Салідарнасць без прарыву. Што азначаюць для Украіны вынікі саміту міру


У Швейцарыі 15–16 чэрвеня адбыўся першы саміт міру, прысвечаны пошуку шляхоў завяршэння вайны ва Украіне. У сустрэчы прынялі ўдзел дэлегацыі з 92 краінаў і васьмі міжнародных арганізацыяў – большасць з іх падпісала фінальнае камюніке, што прасоўваў афіцыйны Кіеў. Belsat.eu падсумоўвае вынікі саміту і тлумачыць, чаму яны выглядаюць неадназначна.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы са старшынём Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем у апошні дзень саміту ў пытаннях міру ва Украіне. Бюргеншток (Bürgenstock), Швейцарыя. 16 чэрвеня 2024 года.
Фота: Alessandro Della Valle / Pool / AFP / East News

Поспех салідарнасці

Саміт у Швейцарыі ад самога пачатку ставіў перад сабой абмежаваныя задачы. Напярэдадні ў Кіеве і на Захадзе асцярожна казалі пра «першыя крокі», пачатак пошуку шляхоў да міру і г. д. Канкрэтныя ўмовы завяршэння вайны абмяркоўваць у прынцыпе не планавалася.

Хаця саміт быў ініцыяваны прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім з мэтай аб’яднання міжнароднай супольнасці вакол украінскай формулы міру, на абмеркаванне былі вынесеныя толькі 3 з 10 яе пунктаў: ядравая бяспека, сусветная харчовая бяспека і абмен ваеннапалоннымі. Украінскі бок спецыяльна ўключыў у парадак дня найбольш нейтральныя пытанні, каб максімальна пашырыць кола ўдзельнікаў форуму і падпісантаў дэкларацыі.

У выніку фінальнае камюніке падпісалі 80 дзяржаваў (паводле іншых звестак – 78) і чатыры арганізацыі – пераважная большасць, але ўсё-такі не ўсе, хто прыехаў на форум. Змест дакументу можна лічыць поспехам Кіева: з улікам апрыёры абмежаванай тэматыкі быў узгоднены адзін з найлепшых для Украіны варыянтаў. Як піша «Європейська правда», у некаторых пунктах украінскія фармулёўкі былі прынятыя цалкам, без правак.

У першым абзацы падпісанты камюніке выказваюць сваё падтрыманне базавых рэзалюцыяў Генеральнай асамблеі ААН адносна расейскай агрэсіі супраць Украіны – A/RES/ES-11/1 ад 02.03.2022 і A/RES/ES-11/6 ад 23.02.2023. У гэтых рэзалюцыях, нагадаем, асуджаецца расейскае ўварванне і гучыць заклік да поўнага вываду войскаў РФ з тэрыторыі Украіны. Такім чынам, хоць у самім камюніке словаў «агрэсія», «уварванне» або «вывад войскаў» няма, праз спасылкі на рэзалюцыі ААН ацэнка дзеянням Расеі даецца абсалютна адназначная. У дакуменце пацвярджаецца прыхільнасць да прынцыпу тэрытарыяльнай цэласці Украіны ў міжнародна прызнаных межах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У цэнтры Кіева адбылася акцыя «Не маўчы. Палон забівае» ў падтрыманне палонных абаронцаў «Азоўсталі», ваеннапалонных з іншых кірункаў і мірных закладнікаў. Кіеў, Украіна. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Усе тры пункты ўкраінскай формулы міру, вынесеныя на разгляд, атрымалі падтрыманне. Па-першае, у дакуменце падкрэсліваецца, што любыя пагрозы выкарыстання ядравай зброі ў кантэксце вайны ва Украіне лічацца недапушчальнымі, а Запарожскую АЭС мае кантраляваць украінскі бок. Па-другое, заяўляецца, што Украіна мусіць мець магчымасць бяспечна і свабодна прадаваць харчовую прадукцыю трэцім краінам, а любыя перашкоды на гэтым шляху (удары ў партовую інфраструктуру, напады на гандлёвыя караблі і г. д.) непрымальныя. Па-трэцяе, усе ваеннапалонныя мусяць быць вызваленыя, а ўсе дэпартаваныя і незаконна перамешчаныя цывільныя асобы – вернутыя ва Украіну.

Падтрымаў камюніке ў тым ліку шэраг дзяржаваў, якія захоўваюць добрыя стасункі з Расеяй: Вугоршчына, Турцыя і Сербія.

«Для Кіева мірная канферэнцыя зрабілася крокам да стварэння кааліцыі пасярэднікаў, каб дапамагчы распрацаваць платформу для супрацьстаяння Маскве з пазіцыі сілы», – канстатуе выданне «Politico».

Прарыву не адбылося

Расея прыклала шмат намаганняў, каб форум быў правальным для Украіны. Масква адкрыта заклікала «сусветную большасць» не ўдзельнічаць у саміце ў Швейцарыі, а на некаторыя краіны, імаверна, негалосна ціснула. Таксама напярэдадні саміту, каб перахапіць інфармацыйны парадак дня, Уладзімір Пуцін выступіў з так званымі мірнымі прапановамі.

Сарваць саміт не атрымалася: у швейцарскай сустрэчы ўзяла ўдзел амаль палова ўсіх краінаў свету. Разам з тым, Украіна не здолела развязаць галоўную задачу – уцягнуць у мірны працэс Кітай і краіны глабальнага Поўдня. Толькі ў гэтым выпадку можна было б казаць пра істотнае пашырэнне міжнароднай салідарнасці з Украінай і ўзмацненне палітычнай ізаляцыі Крамля.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае на прэс-канферэнцыі на саміце міру. Оббюрген (Obbürgen), Швейцарыя. 16 чэрвеня 2024 года.
Фота: Laurent Cipriani / AP Photo / East News

Кітай – безумоўна, самы жаданы для Украіны госць на форуме – адмовіўся накіраваць дэлегацыю ў Швейцарыю, спаслаўшыся на няўдзел у саміце Расеі. Дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі ЗША Джэйк Саліван заявіў, што Кітай прыняў адпаведную пастанову на просьбу Расеі. Больш за тое, паводле Зяленскага, Кітай спрабаваў адгаварыць ад удзелу ў саміце міру трэція краіны – імаверна, краіны глабальнага Поўдня, на якія Пекін мае вялікі ўплыў і якія імкнецца аб’яднаць пад сваім крылом.

Нельга сказаць, што глабальны Поўдзень сабатаваў саміт: шэраг краінаў усё-такі ўзялі ўдзел у форуме, некаторыя нават падтрымалі фінальную дэкларацыю (Аргентына, Чылі, Уругвай, Катар, Гана ды інш.). Аднак прарыву ў гэтым кірунку не адбылося. Украіна не здолела перацягнуць на свой бок шэраг ключавых гульцоў глабальнага Поўдня. Саудаўская Аравія, Індыя, Бразілія, ААЭ, ПАР, Мексіка, Інданезія і Тайланд адмовіліся далучацца да камюніке.

«На нашую думку, толькі тыя варыянты, якія будуць прымальнымі для абодвух бакоў, могуць прывесці да трывалага міру», – патлумачылі ў МЗС Індыі пастанову не падпісваць дакумент.

«Заяўка Украіны на падтрыманне глабальнага Поўдня правалілася», – з такім загалоўкам выйшаў артыкул «Bloomberg», прысвечаны вынікам швейцарскага саміту. З гэтай жорсткай ацэнкай цяжка не пагадзіцца. Збольшага, у расстаноўцы сілаў на міжнароднай арэне захаваўся статус-кво. Украіну падтрымалі Захад і тыя краіны свету, якія ў той ці іншай ступені арыентуюцца на палітыку ЗША і ЕЗ. А дзяржавы, што не хочуць сварыцца з Пуціным і інакш глядзяць на канфлікт ва Украіне, засталіся на ранейшых пазіцыях. Фактычна ніхто не перакінуўся з аднаго лагеру ў другі. Выданне «Politico» канстатавала, што над самітам навіс «прывід Расеі»: уплыў Расеі ўсё яшчэ застаецца моцным і шмат якія краіны па-ранейшаму спрабуюць балансаваць.

Кіраўнікі дзяржаваў пазіруюць для групавога фота падчас саміту міру. Штансштад (Stansstad), Швейцарыя. 15 чэрвеня 2024 года.
Фота: Alessandro Della Vallee / Reuters / Forum

Што тычыцца пазіцыі Пекіну, то тут можна заўважыць пэўныя негатыўныя тэндэнцыі для Украіны. Наўрад ці хтосьці ўсур’ёз разлічваў, што лідар КНР Сі Цзінь Пін прыедзе ў Швейцарыю і падтрымае агульную дэкларацыю. Аднак Сі прынамсі мог даслаць свайго прадстаўніка, які ўзяў бы удзел у абмеркаванні (як зрабілі бразільцы ці саўдзіты). Летась адмысловы прадстаўнік кітайскага ўраду ў пытаннях Еўразіі Лі Хуэй браў удзел у канферэнцыі ў Джыдзе, якая была адным з этапаў на шляху да форуму ў Швейцарыі, – там украінская формула міру таксама абмяркоўвалася без удзелу РФ. Аднак Пекін пастанавіў цалкам праігнараваць падзею.

Чаго чакаць далей?

На выніковай прэс-канферэнцыі Зяленскі зазначыў, што «мірныя прапановы» Пуціна, у якіх ён запатрабаваў аддаць Расеі чатыры рэгіёны Украіны, была вялікай памылкай расейскага лідара.

«Тут, за кулісамі, амаль усе казалі, што адным гэтым мэсіджам Пуцін перадаў усяму свету, што ўсё, што ён да гэтага казаў пра жаданне скончыць вайну, памножанае на нуль. Пра гэта казалі ўсе краіны, нават тыя, якія маюць іншы погляд ці мелі. І гэта таксама вялікі поспех. Часам памылкі ворага – гэта таксама поспех», – рэзюмаваў прэзідэнт Украіны.

Цяжка сказаць, ці сапраўды заява Пуціна паўплывала на вынікі саміту ў Швейцарыі. Але цяпер на дыпламатычным полі ініцыятывай валодае Украіна. З аднаго боку, ёсць дэкларацыя пра тое, што вайна мусіць быць завершаная на падставе прынцыпаў статуту ААН і павагі да тэрытарыяльнай цэласці Украіны, – гэтую пазіцыю падтрымала амаль палова краінаў свету. З іншага боку, ёсць заява Пуціна, якая дэ-факта патрабуе капітуляцыі Украіны – гэтую пазіцыю цяпер наўрад ці хтосьці наважыцца адкрыта падтрымаць (хіба што яўныя ізгоі кшталту Аляксандра Лукашэнкі, Башара Асада і Кім Чэн Ына).

Цяпер абмяркоўваецца магчымасць правядзення новага саміту. Міністр замежных справаў Швейцарыі Ігнац’ё Кассіс заявіў, што другі саміт міру можа адбыцца яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША (яны запланаваныя на лістапад 2024 года). Мяркуецца, што на другі саміт можа быць запрошаная Расея. Паводле старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен, умовай удзелу мусіць быць прыхільнасць Масквы да статуту ААН. Як зазначыў Зяленскі, калі Расея пагодзіцца ўзяць удзел у другім саміце, то «гэта будзе гаварыць аб тым, што яны жадаюць міру, яны надумалі скончыць вайну». «Не хачу гуляць словамі: надумалі яны ці іх прымусіў свет… Для нас важны вынік – заканчэнне гэтай вайны», – зазначыў прэзідэнт Украіны.

Праўда, пакуль нішто не паказвае на тое, што ў Масквы найбліжэйшым часам гэтае жаданне з’явіцца. Каб сітуацыя прынцыпова змянілася, Украіна мусіць перахапіць ініцыятыву не толькі на дыпламатычным полі, але і на полі бою. Без поспехаў ЗСУ на фронце наўрад ці можна разлічваць не толькі на гатовасць Расеі да перамоваў, але і на змену пазіцыі КНР і краінаў глабальнага Поўдня.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў