Аўтобусы МАЗ гараць не толькі ў Расеі – цяпер і ў цэнтры Менску


У Менску на праспекце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ, паведаміла 19 траўня дзяржагенцтва «Менск-Навіны».

Фота: minsknews.by

На апублікаваным фота бачна, што транспартны сродак выгарэў цалкам. Верагодна, аўтобус выкарыстоўваўся ў якасці грамадскага транспарту.

Прычыны інцыдэнту не паведамляюцца.

7 траўня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла аб загаранні пасажырскага аўтобуса, які рухаўся з Пінску (Берасцейская вобласць) па трасе М1. Інцыдэнт адбыўся недалёка ад пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна (Менская вобласць).

«У аўтобусе знаходзіліся 48 дзяцей, чатыры суправаджальнікі і кіроўца. Усе пакінулі аўтобус, ніхто не пацярпеў», – гаварылася ў паведамленні.

Адзначалася, што падраздзяленні МНС ліквідавалі пажар. Аўтобус згарэў практычна цалкам.

Hавiны
Улады хаваюць выпадкі ўзгарання тэхнікі ў Беларусі? Новыя звесткі ад журналістаў-расследавальнікаў
2023.11.21 10:11

Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расеі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемства.

Паводле звестак расейскіх СМІ, толькі ў Санкт-Пецярбургу летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў беларускай вытворчасці. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

«У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года», – паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства «Пасажыраўтатранс».

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць «трапленне алею з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка».

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый», – растлумачыў чыноўнік.

Hавiны
На МАЗе прызналі, што ўзгаранні аўтобусаў – наступства санкцыяў
2024.04.28 16:02

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці «якаснага і своечасовага абслугоўвання». Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў