«Экстрэмісты» і «тэрарысты» не будуць дапускацца да дзяржзакупаў


Савет Міністраў выдаў пастанову, якая ўносіць змены ў ранейшыя дакументы, што рэгулююць працэс правядзення дзяржзакупаў. У дакуменце з’явіліся палажэнні, якія забараняюць людзям і арганізацыям, залучаным у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», браць удзел у працэсе дзяржзакупаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Савету Міністраў РБ.
Крыніца: pravo.by

Пастанова ўраду № 371 уносіць змены ў дачыненні крытэраў, якім павінны адпавядаць удзельнікі дзяржаўных закупаў, незалежна ад аб’екту закупаў.

Дакумент, датаваны 23 траўня і падпісаны прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, быў апублікаваны на прававым інтэрнэт-партале Pravo.by.

Сярод новаўвядзенняў прапісана, што юрыдычныя, фізічныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі для ўдзелу ў дзяржаўных закупах не маюць быць датычнымі да экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай дзейнасці і залучаныя ў адпаведныя пералікі.

Акрамя таго, да дзяржзакупаў не будуць дапускацца юрыдычныя асобы, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за дачу хабару паводле артыкулу 24.59 КаАП («Незаконнае ўзнагароджанне ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы»).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў