Чэмпіянат свету па хакеі: новы рэкорд наведвальнасці

Чэмпіянат свету па хакеі з шайбаю – 2024 у Чэхіі стаўся найбольш папулярным у заўзятараў за ўсю гісторыю. А Менск-2014 такім чынам вываліўся з тройкі самых наведвальных планетарных хакейных форумаў.

Чэшскія заўзятары святкуюць гол падчас фінальнага матчу чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю – 2024 паміж Швейцарыяй і Чэхіяй, які паказваўся на вялікім экране на Старамнесцкай плошчы ў Празе, Чэхія. 26 траўня 2024 года.
Фота: Tomas Tkacik / Zuma Press / Forum

Толькі адзін сезон Беларусь трымала лідарства ў колькасці заўзятарскай цікавасці на «Менск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне» з агульным лікам наведнікаў 640 043 аматары спорту (у сярэднім крыху больш за 10 000 заўзятараў на гульні). Дзесяць гадоў таму, паводле тагачаснага кіраўніка Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь Яўгена Ворсіна, краіна зарабіла € 14 млн (хаця разлічвала ўсяго на € 1 млн). Але ўжо ў 2015-м больш як 100 000 заўзятараў (741 690) сталіся жывымі сведкамі чэшскага чэмпіянату свету. А ў 2017-м Беларусь пасунулася яшчэ ніжэй, калі на турнір у Нямеччыне і Францыі квіткі агулам купілі 686 391 аматар хакею. Нарэшце ў сёлетнім траўні Прага і Острава на тых жа арэнах, якія прымалі планетарнае першынство ў 2015-м, паднялі планку да амаль 800 тысяч наведнікаў (797 727) і ўпершыню сярэдняя колькасць гледачоў на гульні перавысіла 12 тысячаў (12 464).

«Гэта фантастыка, – сказаў на выніковай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Люк Тардыф. – І вялікая заслуга арганізатараў турніру, што стварылі адпаведную атмасферу. Як вынік – рэкордная наведвальнасць».

Улічваючы, што мэтаю маёй камандзіроўкі на сусветны хакейны форум было вялізнае жаданне паразмаўляць са спадаром Тардыфам і выказаць яму падзяку за ягоную жорсткую пазіцыю наконт Беларусі і Расеі, чакаў разам з шмат якімі журналістамі прэзідэнта МФХ і пасля прэс-канферэнцыі. І назіраючы за тым, як ён гутарыць з людзьмі, у мяне склаўся псіхалагічны партрэт былога французскага хакеіста канадскага паходжання: вельмі ветлівы да кожнага, вытрыманы і абавязкова даводзіць сваю думку да канца, нават калі пытанні ад журналістаў паўтараюцца.

Адзінае, чаго мне не ўдалося, – гэта зрабіць здымку са спадаром Тардыфам. Я сумленна прызнаўся, што з Беларусі, але, як гаворыцца, хто мяне за язык цягнуў. Спадар Люк крыху сумеўся і грунтоўна патлумачыў, што, не ведаючы, як я буду выкарыстоўваць гэтае фота, ён не хацеў бы, каб ягонае імя (прынамсі пакуль) неяк асацыявалася з нашаю краінаю. Бо пасля «вялікага сябра Беларусі і Лукашэнкі» Рэнэ Фазэля ён не бачыць сябе далучаным да нашай дзяржавы хоць нейкім чынам, што магло б быць расцэнена неадназначна. Паціснулі адзін аднаму руку, паўсміхаліся, коратка перакінуўшыся фразамі, і развіталіся. Магчыма, да наступнага чэмпіянату свету, які праз год прымуць шведскі Стакгольм і дацкі Гэрнінг, але ёсць варыянт, што і да алімпійскай кваліфікацыі, куды, як вядома, не трапіла Беларусь, але згуляе Украіна. Фінальныя этапы пройдуць з 29 жніўня да 1 верасня гэтага года ў славацкай Браціславе, латышскай Рызе і дацкім Ольбары. Хацелася б паспець усюды.

Што датычыць зборных Беларусі і Расеі, то, падаецца, пра іх сталі ўжо забывацца. Асабліва, калі такою колькасцю неспадзяванак адзначыўся сёлетні чэмпіянат свету. Спачатку расейцы, алімпійскія чэмпіёны Барыс Маёраў, Кажэўнікаў ды іншыя) паказальна адмаўляліся глядзець чэмпіянат свету, бо «без Расеі там і так не будзе ні глядацкага інтарэсу, ні належнага ўзроўню», то пры канцы турніру знакаміты нападнік зборнай СССР Аляксандр Мальцаў выказаў усё ж больш адэкватную думку: з такім узроўнем – не факт, што Расея прабілася б і ў паўфінал. А я б дадаў, што далёка не факт, што зборная Беларусі магла б адолець нават каманду Польшчы, якая вярнулася ў эліту праз 22 гады, але як забегала! Наколькі ўзняў яе агульны ўзровень славацкі трэнер. І каб больш майстравітасці ў гульні пры колькаснай перавазе, каб выгоднейшай у параўнанні з іншымі ўдзельнікамі свежасці (а палякі мелі самы высокі сярэдні век сярод іншых камандаў на турніры), то здолелі б бела-чырвоныя перагуляць Казахстан у апошнім матчы і не вылецець ізноў у першы дывізіён. А Аўстрыя, што ўсур’ёз напружыла самую Канаду? Ці казаць ужо пра Швейцарыю, якая ледзь не выгуляла свой першы сусветны хакейны чэмпіянат. Але ўсё ж справядліва, што залатымі сталіся гаспадары – чэхі. Беларусам адназначна прыйшлося б цяпер значна цяжэй, чымся ўва ўсе папярэднія гады свайго ўдзелу ў такіх хакейных форумах.

Фінальны матч чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю – 2024 паміж Чэхіяй і Швейцарыяй. Прага, Чэхія. 26 траўня 2024 года.
Фота: Grzegorz Wajda / Zuma Press / Forum

Дарэчы, хатнімі чэмпіёнамі зборныя робяцца вельмі рэдка. Толькі два гады таму чэмпіянат свету выгуляла Фінляндыя, у 2013-м – Швецыя, якая праводзіла турнір на пару з фінамі, а Чэхія ўвогуле перамагала ўдома дасюль толькі ў 1985 годзе, калі зборная яшчэ называлася Чэхаславаччынаю.

На прэс-канферэнцыі Люк Тардыф хваліўся тым, што на спаборніцтвах было такое падтрыманне і прапанаваў разглядзець магчымасць больш частага правядзення турніраў такога ўзроўню менавіта ў Чэхіі.

Дарэчы, пра Расею і менш пра Беларусь згадвалі на той жа выніковай прэс-канферэнцыі ўпершыню за ўвесь чэмпіянат. Але, вядома, не спартоўцы, а журналісты, якім заўсёды хочацца падняць тыраж і прагляды тэмамі, якія яшчэ цепляцца. Калі ж, маўляў, вернуць у абойму прадстаўнікоў краінаў, што здзейснілі ваеннае ўварванне ва Украіну? І кім замяніць у супрацьлеглым выпадку Расею на італьянскай Алімпіядзе? Люк Тардыф не змяніў сваіх пастулатаў ні на ёту: па-першае (і гэта як мінімум), мусіць скончыцца вайна, і па-другое, калі расейцы навядуць парадак у сваёй хакейнай гаспадарцы. Супярэчнае трансферным правілам падпісанне брамніка Івана Фядотава, якое выйшла бокам і самому гульцу (двухэтапная дыскваліфікацыя і адхіленне ад удзелу ўва ўсіх спаборніцтвах на тры гады), і клубу ЦСКА, які яго выхапіў пасля службы ў войску з ужо падпісаным раней кантрактам з клубам НХЛ), і Федэрацыі хакею Расеі, на якую накладзены штраф мільён франкаў, – доказ таму, што расейцы пакуль невыпраўляльныя. Пра Беларусь казалі значна менш, хаця з таго, што пачуў, можна зрабіць агульную выснову такую: беларускі хакей не вернецца ў сусветную эліту, пакуль у краіне не зменіцца ўрад. І даволі негатыўнае стаўленне Люка Тардыфа да ягонага папярэдніка (Рэнэ Фазэля, сябра Пуціна і Лукашэнкі), яскрава падкрэслівае, што Міжнародная федэрацыя хакею больш ніколі не хоча адмяняць альбо пераносіць у іншую краіну чэмпіянатаў свету праз палітычныя матывы, ці, калі афіцыйна, з прычынаў бяспекі для ўсіх удзельнікаў. Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі прэзідэнт МФХ, 27 гадоў ва ўладзе папярэдняга кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакею нязменна прывяло б да негатыўных наступстваў. «І мы, – сказаў Люк Тардыф, – больш ніколі не хочам падобнага дапускаць».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў