За намер уступіць у полк Каліноўскага беларус атрымаў 2 гады калоніі


Гарадзенскі абласны суд вынес прысуд 23-гадоваму жыхару Астравецкага раёну Васілю Якімаву за намер уступіць у полк Каліноўскага. Яму выставілі абвінавачванне паводле артыкулу аб рыхтаванні да ўдзелу ва ўзброеных фармаваннях у замежнай дзяржаве (ч. 1 арт. 361-3 КК), паведамляе Генпракуратура.

Васіль Якімаў. Крыніца: spring96.org

Паводле Генпракуратуры, Васіль Якімаў у перыяд з красавіка да лістапада 2022 года выказаў жаданне, а затым акрэсліў намер уступіць у адно з падраздзяленняў батальёну палка імя Кастуся Каліноўскага. З гэтай мэтай ён нібыта перадаў свае персанальныя звесткі для прыёму ва ўзброенае фармаванне і адначасова ажыццяўляў збор інфармацыі аб месцах набыцця вайсковай амуніцыі, абмундзіравання і іншай экіпіроўкі для выкарыстання ва ўмовах баявых дзеянняў.

У ведамстве дадалі, што супрацьпраўныя намеры Васіль не паспеў рэалізаваць, бо яго затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

У выніку хлопцу прызначылі два гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядаў суддзя Васіль Скок.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў