Кіраўнік МЗС Літвы мяркуе, што Украіна мае права біць па вайсковых цэлях у Беларусі


Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што Украіна, каб абараніцца ад расейскай агрэсіі, можа біць па вайсковых цэлях на тэрыторыі РФ і не толькі.

Габрыелюс Ландсбергіс. 
Фота:  lrt.lt

Адказваючы на пытанне «Радыё Свабода», ці мусіць Украіна паражаць і цэлі ў Беларусі, кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс зазначыў:

«Я маю на ўвазе тое, што Украіна павінна мець здольнасць абараняцца. Калі Расея, баючыся, што цэлі могуць быць пад ударам у Расеі, можа перанесці іх кудысьці яшчэ, то я думаю, што выбар цэляў мусіць быць перанесены таксама».

Такім чынам, кіраўнік МЗС Літвы дэ-факта прызнаў за Украінай такое права.

Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны, старшыня камітэту па пытаннях вонкавай палітыкі Аляксандр Меражка ў інтэрвʼю LIGA.net растлумачыў, што Украіна мае поўнае права наносіць удары па тэрыторыі Беларусі.

Паводле дэпутата, з пункту гледжання міжнароднага права, у прыватнасці, з пункту гледжання вызначэння агрэсіі ў міжнародным праве, Беларусь зʼяўляецца саўдзельнікам расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта азначае, што калі яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для здзяйснення агрэсіі супраць Украіны, яна можа разглядацца як тэатр вайны ці тэатр вайсковых дзеянняў.

«Гэта таксама азначае, што Украіна, ажыццяўляючы сваё права на самаабарону згодна з артыкулам 51 Статута ААН, можа весці ахоўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі як саўдзельніка злачынства агрэсіі», – сказаў Меражка.

Аналітыка
Ці гатовы Захад павышаць стаўкі, каб спыніць расейскую агрэсію ва Украіне?
2024.05.30 07:07

Пытанне пра ўдары па вайсковых цэлях на тэрыторыі Беларусі ўзнікла ў сувязі з дыскусіяй наконт абмежаванняў на выкарыстанне Украінай заходняй зброі, у тым ліку дальнабойнай.

Ад самага пачатку вайны амаль усе краіны Захаду перадавалі зброю і тэхніку Украіне з умовай, што ЗСУ не будуць выкарыстоўваць яе на расейскай тэрыторыі. Саюзнікі баяліся, што гэта выклікае непрадказальную рэакцыю Масквы і прывядзе да некантралюемай эскалацыі канфлікту. Аднак апошнім часам час усё гучней гучаць галасы супраць гэтых абмежаванняў. Шэраг краінаў адкрыта заявілі, што Украіна мае права біць па тэрыторыі РФ той зброяй, якую яны пастаўляюць. Некаторыя краіны далі такі дазвол таемна.

Аналітыка
Ці павялічваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?
2024.05.29 07:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў