Па выбарах у Каардынацыйную раду назвалі няправільныя вынікі. Вось правільныя


Выбары ў Каардынацыйную раду прайшлі 25–27 траўня. Вынікі абвясцілі ў ноч на 28 траўня, але, як аказалася, з ненаўмыснаю тэхнічнаю памылкаю. На прэс-канферэнцыі ранкам 28 траўня абвясцілі правільныя.

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька і сябра Выбарчай камісіі Альвіна Мінгазава падчас прэс-канферэнцыі наконт вынікаў выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька растлумачыла на прэс-канферэнцыі, што пры размеркаванні мандатаў праз Excel-табліцу адбылася памылка ў формуле. Колькасць галасоў за спісы і агульная колькасць галасоў была правільная, але адзін мандат налічылі памылкова. Яе выявілі ў ноч на 28 траўня, калі рабілі дадатковую правяранне.

Спісам «Наша справа» і «Моладзевы наступ» спачатку налічылі па 7 мандатаў. Але пасля пераліку «Наша справа» атрымала 6 мандатаў, «Моладзевы наступ» – 8 мандатаў.

Такім чынам, замест Лізаветы Жучковай у КР трапляе Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

Сапраўдныя вынікі такія.

1. «Салідарнасць» – 104 галасы, 0 мандатаў.

2. «Воля» – 432 галасы, 6 мандатаў.

3. «Еўрапейскі выбар» – 605 галасоў, 8 мандатаў.

4. «Наша справа» – 489 галасоў, 6 мандатаў (а не 7).

5. «Закон і правапарадак» – знялі з выбараў да пачатку галасавання.

6. «Голас дыяспараў – Адзінства па-над межамі» – 184 галасы, 0 мандатаў.

7. «Незалежныя беларусы» – 616 галасоў, 8 мандатаў.

8. Блок Пракоп’ева – Ягорава – 1050 галасоў, 13 мандатаў.

9. Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» – 2358 галасоў, 28 мандатаў.

10. «Хопіць баяцца» – 226 галасоў, 3 мандаты.

11. «Краіна для жыцця» – 61 голас, 0 мандатаў.

12. «Моладзевы наступ» – 598 галасоў, 8 мандатаў (а не 7).

На выбарах свае галасы аддалі 6723 беларусы.

Выбары ў КР
Чаму за Каардынацыйную раду так мала прагаласавала? Тлумачыць Выбарчая камісія
2024.05.28 14:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў