Больш за тое, юрыдычны адрас дзвюх кампаніяў (ТАА «Расціс» і «РасцісКэпітал»), што належаць Забугу, супадае з адрасам Астравецкага РАУС, гэта значыць аддзялення міліцыі.

Журналісты БРЦ звярнуліся па каментар да галоўнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, але ён сказаў, што не ведаў пра бізнэс-актыўнасці Забугі ў Беларусі пасля 2020 года, адзначыўшы, што гэтая інфармацыя будзе праверана і што Офіс Святланы Ціханоўскай не мае працоўных адносін з Забугам.

У сваю чаргу, Валер Кавалеўскі паабяцаў правесці праверку «Garsų pasaulis», бо агучаная журналістамі інфармацыя, на ягоную думку, «заслугоўвае самай пільнай увагі, бо… давер да пашпартнага праекту – гэта 99% поспеху самога праекту».

Каментар Валера Кавалеўскага «Белсату»

«Белсат» таксама звярнуўся па каментар да Валера Кавалеўскага. У размове прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па замежных справах адзначыў, што інфармацыя, якую прадставілі журналісты, была ў пэўным сэнсе навіной для кабінета. У той жа час ён падкрэсліў, што сама кампанія «Garsų pasaulis» заявіла аб тым, што сапраўды ў іх было супрацоўніцтва з беларускімі кампаніямі, але пасля пачатку вайны супраць Украіны яны гэтае супрацоўніцтва цалкам спынілі .

Валер Кавалеўскі зрабіў акцэнт на тым, што ў АПКБ было супрацоўніцтва з «Garsų pasaulis» менавіта на этапе распрацоўкі дызайну пашпарта.

«Яны нам дапамаглі з замовай матэрыялаў для ўзораў дакументаў і першай партыі пашпартоў, але для таго каб працягваць супрацоўніцтва надалей, пасля стварэння органа выдачы і фармавання каманды будзе праведзеная праверка любых нашых падрадчыкаў, з якімі трэба будзе працаваць, і пасля будзе прымацца рашэнне, як далей мы будзем супрацоўнічаць», – сказаў Кавалеўскі.

Пры гэтым прадстаўнік АПКБ заўважыў, што «Garsų pasaulis» супрацоўнічае з літоўскім урадам і выдае пашпарты ў самой Літве, а гэта значыць, што яна адпавядае патрабаванням літоўскага заканадаўства і нацыянальнай бяспекі гэтай краіны.

Валер Кавалеўскі таксама падкрэсліў, што асобы і кампаніі, якія былі агучаныя ў расследаванні БРЦ, мелі дачыненне менавіта да распрацоўкі дызайну пашпартоў, але ніякага дачынення да працэсу іх выдачы мець не будуць.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў