Расейцы прасунуліся на ўсходзе Украіны. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 824-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ўкраінскай арміі аказваюць дапамогу параненаму вайскоўцу ў Данецкай вобласці, Украіна. 26 траўня 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах паселішча Лыпці і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і яго ваколіцаў – у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна.

Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што за содні Узброеныя сілы РФ на адным з участкаў каля Лыпцяў прасунуліся на адлегласць да 500 метраў.

Тым часам іншая прарасейская крыніца – ваенкар Сямён Пегаўгаворыць, што на абодвух участках істотных зменаў не адбылося, пры гэтым самыя баі набылі сустрэчны характар.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што ЗСУ выціснулі супраціўніка з асобных частак гораду.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Міністэрстве абароны РФ афіцыйна пацвердзілі ранейшыя паведамленні пра захоп паселішча Іванаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

Канал «Два майора» піша, што цяпер расейскія вайскоўцы пашыраюць зону кантролю на ўмоўнай лініі населеных пунктаў Катляраўка – Кіслоўка – Іванаўка.

Аналітыкі праекту «DeepState» адзначаюць, што расейцы прасунуліся і ніжэй на лініі сутыкнення ў паселішчы Бераставое, але поўны кантроль войскаў РФ над гэтым населеным пунктам не пацвярджаецца.

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь», якія пакуль фіксуе захоп толькі паловы Бераставога.

Нагадаем, раней расейскае камандаванне заявіла пра поўны кантроль над гэтым пунктам.

Таксама цягам апошніх содняў на купянскім і ліманскім кірунках расейскія вайскоўцы правялі шматлікія атакі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Стэпавая Навасёлаўка, Новаегораўка, Дружэлюбаўка, Грэкаўка, Нэўскае і Тэрны, але поспеху не дасягнулі. Разам з тым у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны адзначаюць, што ў ваколіцах Петрапаўлаўкі сітуацыя застаецца напружанай для сілаў абароны краіны.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што УС РФ занялі некалькі апорных пунктаў і прасунуліся да падножжа мелавога кар’еру ў Белагораўцы (на паўднёвым захадзе Луганскай вобласці). Сітуацыя для ЗСУ застаецца цяжкой.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» паведамляе, што адначасова з гэтым сілы РФ нанеслі флангавы ўдар па пазіцыях украінцаў у суседнім паселішчы Грыгораўка.

Генштаб ЗСУ адзначае, што таксама на сівэрскім кірунку непрыяцель цісне каля населеных пунктаў Спірнае і Выемка. Сітуацыя застаецца напружанай.

На краматорскім кірунку асноўная баявыя дзеянні лакалізуюцца ў горадзе Часаў Яр і яго ваколіцах, а таксама каля паселішчаў Іванаўскае і Клішчыеўка.

У «DeepState» фіксуюць прасоўванні войскаў РФ каля Часавага Яру.

Прарасейскі тэлеграм-канал «ВОИНЫ ВЕРХОВНОГО» паведамляе, што ў Іванаўскім пад кантролем ЗСУ застаецца некалькі значных пазіцыяў на захадзе паселішча. У гэты ж час Клішчыеўку расейцы кантралююць толькі на палову. Нагадаем, раней Мінабароны РФ заяўляла пра поўны кантроль над абодвума населенымі пунктамі.

Агляд
Беларусаў заклікалі служыць Расеі па кантракце. Шлюць ваяваць ва Украіну і назад не адпусцяць
2024.05.27 15:32

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку расейцы цалкам захапілі паселішча Нэтайлава, а таксама прасунуліся каля населеных пунктаў Сокіл, Ачэрэтына і Новааляксандраўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» ўдакладняе, што каля Ачэрэтына рух УС РФ адбыўся на ўчастку фронту шырынёй да 800 метраў на глыбіню да 550.

На курахаўскім кірунку, паводле Сямёна Пегава, УС РФ прасоўваюцца ў Краснагораўцы, у выніку чаго баі паступова змяшчаюцца ў цэнтральную частку гораду.

Між тым вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што ў Краснагораўцы, пасля захопу тэрыторыі мясцовай цагельні, расейцы так і не змаглі пераламаць сітуацыю на свой бок – баявыя дзеянні працягваюцца ў цэнтры і на ўсходзе гораду.

У «DeepState» адзначаюць, што ніжэй на лініі сутыкнення Узброеныя сілы РФ маюць поспехі каля населеных пунктаў Новаміхайлаўка і Салодкае.

Прарасейскі канал «НгП раZVедка» піша, што на гэтым жа ўчастку войскі РФ прасунуліся на адлегласць да 200 метраў у сяле Парасковіеўка, у выніку чаго пад іхным кантролем апынулася каля 55 % тэрыторыі населенага пункту.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на поўдні Данецкай вобласці, дзе яны ціснуць на так званым урэмаўскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Уражайнае і Старамаёрскае.

«Рыбарь» сцвярджае, што ў Старамаёрскім расейцы амаль дасягнулі паўночна-заходніх ускрайкаў паселішча. Адначасова з гэтым фіксуецца рух і ў цэнтральнай частцы населенага пункту.

Ва Уражайным УС РФ замацаваліся ў прыватнай забудове на паўднёвых ускрайках.

Таксама, паводле крыніцы, войскі РФ зачысцілі выступ паміж абодвума населенымі пунктамі ў рэчышчы ракі Мокрыя Ялы.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе фронту паміж паселішчамі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

У Херсонскай вобласці расейцы зноў атакавалі каля паселішча Крынкі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займанага плацдарму, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў