Роза Турарбекава: Кітай робіць сваю пазіцыю ў дачыненні Масквы больш жорсткаю


Сёння амбасадар Кітаю ў Еўразвязе заявіў, што «бязмежнае сяброўства» КНР з Расеяй – гэта толькі рыторыка, пры гэтым услед за нямецкім канцлерам і іспанскім прэм’ерам у Кітай скіраваліся французскі прэзідэнт, старшыня Еўракамісіі. Дык у якія гульні гуляе Кітай? Адказ на гэтае пытанне ў эфіры «Студыі Белсат» дала палітолаг Роза Турарбекава.

Прапанова мірнага плану Кітаю, адзначыла экспертка, была фактычна перакрэсленая заявай Уладзіміра Пуціна пра намер размясціць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. Гэта ішло ўразрэз з заявамі, зробленымі падчас нядаўняга візіту Сі Цзінь Піна ў Маскву.

«Я думаю, што Кітай, скажам так, абазначае сваю пазіцыю ў якасці больш жорсткай і дае зразумець Маскве, што гэты момант пасярэдняга падтрымання, па ўсёй верагоднасці, упушчаны».

Магчыма, гэта яшчэ сведчыць і пра ўзмацненне жорсткасці прэтэнзіяў Пекіну да Масквы ў такім публічным полі. «Але што робіцца па закрытых каналах, нам застаецца толькі здагадвацца, – кажа Роза Турарбекава. – Я думаю, што Пекін выказвае сваю незадаволенасць і абурэнне з нагоды таго, што Пуцін фактычна дэзавуяваў тыя заявы, якія прагучалі яшчэ ў Маскве».

Кітайскі амбасадар у Еўразвязе назваў рытарычным прыёмам заявы пра бязмежнае сяброўства Кітаю і Расеі. Крыніца фота: gazeta.ru

Палітолаг падкрэсліла, што не ведае, ці можа Кітай цяпер пагражаць Маскве ў адказ, напрыклад, непастаўкамі зброі, якія прасіў Крэмль. Бо не ўпэўненая, што ў Кітаю былі намеры даваць гэтую зброю. На ейную думку, Пуцін, магчыма, разлічваў «на значна большае падтрыманне і больш пазітыўныя адказы на тыя пытанні, якія найбольш хвалявалі Маскву». У першую чаргу гаворка пра больш сур’ёзную дыверсіфікацыю газу і нафты. Бо, як вядома, кітайскі бок адмовіў у будаўніцтве газаправоду «Сіла Сібіры – 2», і гэта «фактычна тое, чаго Масква не змагла дабіцца».

Калі прааналізаваць, кажа экспертка, назвы ўсіх дакументаў, падпісаных падчас візіту Сі ў Маскву, то можна пабачыць, што Кітай «праціснуў» усе свае інтарэсы, а расейскія прагучалі, хутчэй, у дэкларатыўнай форме. Магчыма, гэта таксама сталася штуршком для таго, каб Пуцін зрабіў больш рэзкія заявы. Ягоны разлік на Кітай, на думку Розы Турарбекавай, не апраўдаўся. Яна мяркуе, што Пуцін узважыў усе «за» і «супраць» і зразумеў, што вайсковай дапамогі ад Кітаю не будзе, кітайскі мірны план, хутчэй за ўсё, не пройдзе: Пекін «упісвацца» за Маскву ў той форме, у якой разлічвала Масква, таксама не будзе. Таму ўвогуле вынікі візіту, нягледзячы на ўсе падпісаныя дакументы, аказаліся для Масквы не вельмі здавальняльнымі. На думку эксперткі, часткова якраз гэтым і прадыктаваная заява пра пастаўкі ядравай зброі ў Беларусь.

Чым можа пагражаць Кітай? Напэўна, вядзецца пра гандаль, нафтапрадукты, пра дапамогу ў абыходзе санкцыяў, у прыватнасці фінансавых – пра што было заяўлена ў супольнай дэкларацыі пра ўсебаковае партнёрства і стратэгічнае ўзаемадзеянне.

«Але, бачыце, нават гэтая дэкларацыя, я так разумею, вуснамі аднаго з найбольш відных кітайскіх дыпламатаў фактычна дэзавуяваная. Гэта намёк на тое, што ўсе гэтыя дасягненні візіту могуць быць перагледжаныя», – адзначыла Роза Турарбекава.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў