Жорсткая зачыстка ў асяроддзі генералаў Мінабароны РФ ідзе са згоды Крамля


У расейскім Міністэрстве абароны праходзіць маштабная кампанія арышту генералаў. Яна пачала набіраць абароты неўзабаве пасля адстаўкі міністра Сяргея Шайгу. Усё адбываецца са згоды Крамля, будуць яшчэ арышты, піша «The Moscow Times».

Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі.
Фота: vpk.name

Суразмоўцы з расейскага ўраду, якія пагадзіліся паразмаўляць з выданнем, кажуць, што прычына гэтых чыстак – жаданне спецслужбаў спіхнуць на армію віну за няўдачы ва Украіне, а таксама атрымаць кантроль над велізарнымі бюджэтамі вайсковага ведамства.

«Ідзе жорсткая зачыстка. ФСБ зачышчае каманду Шайгу. Гэта чаканы працэс. Сілавікі атрымалі дазвол на самым версе [у кіраўніцтве краіны]. Да завяршэння чыстак яшчэ далёка. Нас чакаюць новыя арышты», – адзначыла выданню крыніца, блізкая да Крамля.

Гаворка можа патэнцыйна ісці пра адну з «наймаштабнейшых чыстак» у сучаснай расейскай гісторыі, і працэс гэты толькі набірае абароты, сказаў «The Moscow Times» дзейны чыноўнік з расейскага ўраду.

«Я думаю, да канца года агулам ва ўсіх падраздзяленнях Мінабароны будуць арыштаваныя сотні людзей», – адзначыў гэты суразмоўца.

Са словаў яшчэ адной з крыніцаў, матэрыялаў пра карупцыйныя схемы ў Мінабароны заўсёды было вельмі шмат, але ім не давалі хады, пакуль Шайгу быў міністрам.

Кампанія, што пачалася цяпер, паказвае, што ў ваенны час у супрацьстаянні арміі і ФСБ апошняя атрымлівае перавагу, спасылаецца на словы яшчэ адной крыніцы «The Moscow Times».

«У правале ўварвання вінаваты мусіць быць нехта адзін. Гэта або спецслужбы, якія займаліся выведкай і аналітычным рыхтаваннем вайны і абяцалі Пуціну трыумфавую аперацыю і хуткую перамогу. Але праваліліся. Або «другая армія свету» пад кіраўніцтвам Шайгу, якая мусіла забяспечыць Пуціну перамогу. Але аказалася папяровым тыграм і пацярпела катастрофу», – тлумачыць суразмоўца «The Moscow Times».

«Задача максімум – паставіць сваіх людзей і кантраляваць самае смачнае, тыя напрамкі, дзе ёсць вялікія бюджэты, – тлумачыць чыноўнік з расейскага ўраду. – Ці вы сур’ёзна лічыце, што нехта з іх у гэты момант думае пра спецаперацыю?»

Нагадаем, што ў расейскім Міністэрстве абароны апошнім месяцам пракацілася хваля гучных затрыманняў генералаў. Апошняе з іх здарылася 23 траўня: гэтым разам арыштавалі намесніка начальніка Генштабу Расеі генерала Вадзіма Шамарына.

23 красавіка стала вядома пра затрыманне намесніка міністра абароны Расеі Цімура Іванова, 13 траўня быў арыштаваны начальнік Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Юрый Кузняцоў. 17 траўня прыйшлі па былога камандуючага 58-й арміяй Паўднёвай вайсковай акругі Івана Папова. Усе арыштаваныя абвінавачваюцца ў карупцыі.

Агляд
Арыштаваныя чатыры генералы. Пра што сведчаць чысткі ў мінабароны РФ
2024.05.23 20:19

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў