Чаму знікла «Басовішча» і як на яго месцы ўзнік фэст «Tutaka»


Гэтым летам беларусаў чакаюць два буйныя культурніцкія фэсты, якія пройдуць на Беласточчыне ў чэрвені і ліпені. Яны сталіся сапраўднаю падзеяй летась, цяпер арганізатары абяцаюць зрабіць яшчэ лепей. Мы паразмаўлялі з Змітром Косціным, журналістам і актывістам беларускай дыяспары ў Беластоку, сябрам фонду «Tutaka». Што запланавалі на гэтае летам, чаму знікла «Басовішча» і як на яго месцы ўзнік фэст «Tutaka»? Паразмаўлялі і пра асаблівасці Падляшша.

– Змітру, што чакае нас бліжэйшыя месяцы гэтага лета?

– Фонд «Tutaka» фактычна ў першыя выходныя чэрвеня, апошняю пятніцаю траўня, распачынае фестывальны сезон. Пачынаем мы традыцыйна фестывалем беларускай традыцыі «Soncahraj». Гэта ўжо трэці раз. Асноўная ідэя гэтага фэсту – вярнуць, папулярызаваць традыцыйную аўтэнтычную беларускую музычную спеўную культуру, але не толькі. Як і папярэднія гады, мы завітваем у чатыры месцы разам з канцэртамі. Сёлета мы надумалі пачаць у Беластоку, у цэнтры гораду, каля ратушы. Будзем супольна вучыцца танцаваць традыцыйныя танцы, спяваць мясцовыя беларускія песні. Будзем таксама разам бавіцца з мясцовым гуртом «Żemerwa». Гэткая супольная забава без вялікіх сцэнаў, без гукаўзмацняльнікаў. Проста як было раней, калі людзі сустракалася, танчылі, спявалі.

Зміцер Косцін.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

– Што адбудзецца на наступны дзень?

– У першы дзень лета мы пераязджаем у Белавежскую пушчу, у гміну Дубічы-Царкоўныя ў вёску Вітава, дзе таксама будзем танцаваць, спяваць. Чаму Вітава? Яно вельмі цікавае нам было тым, што частку рэпертуару, якую рыхтуюць да супольнага спеву з людзьмі гурты «Zhraja» і гурт «Kudziela» (жаночыя і мужчынскія гурты традыцыйнага спеву), – гэта песні запісаныя калісьці менавіта ў Вітаве, у гэтай вёсцы ў 1990-ыя гады, ад адной з жыхарак, якая ўжо даўно ў лепшым свеце. Мы хочам, каб мясцовыя жыхары і турысты, якія прыедуць на доўгія выходныя, разам з намі спявалі гэтыя песні і разумелі, што тут іншая культура, што Падляшша сапраўды шматкультурнае, і важным складнікам Падляшша ёсць мясцовая беларусы.

Праз тыдзень мы завітаем у Супрасль, там сустракаемся на падворку пры цэнтры культуры і адпачынку. Гэта турыстычнае мястэчка, куды едуць людзі з усіх куткоў Польшчы, каб адпачыць у добрай атмасферы. І нам важна ў тым месцы паказаць прысутнасць беларускай культуры. І апошняе месца – вёска Навасады за два кіламетры ад мяжы з Беларуссю, у гміне Міхалова, там вельмі актыўная вёска. Увогуле Міхалоўская гміна даволі багатая спеўным рэпертуарам, і мы будзем спяваць. Цешымся, што ўвесь гэты час з намі можа быць Трыградская капэла, што прыездзе да нас з Гданьску на Паморʼі, і яны разам з намі завітваюць ува ўсе месцы, паказваюць, як танцаваць, як спяваць.

– Як узнікла ідэя фэсту «Soncahraj»?

– Ідэя ўзнікла, калі мы звярнулі ўвагу, што для традыцыйнай аўтэнтычнай культуры, асабліва з Падляшша, няма асабліва месца на самым Падляшшы, часцей можам трапіць на майстар-класы ўкраінскага спеву. Калі танцы, то гэта хутчэй беларускі сцэнічны танец, у выкананні ансамбляў, якія тут дзеюць, а традыцыйных полек альбо лявоніх ніхто не вучыць, не паказвае, у выніку традыцыя пакрысе адыходзіць. І нам самым гэта цікава, мы падумалі: магчыма, ёсць тыя, каму гэта таксама цікава. Таксама нам важна было ездзіць па Беласточчыне, завітваць у невялікія мясцовасці, каб паказаць турыстам і мясцовым жыхарам, што гэтая традыцыя не нейкая горшая, якую трэба адкінуць, а гэта традыцыя, якую варта перадаваць, вучыць, захаваць, перадаваць сваім дзецям. Магчыма, гэта натхніць каго запісаць хаця б тэксты песень, якія памятаюць старэйшыя жыхары. Калі мы стваралі гэты фэст, нам хацелася, каб гэтая беларуская традыцыя жыла. Мы ж не толькі архівамі карыстаемся, ёсць яшчэ жывыя носьбіты, яны да нас далучаюцца і спяваюць. Я памятаю, як у мінулым годзе мы былі ў Дубічах-Царкоўных: мясцовы калектыў рыхтаваўся выступіць на фэсце, і ў першых шэрагах сядзелі старэйшыя жыхары і жыхаркі, якія спявалі, ведаючы тэксты гэтых песень, то бок для іх гэта было штосьці блізкае, зразумелае. Таксама спеўныя сходы, якія праходзілі: людзі мелі магчымасць бачыць тэкст і спяваць разам, і гэта прывяло да таго, што было нашмат больш гэтых асобаў, чымся мы спадзяваліся. Не ведаю, колькі людзей у гэтым годзе наведае фестываль, але я ўпэўнены, што гэта будзе па-сямейнаму, будзем ствараць атмасферу звычайнай бяседы і супольнага адпачынку.

Нашая мэта – зрабіць сямейны фэст, на якім могуць сустракацца беларусы.

– Адыграе «Soncahraj» і ў ліпені, нас чакае куды большы фестываль. Апавядзіце пра яго.

– «Soncahraj» мы граем у чэрвені і рыхтуемся да буйнога фэсту – Фестывалю абуджаных «Tutaka», які традыцыйна пройдзе на пераломе лета, у сярэдзіне ліпеня, гэтым разам з 12 да 14 ліпеня ў культавым месцы, ва ўрочышчы Барык, гэта каля Гарадка, месца, дзе адбыліся 30 фестываляў «Басовішча» і ўжо тры фэсты «Tutaka». Сёлета зноў сустракаемся там, каб не толькі знаёміцца з сучаснаю беларускаю музыкай, але таксама мець магчымасць даведацца, што адбываецца ў беларускай культуры, сучасным тэатры, літаратуры. Напэўна, будзе прэзентацыя кніг, таксама магчымасць набыць сабе нейкія вырабы на кірмашы творцаў. Таксама будзе магчымасць узяць удзел у дыскусіі, бо мы хочам, каб фестываль быў месцам дыскусіі. Папярэднія гады паказваюць, што людзі зацікаўленыя ў дыскусіі і бяруць удзел, не проста як гледачы, а актыўна задаюць пытанні, жыва размаўляючы, выказваючы сваю думку. І такія дыскусіі таксама будуць сёлета. Будзе таксама штосьці і для малодшага пакалення, бо мы хочам рабіць фестываль сямейны, на якім усе беларусы, якія раскінутыя па ўсім свеце, могуць прыехаць з дзецьмі. Напрыклад, магу сказаць, што зноў Маляваныч прыедзе, кеб цешыць дзяцей сваёй творчасцю. Таксама спадзяёмся мець спартовую пляцоўку, дзе нашыя вольныя спартоўцы будуць гуляць у камандныя гульні.

– Каго з музыкаў мы пабачым на фэсце?

– Ужо пацвердзіў свой удзел Аляксандр Памідораў, які шмат гадоў вёў фестываль «Басовішча», ён прыедзе са сваёй праграмай. Гурт «:B: наведае нас з моцным гукам, у суботу 13 ліпеня, выступіць «Syndrom Samazvanca». Гэта адносна новая фармацыя, але людзі не новыя там. Каманду сабраў Уладзь Лянкевіч. Напэўна, падляскі «Akcent» таксама будзе. Наведае нас праект Niczos x Sw@da. Ніка Юрчук спявае, стварае песні на беларускай літаратурнай ці на падляскім гаворкавым варыянце беларускай мовы.

Сёлета гасцей чакае яшчэ адзін сюрпрыз – трэці канцэртавы дзень: калі маеш час, калі не хочаш яшчэ зʼязджаць. Можна будзе паслухаць розных выканаўцаў.

– Змітру, як вы думаеце: чаму ў свой час перастала праводзіцца «Басовішча» і чаму цяпер стала актуальным правядзенне такога фэсту, як «Tutaka»?

– «Басовішча» – гэта культавы фэст, які абʼядноўваўся беларускім абʼяднаннем студэнтаў, мясцовых беларусаў Беласточчыны, якія свайго часу ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х шукалі сучаснай беларускай музыкі, і гэта была асноўная мэта стварэння фестывалю. Пазней, калі ў Беларусі пачаліся палітычныя рэпрэсіі, забароны канцэртаў, чорныя спісы, фэст зрабіўся месцам, дзе сталі выступаць фактычна забароненыя ў Беларусі выканаўцы. І тады фестываль набыў дадатковае значэнне як месца сустрэчы са свабоднаю музыкаю па-за межамі Беларусі. Але час ішоў, чорныя спісы станавіліся менш чорнымі, ператвараліся ў шэрыя. У самой Беларусі была магчымасць сустрэцца з любімымі гуртамі, у самой Беларусі зʼявілася шмат фэстаў, студэнты тут таксама мяняліся. І было разуменне, што такую класную імпрэзу варта завершыць на высокай ноце. Арганізатары, ладзячы «Басовішча» трыццаты раз, паведамілі, што гэта апошні. Так узнікла легенда. Напэўна, сумна было глядзець, як гэты фестываль дэградуе. Нам вельмі было цяжка пачынаць фэст, бо шмат хто прыязджаў на першыя фэсты «Tutaka», параўноўваў іх з легендарным «Басовішчам». І даводзілася чуць: ой, не, гэта не «Басовішча». А мы і не хацелі паўтараць «Басовішча», бо яно застаецца нечым, што цяжка паўтарыць, і таму прынцыпова рабілі нешта іншае.

– А чаму вы пастанавілі ўзнавіць фэст, хоць і пад іншаю назваю?

– У 2019 годзе фестываль «Басовішча» развітаўся. Было такое адчуванне, што шкада, бо развітаўся ён сапраўды на высокім узроўні. І ўзнікла ідэя ў 2020 годзе на гэтым месцы арганізаваць нешта іншае, але пандэмія прывяла да таго, што фактычна ўсе імпрэзы ў Польшчы спыніліся, і тут нечакана для мясцовых беларусаў пачаліся падзеі ў самой Беларусі, якія натхнілі на аднаўленне фестывалю. І тады, напэўна, гэтыя здымкі, кадры, натхненне, рознае выказванне сваёй нязгоды з рэжымам, з рэпрэсіямі, пазней суўдзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны… Гэта ўсё прывяло да таго, што мы пастанавілі фестываль рабіць. І рабіць яго месцам сустрэчы вольных беларусаў, бо «Басовішча» свайго чаму было месцам сустрэчы моладзі – беластоцкай, беларускай, якая шукала дэмакратыі, змагалася з камуністычным рэжымам у Польшчы. Пазней гэта музыка бунту, рок, усё гэта апынулася на «Басовішчы». А цяпер іншая сітуацыя, і мы пачалі. Можа, у 2021-м і 2022-м не было шмат удзельнікаў з Беларусі, але якраз 2023-і паказаў, што людзі хочуць сустракацца, людзі шукаюць адно аднаго. І гэта аказалася добрае месца, спадзяёмся, што 12–14 ліпеня сёлета будзе яшчэ лепш.

– Ці асобам, якія жывуць у Беларусі альбо ездзяць туды, бяспечна прыязджаць на фэст?

– Людзі ў Беларусі незалежна ад таго, прыедуць яны на фэст ці не, заўсёды пад пагрозаю. Бо мы ўсе ведаем, што, мінаючы мяжу, можна выбарачна трапіць на праверку, і нешта знойдуць. Вядома, мы намагаемся не публікаваць здымкаў твараў, вядома, мы папярэджваем, што Instagram фонду «Tutaka» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Мы не можам да канца запэўніць бяспекі асобаў, яны ў пэўнай ступені мусяць дбаць пра сябе. У такой вялікай колькасці людзей нам як арганізатарам даволі цяжка адказваць за асобаў, якія робяць здымкі.

– Колькі людзей вы чакаеце сёлета?

– Спадзяемся, колькасць будзе такая, як летась, 3–3,5 тысячы, мо крыху больш. Бо беларусы асвоіліся за мяжой і пачалі шукаць іншых беларусаў, беларускіх месцаў.

– Апошняе пытанне: адкажыце, калі магчыма, коратка. Падляшша – што гэта за рэгіён?

– Гэта польска-беларускае памежжа, і не толькі польска-беларускае, тут і літоўцы жывуць, габрэі традыцыйна жылі, ёсць татары, ёсць украінцы, то бок гэта шматкультурнае беларуска-польскае памежжа, якое, не зважаючы ні на што, захавала гэтую шматкультурнасць. Увогуле ХХ стагоддзе было часам фармавання Польшчы як малаэтнічнай дзяржавы, але пры гэтым тут людзі захаваліся, захавалі сваю мову, культуру, маюць адукацыйныя пляцоўкі, маюць культурніцкія ўстановы і свае фестывалі. Гэткая нармальная Беларусь без калгасаў і чыноўнікаў ад культуры, заводаў у пігулцы. Для мяне Беласточчына магла б стацца беларускім П’емонтам. Нагадаю, што П’емонт – гэта частка Італіі, адкуль пайшоў рух новага італьянскага адраджэння і абʼяднання ў адну краіну. І Беласток можа стацца рэгіёнам, адкуль будуць вырастаць парасткі новай краіны. Сказана крыху навырост, але тут, у Беластоку, сапраўды можна выпрацоўваць культурніцкія мадэлі, якія будуць карысныя Беларусі.

Калі ўлады Польшчы падтрымліваюць беларускую культуру, яны падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў, і гэта сёння вельмі важна ў тых варунках, у якіх мы жывём.

Размаўляў Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў