Прэзідэнтка Грузіі наклала вета на закон «аб замежных агентах», які выклікаў шматтысячныя пратэсты


Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі наклала вета на закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Пра гэта яна паведаміла падчас брыфінгу 18 траўня.

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
Фота: 1tv.ge

«Сёння я наклала вета на «расейскі закон», які супярэчыць нашай Канстытуцыі, еўрапейскім стандартам і прадстаўляе сабой перашкоду на нашым еўрапейскім шляху. Вета цалкам законнае і сёння будзе перададзенае ў парламент. Закон не можа быць зменены ці неяк палепшаны, таму гэта вельмі простае вета – гэты закон мусіць быць адменены», – заявіла прэзідэнтка.

Кіроўная партыя «Грузінская мара», якая і была ініцыятарам прыняцця закону, можа пераадолець вета, калі набярэ патрэбную колькасць галасоў дэпутатаў. Такое ўжо здаралася ў гісторыі Грузіі – парламент пераадолеў вета прэзідэнта на закон аб негалоснай следчай дзейнасці – супраць вета прагаласавалі 79 дэпутатаў.

Закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» быў прыняты парламентам Грузіі 14 траўня ў трэцім чытанні – яго падтрымалі 84 дэпутаты.

«Грузінская мара» заявіла, што пераадолее вета прэзідэнткі цягам месяцу – у іх хопіць галасоў дэпутатаў, і закон уступіць у канчатковую сілу.

Грузіны масава выступілі супраць закону «аб замежных агентах», які называюць прарасейскім. Пратэсты ў буйных грузінскіх гарадах – Тбілісі, Батумі, Кутаісі – дагэтуль працягваюцца.

11 траўня ў Тбілісі адбыўся самы масавы пратэсны мітынг у Грузіі за апошнія гады – на ім сабраліся ад 50 да 200 тысяч чалавек па розных падліках. Мітынгі, якія праходзілі пасля прыняцця закону, жорстка разганяліся паліцыяй.

Разбор
Бойка ў парламенце і пратэсты на вуліцы. У Грузіі зноў прымаюць закон пра замежных агентаў
2024.05.15 09:15

Закон  у цяперашнім выглядзе прадугледжвае, што арганізацыі, якія атрымліваюць не менш як 20% свайго фінансавання з-за мяжы, павінны рэгістравацца ў органах улады. Калі ў першапачатковым варыянце закону такія арганізацыі павінны былі класіфікавацца як «замежныя агенты», то ў цяперашнім праекце размова ідзе аб «арганізацыях, якія прадстаўляюць інтарэсы замежнай дзяржавы».

Ухіленне ад рэгістрацыі цягне за сабой штраф у памеры 25 000 лары (каля 9 тысяч еўраў), магчымыя і паўторныя штрафныя санкцыі.

Адным са спрэчных палажэнняў праекту зʼяўляецца артыкул, які дазваляе міністэрству юстыцыі Грузіі праводзіць праверку, накіраваную на «выяўленне арганізацыі, якая праводзіць інтарэсы замежнай сілы». Падставай для гэтага можа стаць пісьмовы зварот прыватных асобаў.

Грузінская апазіцыя рэзка крытыкуе законапраект. Яны абвінавачваюць кіроўную партыю ў працы на Расею і сцвярджаюць, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.

Краіны ЕЗ і ЗША рэзка крытыкуюць законапраект. Прыняцце закону аб «замежных агентах» аддаліць Грузію ад уступлення ў Еўразвяз, заявіў старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Hавiны
У Тбілісі падчас разгону пратэстаў затрымалі 63 асобы. Нязгодныя плануюць новыя акцыі
2024.05.01 11:54

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў