Ці можа грамадзянін Беларусі служыць Расеі паводле кантракту? Мінабароны не ведае. Спыталі юрыста


Грамадзянаў Беларусі заклікаюць служыць паводле кантракту ў расейскім войску. Не ўтойваюць: пашлюць ваяваць ва Украіну і не адпусцяць да сканчэння вайны, смерці ці інваліднасці. Паводле расейскага заканадаўства, гэта дазволена. А паводле беларускага?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні зводнага падраздзялення дэсантнікаў Расеі і Беларусі каля Берасця, Беларусь. 24 кастрычніка 2019 года.
Фота: Mil.ru

У Расеі гэта дакладна законна: Уладзімір Пуцін яшчэ ў лістападзе 2022 года афіцыйна дазволіў замежнікам служыць Расеі паводле кантракту. Замежнікі і да таго ваявалі за Расею, але ў складзе незаконных узброеных фармаванняў накшталт ПВК Вагнэра, але беларускіх прарасейскіх баевікоў не пераследавалі ні ў Расеі, ні (за вельмі рэдкімі выключэннямі) у Беларусі.

Гэта за вайну на баку Украіны, нават за адзін намер далучыцца да палка Каліноўскага ў Беларусі актыўна караюць.

Агляд
Беларусаў заклікалі служыць Расеі паводле кантракту. Шлюць ваяваць ва Украіну, назад не адпусцяць
2024.05.27 15:32

Што ў законах: ваяваць незаконна. А проста паслужыць?

Беларускія законы не забараняюць і не дазваляюць грамадзянам Беларусі служыць паводле кантракту ў Расеі. У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул 133 «Найміцтва», за яго караюць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў, але датычыць гэты артыкул удзелу ва ўзброеных канфліктах не ў складзе ўзброеных сілаў аднаго з бакоў (то бок, напрыклад, у «прыватных вайсковых кампаніях»).

Таксама ёсць артыкул 132 КК РБ, які прадугледжвае пакаранне за вербаванне, навучанне і фінансаванне наймітаў, іх выкарыстанне для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах, але датычыць ён тых, хто вярбуе ці навучае, а не тых, каго вярбуюць.

Наўпрост забаронены ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы. Ч. 1 арт. 361-3 КК РБ кажа караць абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў за «ўдзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або асобы без грамадзянства, якая стала жыве ў Рэспубліцы Беларусь, на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзел ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкметаў злачынства, прадугледжанага артыкулам 133 гэтага Кодэксу».

А калі нікому не казаць, што ваяваў, ці будзе законна проста пайсці служыць паводле кантракту ў Расеі, як заклікаюць беларусаў у абвестцы? Або, напрыклад, пайсці служыць і верыць, што на вайну ва Украіну ўсё ж не пашлюць, і нават калі пашлюць, то адпусцяць дамоў жывым?

Hавiны
«Der Spiegel» апавёў, пры якіх умовах Польшча і краіны Балтыі скіруюць войскі ва Украіну
2024.05.26 19:27

Беларуская дзяржава пра такое не чула

«Белсат» патэлефанаваў у ваенкамат аднаго з раёнаў Менску і спытаў, ці можна служыць паводле кантракту ў Расеі грамадзяніну Беларусі. Там сказалі, што такога не ведаюць, а раённыя ваенкаматы не маюць сваіх юрыдычных службаў. Скіравалі да юрыста ваенкамату Менску.

У гарадскім ваенкамаце здзіўлена перапыталі: «У Расеі?» Пераключылі на аддзел кантрактнай службы. Там упэўнена сказалі: «Мы не скіроўваем для праходжання службы паводле кантракту ў Расейскую Федэрацыю». А калі сам хочаш пайсці служыць? Пытання не зразумелі і працягнулі тлумачыць: у Беларусі не набіраюць на службу паводле кантракту ў Расеі, «я ў Расею не адбіраю». Дык набіраюць не ў Беларусі, а ў Расеі, але рэкламу скіроўваюць на грамадзянаў Беларусі! Пра такое чулі першы раз:

«Я не ведаю, што прапануюць, я першы раз чую, што паводле закону ў нас можна служыць недзе ў іншых узброеных сілах, – адказалі ў аддзеле кантрактнай службы менскага ваенкамату. – А Беларусь вас чым не задавальняе?»

На спробы даведацца, ці законна ўсё ж пайсці служыць у Расею, перапытвалі: як гэта Расея можа адбіраць служыць беларусаў? Як гэта грамадзянаў Беларусі заклікаюць, няўжо так і напісана? Апісваем абвестку, згадваем, што на ёй нават дзяржаўны герб Беларусі намаляваны. На гэта ў ваенкамаце перапытваюць: «А да чаго наш герб у Расейскай Федэрацыі?»

Скіраваная на беларусаў абвестка пра набор на службу паводле кантракту ў расейскае войска. Травень 2024 года.
Скрыншот: Flagshtok.info / VK

У выніку ў ваенкамаце зразумелі, што не здолеюць адказаць, ці законна ісці ў расейскую армію паводле кантракце. Параілі звярнуцца ў Міністэрства абароны.

Мінабароны скіравала да групы працы са зваротамі грамадзянаў. Там на тэлефанаванне шматзначна адказалі, што пад гэтым нумарам «ўжо не група», але пытанне выслухалі. І сказалі ісці ў юрыдычную кансультацыю ў сваім раёне:

«Не да Мінабароны пытанне, дакладна не нашая кампетэнцыя, і мы не робім юрыдычнага кансультавання».

У спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі Менску на пытанні пра вайсковую і дзяржаўную службы не здолелі адказаць праз тэлефон, сказалі запісвацца на прыём да адваката.

Што кажа юрыст

Беларускі юрыст, які пажадаў застацца ананімным, растлумачыў «Белсату»: дзейнае заканадаўства Беларусі не прадугледжвае адказнасці за службу ў замежным войску.

Гэта ў 2016 годзе пацвярджаў Валерый Вакульчык, тагачасны кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі: калі ўносілі змены ў Крымінальны кодэкс, Вакульчык тлумачыў, што сама служба, напрыклад, у французскім Замежным легіёне не азначае, што на ваяра распаўсюджваецца арт. 361-3 КК РБ.

«Але, на мой погляд, праз недасканаласць прававога рэгулявання на сітуацыю са службай у расейскай арміі можна паглядзець шырэй, – адзначае юрыст. – Паколькі па сутнасці ўсе Узброеныя сілы РФ бяруць удзел ва ўзброеным канфлікце (ахоўваюць тэрыторыі і аб’екты, рамантуюць тэхніку, манітораць паветра і гэтак далей), то можна казаць, што служба нават у самым аддаленым кутку Расеі будзе азначаць удзел у вайне. А гэта ў сваю чаргу можа цягнуць за сабою наступствы з пункту гледжання не толькі беларускага, але і міжнароднага заканадаўства».

Юрыст таксама нагадаў, што за гэта цяпер могуць пазбавіць грамадзянства Беларусі, нават набытага пры нараджэнні. Артыкулы 132, 133 і 361-3 КК РБ уваходзяць у спіс дзеянняў, якія ёсць «прычыненнем цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі» з Закону аб грамадзянстве.

Hавiны
Байдэн таемна дазволіў Украіне наносіць удары па Расеі амерыканскай зброяй
2024.05.31 09:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў