Чаму за Каардынацыйную раду так мала прагаласавала? Тлумачыць Выбарчая камісія


Выбары ў Каардынацыйную раду прайшлі 25–27 траўня. Яўка склала ўсяго 6723 асобы, або 0,097 % патэнцыйна магчымых выбарнікаў. «Белсат» спытаў 28 траўня на прэс-канферэнцыі Выбарчай камісіі, чаму так сталася.

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька (злева) і сябра Выбарчай камісіі Альвіна Мінгазава (справа) падчас прэс-канферэнцыі аб выніках выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Пры пачатковым падліку галасоў на выбарах у Каардынацыйную раду дапусцілі тэхнічную памылку: няправільна налічылі адзін мандат. Галасы размяркоўвалі метадам Гэра – Німаера, але ў Excel-табліцы дапусцілі памылку ў формуле. Памылку заўважылі падчас пераправярання ў ноч на 28 траўня. Ранкам 28 траўня абвясцілі выпраўленыя вынікі.

Выбарчыя суб’екты могуць абскардзіць пастанову аб выніках выбараў да 30 траўня. Ці будзе нейкае ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў пераможцам, Выбарчая камісія не ведае: яе на такое не запрашалі, а мандат далі толькі на правядзенне выбараў.

Выбары ў КР
Па выбарах у Каардынацыйную раду назвалі няправільныя вынікі. Вось правільныя
2024.05.28 12:08

На «выбарах» у лукашэнкаўскую Палату прадстаўнікоў 25 лютага налічылі 6 912 221 зарэгістраванага выбарніка. Хоць даверу да вынікаў тых выбараў няма ніякага, колькасць беларусаў з выбарчым правам, імаверна, прыблізна такая. На выбарах у Каардынацыйную раду прагаласавалі ўсяго 6723 асобы. Значыць, менш за праміле ад усіх выбарнікаў.

Выбары ў Каардынацыйную раду цяжка назваць свабоднымі і справядлівымі, і віна ў гэтым не на арганізатарах. Мноства палітычных лідараў цяпер палітычныя вязні, за ўдзел у выбарах беларусам пагражаюць крымінальнай адказнасцю за «экстрэмізм». Падчас выбараў улады ладзілі DDoS-атаку на выбарчую сістэму, рассылалі падазроныя спасылкі, блакавалі VPN-сэрвісы.

Выбарнікаў прасілі паказаць пашпарты – і была хай зусім не вялікая, але не нулявая імавернасць, што ўлады змогуць узламаць сістэму. Дый нямала беларусаў не мелі на руках нават пратэрмінаваных пашпартоў: напрыклад, праз тое, што падалі заявы на міжнародную абарону і не здолелі забраць пашпарт з органаў выдачы дакументаў.

Абноўлена
«Кіберпартызаны» распавялі, як абыходзіць блакаванні інтэрнэту для ўдзелу ў выбарах у КР
2024.05.26 14:09

І ўсё ж, чаму так мала?

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька растлумачыла на прэс-канферэнцыі, што паводле крытэраў Выбарчай камісіі, выбары сапраўдныя, гэта «не гульня, не прафанацыя». Электаральная платформа спрацавала якасна адносна верыфікацыі выбарнікаў і абароны ад атак.

Што да малой колькасці выбарнікаў, гэта «іншыя вымярэнні» – сацыялагічныя і псіхалагічныя аспекты, працягнула старшыня Выбарчай камісіі:

«Гэтая яўка, я думаю, не была выкліканая тэхнічным бокам альбо тымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія мы давалі выбарнікам. Хутчэй, тут страх людзей, недавер. Можа, стомленасць, проста нежаданне».

Прыходзька дадала, што яўка адпавядае «рэалістычным чаканням» Выбарчай камісіі.

Адносна дзеянняў выбарчых спісаў у час выбараў старшыня камісіі пастанавіла «не пераходзіць на асобы». Але завочна адказала на закіды да арганізацыі выбараў: чула, напрыклад, як нізкую яўку тлумачылі тым, што Выбарчая камісія не дала галасаваць проста праз Telegram і такім чынам «сушыла яўку».

Старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька падчас прэс-канферэнцыі аб выніках выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 28 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Паважанае спадарства, той палітычны капітал, які вы маеце, – гэта і ёсць вашая каштоўнасць: тыя вашыя паплечнікі і людзі, якія за вамі ідуць, – казала Прыходзька. – Калі чалавек хоча прагаласаваць, мае такі намер і такую патрэбу, то яго нічым не „засушыш“. Ён знойдзе спосаб, было б жаданне гэта зрабіць.

Асабліва гэта датычыць тых, хто даўно ў палітыцы, але чамусьці думае, што Выбарчая камісія „засушыла“ яўку, а не тое, што яны 20 гадоў у палітыцы і за гэтыя 20 гадоў не напрацавалі сабе такога палітычнага капіталу, які мог бы сёння праявіцца ў рэальных галасах.

Яўка – не праблема Выбарчай камісіі. Цалкам ляжыць адказнасць на выбарчых суб’ектах, якія меліся прывабліваць сваіх выбарнікаў».

Меркаванні
Ці будзе Каардынацыйная рада рэпрэзентаваць усіх беларусаў?
2024.05.27 15:40

Пра што яшчэ казалі на прэс-канферэнцыі

267 галасоў сістэма «Veriff» вызначыла як рызыкоўныя. За найбліжэйшыя дні Выбарчая камісія чакае справаздачы пра нерэлевантныя галасы ад Паўла Лібера і каманды распрацоўнікаў галасавання.

Паводле Прыходзькі, гэтыя падазроныя галасы не паўплываюць на агульныя вынікі. Выбарчая камісія мела некалькі пратаколаў на розную колькасць падазроных галасоў: калі было б больш за 5 % рызыкоўных ад агульнай колькасці галасоў, то гэтыя галасы разбіралі б больш падрабязна. Але падазроных галасоў аказалася менш за 5 %.

З гэтых рызыкоўных частка галасоў – ад уладальнікаў пратэрмінаваных пашпартоў. Сістэма правярання пашпартоў вызначыла іх як рызыкоўныя аўтаматычна, але ж Выбарчая камісія адмыслова дазваляла галасаваць з пратэрмінаванымі пашпартамі (праз антыконсульскі ўказ нямала беларусаў не можа атрымаць дзейных пашпартоў). Гэтая частка рызыкоўных галасоў ужо залічаная.

Быў таксама невялікі адсотак рызыкоўных галасоў, якія сістэма палічыла спробамі прагаласаваць з:

  • ксеракопіяй пашпарта;
  • адным пашпартам двойчы;
  • пашпартам іншага чалавека;
  • падробленым дакументам.

Нават калі ўсе гэтыя рызыкоўныя галасы (мінус галасы з пратэрмінаваных пашпартоў) акажуцца несапраўднымі, на вынікі размеркавання мандатаў гэта ўжо не паўплывае.

Анамальнай актыўнасці ў галасаванні не назіралі. Калі не лічыць DDoS-атакі і блакавання VPN, спробаў паўплываць менавіта на размеркаванне галасоў не было, запэўніла Прыходзька. Былі паведамленні ад некаторых Telegram-каналаў і некаторых прадстаўнікоў выбарчых спісаў, што нібыта можна галасаваць паводле ксеракопіі пашпарта (мы правяралі, гэта не спрацавала б). Пасля гэтых паведамленняў павялічылася колькасць рызыкоўных галасоў са спробамі абысці сістэму правярання.

Але вялікага наплыву рызыкоўных галасоў не назіралі, галасаванне ішло «вельмі роўна» ўсе тры дні, запэўніла Прыходзька. Найчасцей было так: прыблізна адзін чалавек на тры хвіліны заходзіў у сістэму, ствараў бюлетэнь, цягам літаральна трох хвілінаў гэта ператваралася ў спраўджаны голас.

Архіўнае фота. Аляксандр Азараў на Вялікай палітычнай канферэнцыі аб выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Скаргі спісаў «Закон і правапарадак» і «Наша справа» адхілілі канчаткова.  Спіс «Закон і правапарадак» і ягоны лідар Аляксандр Азараў скардзіліся на адхіленне ад выбараў (за выкарыстанне Азаравым бота плану «Перамога» для агітацыі за свой спіс). Спіс «Наша справа» скардзіўся на гендарныя квоты: пасля таго як са спісу выйшла адна жанчына, давялося выключыць яшчэ двух мужчынаў. Скаргі былі разгледжаныя, іх адхілілі, бо не было падставаў мяняць рашэнняў. Гэта канчатковыя адказы, якія ўжо нельга абскардзіць.

Чакаюць таксама рапарт ад каманды міжнародных назіральнікаў. Прыходзька спадзяецца, што рапарт атрымаюць да 10 чэрвеня.

Выбары ў КР
«Рэжым бачыць пагрозу сваёй злачыннай уладзе». Ціханоўская – пра выбары ў Каардынацыйную раду
2024.05.25 14:55

Якія вынікі

Вынікі выбараў агучылі такія (з выпраўленнем пасля тэхнічнай памылкі).

1. «Салідарнасць» – 104 галасы, 0 мандатаў.

2. «Воля» – 432 галасы, 6 мандатаў.

3. «Еўрапейскі выбар» – 605 галасоў, 8 мандатаў.

4. «Наша справа» – 489 галасоў, 6 мандатаў.

5. «Закон і правапарадак» – знялі з выбараў да пачатку галасавання.

6. «Голас дыяспараў – Адзінства па-над межамі» – 184 галасы, 0 мандатаў.

7. «Незалежныя беларусы» – 616 галасоў, 8 мандатаў.

8. Блок Пракоп’ева – Ягорава – 1050 галасоў, 13 мандатаў.

9. Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» – 2358 галасоў, 28 мандатаў.

10. «Хопіць баяцца» – 226 галасоў, 3 мандаты.

11. «Краіна для жыцця» – 61 голас, 0 мандатаў.

12. «Моладзевы наступ» – 598 галасоў, 8 мандатаў.

На выбарах свае галасы аддалі 6723 беларусы.

Выбары ў КР
Дэбаты да выбараў у Каардынацыйную раду. Відэа і тэкставы пераказ
2024.05.24 20:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў