Што на межах Беларусі: павялічыліся чэргі з Латвіі і ў Польшчу, з Літвой не стала лепш


Праблемы з чэргамі на межах Беларусі не развязваюцца: на дзень 31 траўня з’явіліся новыя праблемы. «Белсат» глядзіць статыстыку памежнікаў і паведамленні ў чатах беларусаў.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце». 31 траўня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на сярэдзіну 31 траўня публікуе наступныя лічбы чэргаў на выезд з Беларусі.

  • «Грыгароўшчына – Патэрніекі» (Латвія): 0 легкавікоў, 460 цяжкавікоў, з ночы чарга легкавікоў знікла.
  • «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва): 140 легкавікоў, 770 цяжкавікоў, з ночы амаль без зменаў, легкавікоў крыху менш у параўнанні з мінулым днём. Онлайн-камера не абнаўляецца з мінулага дня.
  • «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва): 90 легкавікоў, 760 цяжкавікоў, з ночы чарга легкавікоў паменшылася на траціну.
  • «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча, грузавы): 250 цяжкавікоў, мінус сотня з ночы.
  • «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча): 300 легкавікоў і 54 аўтобусы, уначы даходзіла да 350 легкавікоў, а дзень раней было толькі 200 – і ў чатах былі надзеі, што чарга знікне.

Паводле звестак літоўскіх памежнікаў (PDF), чэргі на раніцу 31 траўня былі наступныя.

  • «Мядзінінкай»: на ўезд у Літву – 760 цяжкавікоў і 140 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 645 цяжкавікоў і нуль легкавікоў.
  • «Шальчынінкай»: на ўезд у Літву – 760 цяжкавікоў і 120 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 640 цяжкавікоў і нуль легкавікоў.

Апошні лічыльнік, імаверна, не працуе, як і ў мінулыя дні. Гэтак, на фота з «Шальчынінкаю» ў адным з чатаў відаць даўжэзная чарга ў зоне чакання.

У чаце пра «Грыгароўшчыну» пішуць, што чарга легкавікоў з Латвіі ў Беларусь – каля сотні машынаў, у чарзе можна прастаяць больш за 12 гадзінаў. Адзін карыстальнік тлумачыць: «Усе пішуць, што хутчэй прапускаюць, вось усе туды і едуць». З Беларусі ў Латвію чаргі легкавікоў практычна няма, праход мяжы займае 2,5 гадзіны.

У чаце пра «Каменны Лог» расказваюць, што праход мяжы з Літвы ў Беларусь аўтобусам займае 3,5 гадзіны, калі пашанцуе, і 7 гадзінаў, калі не пашанцуе. Праграма літоўскіх памежнікаў для правярання візаў тыпу С усё яшчэ завісае. Чарга з Літвы ў Беларусь крыху меншая за 3 км. З Беларусі ў Літву машынаю прагназуюць час чакання больш за 20 гадзінаў, адзін з карыстальнікаў правёў на мяжы 64 гадзіны, яшчэ адзін – 70.

У чаце пра «Беняконі» паведамляюць, што аўтобусам з Беларусі ў Літву прайшлі мяжу за 4 гадзіны, з Літвы ў Беларусь – за 2 гадзіны. На праходжанне мяжы з Літвы ў Беларусь машынаю раяць закладваць як мінімум 24 гадзіны. За мінулы дзень праз літоўскую мяжу прапусцілі 187 машынаў, у зоне чакання – 97 машынаў, але прынамсі няма чаргі да зоны чакання.

У чаце пра «Берасце» пішуць, што аўтобусам з Беларусі ў Польшчу праходзілі мяжу за 11–12 гадзінаў, назад – 4–7 гадзінаў (магчымае чаканне пасажыраў з допыту лукашэнкаўскімі сілавікамі). Перад мяжою па беларускі бок сапраўды выстраілася вялікая чарга з амаль сямі дзясяткаў аўтобусаў, але яны амаль усе пустыя. За мінулы дзень з «Берасця» выпусцілі 440 машынаў, цяпер у зоне чакання каля сотні легкавікоў і больш за 170 – у чарзе да зоны чакання. З Польшчы на Беларусь чаргі няма, а на чаргу з Беларусі ў Польшчу «глядзець страшна». Машынаю з Польшчы ў Беларусь адзін карыстальнік прайшоў мяжу за 7,5 гадзіны: «Палякі – хутка, беларусы – павольна». Другі – за 16, трэці – за 19,5 гадзіны.

З чым звязаныя праблемы па беларускі бок мяжы з Польшчаю, невядома. Беларускі памежны камітэт прызнае наяўнасць чаргі, але намякае, што вінаваты польскі бок, які нібыта прапускае менш за 40 % машынаў ад нормы.

«Белсат» паспрабаваў атрымаць каментар ад літоўскага боку аб прычынах вялікіх чэргаў на мяжы. Атрымаў адказ, што праблемы няма.

Каментар
Літва не пабачыла праблемы ў чэргах на мяжы: «Мядзінінкай» працуе ў звычайным рэжыме
2024.05.29 13:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў