Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?


Перадумовы да пачатку мірных перагавораў паміж Украінай і Расеяй на гэты момант адсутнічаюць: цяпер абодва бакі разлічваюць дамагчыся вызначальнай перавагі на полі бою. Аднак калі расклад сілаў на фронце зменіцца і з’явіцца шанец на завяршэнне вайны, Кіеву будзе важна мець максімальна шырокае міжнароднае падтрыманне, каб адстойваць свае ўмовы міру. Падчас нядаўняга саміту ў Джыдзе Украіна, імаверна, зрабіла важны крок у гэтым кірунку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі з больш як 40 краінаў, у тым ліку Кітаю, Індыі ды ЗША, падчас перамоваў у Джыдзе, Саудаўская Аравія. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Saudi Press Agency / Reuters / Forum

5–6 жніўня ў Джыдзе (Саудаўскай Аравія) прайшлі кансультацыі пра мірнае ўрэгуляванне вайны ва Украіне, у якіх узялі ўдзел 42 краіны свету. Пры гэтым Расея на канферэнцыю запрошаная не была, бо абмяркоўвалася формула міру Уладзіміра Зяленскага – яе Крэмль катэгарычна не прымае.

Украінская формула міру складаецца з 10 пунктаў, якія залучаюць забеспячэнне радыяцыйнай, ядравай, харчовай энергетычнай бяспекі, а таксама супрацьдзеянне экацыду. Аднак ключавыя ў гэтай формуле патрабаванні поўнага вываду расейскіх войскаў з Украіны і аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці ў межах 1991 года, прыцягненне да адказнасці вінаватых у агрэсіі ды кампенсацыя шкоды, а таксама гарантыі бяспекі для Украіны дзеля перадухілення новай агрэсіі. Вынікі канфлікту мусяць быць замацаваныя на мірнай канферэнцыі з удзелам шырокага кола зацікаўленых дзяржаваў.

Тое, што 42 краіны абмяркоўвалі ўкраінскую формулу міру, зусім не значыць, што яны ўсе з ёю згодныя. Кіраўнік Офісу прэзідэнту Украіны Андрэй Ермак прызнаў, што не ўдалося дасягнуць поўнага кансэнсусу ўва ўсіх 10 пунктах, кансультацыі працягнуцца. Аднак у параўнанні з папярэднім аналагічным самітам у Капэнгагене, які адбыўся 24 чэрвеня, у Джыдзе назначыліся пазітыўныя для Украіны зрухі.

Найперш гэта выяўляецца ў спісе ўдзельнікаў: у Даніі сабраліся 14 краінаў, а ў Саудаўскай Аравіі – 42. Аднак самае галоўнае, што ў Джыдзе, у адрозненне ад Капэнгагену, быў рэпрэзентаваны Кітай – у перамовах браў удзел адмысловы прадстаўнік кітайскага ўраду ў пытаннях Еўразіі Лі Хуэй.

Кітай дыстанцыюецца ад Расеі

Афіцыйная пазіцыя Пекіну адносна вайны ва Украіне – нейтралітэт. У сваіх публічных заявах прадстаўнікі афіцыйнага Пекіну заўсёды выступалі «за мір і супраць вайны», не ставілі пад сумнеў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, але палітыку Крамля не асуджалі і не называлі агрэсію агрэсіяй. На Захадзе нейтралітэт Пекіну лічылі прарасейскім: кітайцаў вінавацілі ў эканамічнай дапамозе Расеі і пастаўках тавараў падвойнага прызначэння. У пачатку 2023 года ЗША пачалі турбавацца, што Кітай неўзабаве можа пачаць пастаўляць РФ зброю і боепрыпасы.

Аднак увесну пачала назірацца супрацьлеглая тэндэнцыя. У канцы лютага Кітай апублікаваў сваю формулу міру з 12 пунктаў. Пекін прапаноўваў замарозіць канфлікт без папярэдніх умоваў. Пра вывад расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторыяў і нават аб прызнанні гэтых тэрыторыяў акупаванымі ў дакуменце нічога не гаворыцца. Такі падыход прынцыпова несумяшчальны з украінскаю формулаю міру. Праўда, жаданню Масквы легалізаваць анексію новых тэрыторыяў кітайскі план таксама не адпавядаў.

Каментар
Роза Турарбекава: Кітай робіць сваю пазіцыю ў дачыненні Масквы больш жорсткаю
2023.04.06 00:07

Кітайскія 12 пунктаў былі не проста фармальнаю дэкларацыяй. Мяркуючы па ўсім, Сі Цзінь Пін разлічвае пры дапамозе гэтай ініцыятывы ўмацаваць пазіцыі Кітаю на міжнароднай арэне, павялічыць аўтарытэт Пекіну ў нейтральных дзяржаваў глабальнага Поўдня. А каб да міратворчых намаганняў КНР у свеце ставіліся сур’ёзна, трэба дыстанцыявацца ад Крамля.

Адпаведныя сігналы можна было заўважыць ужо ўвесну. У пачатку красавіка непрыемныя для Расеі выказванні прагучалі з боку амбасадара КНР Фу Цуна, які між іншага падкрэсліў, што заявы пра «бязмежнае сяброўства» між Кітаем і Расеяй – гэта проста рыторыка. А ў канцы красавіка дэлегацыя КНР у ААН упершыню прагаласавала за рэзалюцыю, у якой РФ названая агрэсарам у вайне з Украінаю.

Аналітыка
Сі больш не «дарагі сябар» Пуціна? Што азначаюць нечаканыя вынікі галасавання ў ААН
2023.05.03 07:00

Пастанова Кітаю ўзяць удзел у кансультацыях у Джыдзе даказвае, што красавіцкія сігналы не былі выпадковасцю. Пагадзіўшыся абмяркоўваць украінскую формулу міру, Пекін паказаў, што ўплыў на краіны глабальнага Поўдня (якія перамовы ў Джыдзе падтрымалі) важней за «бязмежнае сяброўства» з РФ.

У МЗС Украіны назвалі ўдзел КНР у перамовах «значным прарывам», у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША расцанілі яго як «прадуктыўны». Паводле газеты Financial Times, еўрапейскія чыноўнікі таксама палічылі канструктыўнаю пазіцыю прадстаўніка Кітаю ды адзначылі, што Пекін прадэманстраваў гатовасць і надалей браць удзел у перамовах наконт урэгулявання ва Украіне. Суразмоўцы выдання кажуць, што адна толькі прысутнасць на саміце Кітаю «паказвае, што Расея ўсё больш і больш ізалюецца».

У наступныя пасля саміту дні падставаў для такіх сцвярджэнняў стала яшчэ больш. У МЗС Кітаю заявілі, што перамовы ў Саудаўскай Аравіі «дапамаглі ўмацаваць міжнародны кансэнсус», а ў Маскве, наадварот, палічылі, што перамовы ў такім фармаце «не маюць найменшай дададзенай вартасці». 7 жніўня міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў і кіраўнік канцылярыі ў замежных справах ЦК Кампартыі Ўан І правялі тэлефонныя перамовы, у якіх эксперты Інстытуту вывучэння вайны заўважылі сімптомы таго, што пазіцыі Масквы і Пекіну наконт Украіны ўсё больш разыходзяцца. Прааналізаваўшы прэс-рэлізы ведамстваў, у ISW прыйшлі да высновы, што Крэмль не задаволены пазіцыяй КНР.

Разам з тым, пра поўную змену пазіцыі КНР казаць не выпадае. Кітай па-ранейшаму не хоча разгрому РФ і таму дакладна не будзе прасоўваць украінскай формулу міру. Аднак і аказацца разам з Расеяй у ізаляцыі Пекін таксама не плануе.

Каментар
Мэта Кітаю – не застацца сам-насам з Захадам
2023.03.23 12:59

Пекін заявіў, што будзе працягваць умацоўваць дыялог на аснове сваёй мірнай прапановы з 12 пунктаў і «назапашваць узаемны давер». Апошняе, імаверна, азначае, што, не адмаўляючыся ад сваіх прапановаў, яны гатовыя слухаць і іншыя. «The Wall Street Journal» паведамляе, што кітайская дэлегацыя ў Джыдзе нагадала пра свой план з 12 пунктаў, але калі еўрапейскія дыпламаты выказалі занепакоенасць перспектываю замарожвання канфлікту, то ўспрынялі такія заўвагі спакойна. «Атрымаўся добры абмен меркаваннямі», – цытуе выданне крыніцу, знаёмую са зместам перамоваў.

Узаемныя кампрамісы ці змена тактыкі?

У Капэнгагене і Джыдзе Украіне ды заходнім дзяржавам важна было распачаць дыялог і знайсці пункты судакранання з краінам глабальнага Поўдня.

«Каштоўнасць [саміту] насамрэч у тым, каб падштурхнуць краіны глабальнага Поўдня і нас самых да пошуку некаторых асноўных пагадненняў, вакол якіх затым мог бы быць зарганізаваны глабальны мірны саміт», – патлумачыў у інтэрв’ю высокапастаўлены чыноўнік Еўракамісіі.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк растлумачыў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі, што мэта Кіева ў тым, каб дамагчыся змены паводзінаў краінаў глабальнага Поўдня ў міжнародных арганізацыях і паўплываць на Маскву на дыпламатычным узроўні: «Напрыклад, каб Кітай ці Бразілія па сваіх каналах казалі Расеі, што захаванне за ёй акупаваных тэрыторыяў Украіны немагчымае».

Перамовы ў Джыдзе скончыліся без падпісання супольнага камюніке (імаверна, і не планавалася), таму вынікі саміту пакідаюць пэўную прастору для інтэрпрэтацыяў. Паводле крыніцаў выдання The Wall Street Journal, і Украіна, і нейтральныя дзяржавы пагадзіліся на пэўны кампраміс. Украіна нібыта не настойвала на тым, каб іншыя ўдзельнікі кансультацыяў прынялі яе формулу міра за аснову, а нейтральныя дзяржавы ў сваю чаргу не патрабавалі, каб Кіеў адмовіўся ад свайго мірнага плану. У параўнанні з сустрэчай у Капэнгагене гэта сталася прагрэсам.

У прынцыпе такі крок з боку ўкраінскага кіраўніцтва выглядаў бы лагічна: няясна, як яшчэ можна на гэтым этапе перацягнуць на свой бок нейтралаў, калі не змякчыць пазіцыю ні ў адным з пунктаў. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма. Двое дасведчаных пра хаду саміту суразмоўцаў Бі-Бі-Сі ў Кіеве настойваюць, што гэтыя звесткі WSJ рэчаіснасці не адпавядаюць, а ўкраінскія ўлады па-ранейшаму маюць намер дамагацца шырокага падтрымання менавіта мірнага плану Зяленскага.

Праўда, адданасць украінскай формуле міру не супярэчыць ідэі адкласці ўзгадненне асобных пунктаў і абмяркоўваць іх паасобку. Ясна, што дасягнуць кансэнсусу наконт ядравай або харчовай бяспекі прасцей, чымся, напрыклад, наконт пакарання вінаватых у развязванні вайны (то бок дэ-факта Уладзіміра Пуціна ды ягонага атачэння). Падтрымаць гэты пункт – значыць выступіць персанальна супраць расейскага кіраўніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя ўсталёўваюць украінскі трызубец на шчыт манументу «Радзіма-маці» ў Кіеве, Украіна. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

Андрэй Ермак заявіў, што менавіта пункт наконт прыцягнення да адказнасці ваенных злачынцаў застаецца найбольш праблемным у перамовах. «Яшчэ трэба працаваць з краінамі глабальнага Поўдня ў такіх цяжкіх пунктах, як адказнасць», – прызнаецца ён.

Затое, як кажа Ермак, «усе прысутныя засведчылі адданасць сваіх краінаў прынцыпам Статуту ААН, міжнароднага права і павагі да суверэнітэту ды непарушнасці тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў». Тое, што тэзіс пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны быў агулам падтрыманы, паведамляюць і заходнія выданні.

Перамовы з разлікам на капітуляцыю

Паводле Ермака, пасля сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі плануецца правесці «два ключавыя саміты» пра формулу міру і зладзіць канферэнцыі пра кожны з пунктаў мірнага плану. Пры гэтым Расею да перамоваў плануюць прыцягнуць толькі на этапе заканчэння вайны. Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Ігар Жоўква намякнуў, што Украіна ў той час ужо разлічвае мець справу з капітуляцыяй Расеі.

«Выкананне першых дзевяці пунктаў мае прывесці нас да пункту 10 [мірная канферэнцыя па выніках вайны. – Заўв. Belsat.eu]. Спадзяюся, да таго часу ўжо будзе капітуляцыя Расеі. На гэтым пункце патрэбныя перамовы, але на гэтых перамовах мы не будзем адзін на адзін з РФ, а побач з намі будуць партнёры», – сказаў Жоўква.

Словы пра капітуляцыю насамрэч вынікаюць з самой логікі формулы міру: вяртанне да межаў 1991 года і трыбунал над Пуціным магчымы толькі выпадку ваеннага разгрому РФ і (або) рэвалюцыі. У гэтым заключаецца галоўная асаблівасць цяперашніх кансультацыяў. Падтрымае глабальны Поўдзень формулу міру ці не – ЗСУ ад гэтага мацнейшыя не стануць, а расейскія вайскоўцы не ўзбунтуюцца. Таму ўсе цяперашнія перамовы набудуць сэнс толькі ў выніку ваеннай перамогі Украіны.

Аднак тое, што ўкраінскае кіраўніцтва цяпер думае на перспектыву, – слушны падыход. Важна не толькі разбіць ворага на полі бою, але і пацвердзіць свае ваенныя дасягненні на дыпламатычным узроўні. У гісторыі не раз здараліся выпадкі, калі ваенная перамога прыносіла непрапарцыйна малыя палітычныя здабыткі дзяржаве-пераможцы, а параза, наадварот, цягнула за сабою вельмі сціплыя страты. Каб гэтага не адбылося, Кіеў і працуе над формулаю міру.

Разам з тым ускосна ўзровень міжнароднага падтрымання можа ўплываць і на вынік вайны. Крэмль спадзяецца, што Захаду раней ці пазней надакучыць дапамагаць афіцыйнаму Кіеву і саюзнікі пагодзяцца на кампраміс за кошт Украіны. Фактычна на гэтым дапушчэнні цяпер асноўваецца стратэгія Пуціна, бо першапачатковыя мэты (захоп Кіева і поўнае падпарадкаванне Украіны) ужо выглядае нерэалістычна. Аднак чым шырэйшым будзе міжнароднае падтрыманне ўкраінскай формулы міру, у тым ліку сярод глабальнага Поўдня, тым меншая імавернасць таго, што саюзнікі аднойчы праявяць слабасць.

Hавiны
Ці магчымыя мірныя перамовы Расеі і Украіны?
2022.11.10 08:07

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў