Беларуску не ўпусцілі ў Грузію пасля візарану, сказалі – вяртайцеся ў Беларусь


Грамадзянка Беларусі не змагла вярнуцца ў Грузію з Турцыі, куды ненадоўга выязджала з мэтай візарану – абнулення тэрміну бесперапыннага перабывання ў краіне. Грузінскія памежнікі не далі жанчыне заехаць ізноў, піша «Позірк» са спасылкай на праваабаронцу, намесніка старшыні «Беларускай дыяспары Аджарыі» Рамана Кісляка.

Сарпі. Турэцка-грузінская мяжа. Менавіта на гэтым прапускным пункце адбываецца большасць выпадкаў, калі беларусаў не пускаюць у Грузію.
Фота: interpressnews.ge

Беларуска, імя якой не называецца з меркаванняў бяспекі, пражывала ў Грузіі з лета 2023 года, прымала ўдзел у дзейнасці беларускай дыяспары.

«Памежнікі сказалі: «Вы не можаце быць на тэрыторыі Грузіі, вяртайцеся ў Беларусь». Але дзяўчына баіцца на радзіме пераследу. І гэтая рызыка сапраўды сур’ёзная», – перадае «Позірк» словы Рамана Кісляка.

Беларуска зрабіла яшчэ адну спробу вярнуцца ў Грузію, папрасіўшы на мяжы прытулку, аднак, кажа праваабаронца, ёй ізноў адмовілі.

«Памежнікі заявілі, што яна не мае права прасіць прытулку. Чатыры працаўнікі вывелі яе на тэрыторыю Турцыі», – дадаў ён.

Чаму жанчыну не пусцілі ў Грузію – невядома, у дакуменце, які ёй выдалі памежнікі, пазначаная «іншыя прычыны».

Аналітыка
41 прашэнне і ніводнага адабрэння. Чаму Грузія не дае беларусам прытулак і ці дапамогуць дэмсілы?
2024.04.10 06:00

Паводле дадзеных Кісляка, з леташняй восені гэта першы выпадак, калі грамадзяніна Беларусі не пускаюць у Грузію.

«Лічу, тут груба парушаная Канвенцыя аб статусе ўцекача. Мы арганізуем заўтра пікет з патрабаваннем да Дэпартаменту міграцыі МУС і ўраду Грузіі вярнуцца ў прававое поле. Мусіць быць забяспечаная магчымасць уваходжання ў працэдуру ўсім, хто просіць прытулку», – падкрэсліў праваабаронца.

У пікеце таксама будзе ўдзельнічаць спартоўка, чэмпіёнка свету па тайскім боксе і палітэмігрантка Марына Зялёная. Раней яны з Раманам звярнуліся да ўладаў Грузіі з хадайніцтвам наконт прытулку, а таксама правялі пікет ля Дэпартаменту міграцыі з нагоды перавышэння тэрмінаў разгляду прашэнняў наконт міжнароднай абароны (паводле закону, гэты тэрмін складае максімальна 21 месяц, але ёсць некалькі выпадкаў, калі заявы беларусаў разглядаюцца даўжэй).

Кісляк заклікае далучыцца да акцыі актывістаў беларускай дыяспары. Акрамя гэтага, ён мае намер апратэставаць такія дзеянні памежнікаў у Дэпартаменце міграцыі, а таксама звярнуцца да грузінскіх праваабаронцаў.

На думку Кісляка, адмова пусціць беларуску ў Грузію можа быць звязаная з прыняццем у гэтай краіне закону «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» і масавымі пратэстамі, што трываюць ужо паўтара месяца.

Hавiны
Беларусы пікетуюць МУС Грузіі праз вельмі доўгі разгляд прашэнняў аб прытулку
2024.05.24 13:06

У красавіку 2023 года грузінскія памежнікі не пусцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў змушаны з сямʼёй зʼехаць у Польшчу.

Грузія стала адной з краінаў, куды выязджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў. Там можна заставацца 364 дні цягам года, віза не патрэбная. Паводле звестак Нацыянальнай адміністрацыі турызму, у студзені – сакавіку 2024 года Грузію наведалі 17 236 грамадзянаў Беларусі – на 6,3 % менш, чым у першым квартале 2023 года (18 400).

У пачатку 2024 года паведамлялася, што за мінулы год колькасць грамадзянаў Беларусі, якія перабываюць у Грузіі, зменшылася на 1999, або на 15 % (на 1 студзеня 2023 года ў Грузіі пражываў 13 361 беларускі грамадзянін).

У першым квартале 2024 года 9 грамадзянаў Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулак.

Раней Кісляк паведаміў, што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў звярталіся» па адпаведны статус у гэтай краіне.

«За гэты час ніводнага статусу беларусам не прадстаўлена: ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу», – падкрэсліў праваабаронца.

Аналітыка
Пад удар трапяць найперш НДА. Як закон «аб замежных агентах» у Грузіі паўплывае на беларусаў?
2024.05.25 07:17

Калі вы ў Грузіі і збіраецеся рабіць візаран, варта падрыхтавацца: зарадзіце вашую тэхніку, вазьміце з сабой паўэрбанк і нейкую суму грошай, прыводзіць парады Рамана Кісляка «Наша Ніва».

«У крызіснай сітуацыі я раю пісаць у чаты беларусаў Грузіі – гэта «Беларусы Батумі» і «Беларусы ў Грузіі». Там напэўна будуць людзі, якія звяжуць вас з праваабаронцамі. Бо нам дапамагаюць і грузінскія арганізацыі. Прынамсі пакуль што грузінскія праваабарончыя механізмы працуюць, – кажа праваабаронца. – Асобна зазначу, што калі вы вырашылі прасіць статус уцекача, то важна гэта нейкім чынам зафіксаваць – гукам або відэа. Бо здараюцца сітуацыі, калі памежнікі кажуць, што вы не звярталіся па такі статус, і ў вас не будзе магчымасці гэта зняпраўдзіць».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў