Санкцыі vs Беларусь: эксперты прызналі гнуткасць эканомікі, але ўсё можа абрынуцца ўміг


Уплыў заходніх санкцыяў аказаўся досыць сур’ёзным, хаця беларуская эканоміка здолела адаптавацца. Гэта дазволіла зменшыць страты, адзначаецца ў даследаванні цэнтру BEROC. Эксперты пры гэтым канстатавалі: цяперашнія дасягненні няўстойлівыя, спрэс звязаныя з Расеяй, а таму могуць абрынуцца за імгненне.

Вагоны «Беларуськалію» ў Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Аналітыкі даследчага цэнтру BEROC падкрэслілі, што эфектыўнасць санкцыяў належыць ацэньваць паводле мэтаў, з якімі гэтыя абмежаванні ўводзіліся.

Калі казаць пра эканамічнае ўздзеянне, то рэстрыкцыі «даволі эфектыўныя, бо аказваюць істотны ўплыў». У 2022 годзе яны зачапілі каля 12 % ВУП, а летась – 6 %. Іншая рэч, што эканоміка аказалася гнуткай і здолела адаптавацца:

«Кампенсацыя стратаў ад уздзеяння санкцыяў адбывалася дзякуючы розным механізмам, якія збольшага звязаныя з Расеяй».

Аднак не ўсё так радасна для ўладаў Беларусі, калі параўноўваць не з учорашнім днём, а з чаканым прагнозам, што з 2021-га беларуская эканоміка будзе расці на 1 % штогод. Калі адштурхоўвацца ад гэтага, то за два мінулыя гады санкцыі забралі амаль 12 % ВУП.

Яшчэ адна мэта эканамічных санкцыяў – паспрыяць палітычным зменам – відавочна, не дасягнутая. Зрэшты, эксперты BEROC заклікаюць і не чакаць хуткіх пераменаў:

«Трансфармацыя эканамічнага ўздзеяння ў палітычныя паводзіны, асабліва адносна такога персаналісцкага рэжыму, як у выпадку з Лукашэнкам, вельмі не просталінейная. То бок першапачаткова не так багата падставаў чакаць, што эканамічныя страты адразу ж трансфармуюцца ў змены палітычных паводзінаў».

У гэтай гісторыі варта глядзець на санкцыі ў перспектыве, і тое, што палітычнага эфекту няма сёння, не азначае, што ён не з’явіцца заўтра. Хаця яго можа і не быць наагул, прызнаюць аналітыкі.

Аналітыка
Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Ці балюча гэта?
2024.05.30 14:46

Беларускі «эканамічны цуд», дзякуючы якому страты ад санкцыяў удалося мінімізаваць, адбыўся праз некалькі чыннікаў:

  • дзяржаўны сектар пры падтрыманні ўладаў пераарыентаваў істотную частку гандлю ў Расею або наладзіў лагістыку праз суседнюю краіну. Расейскі рынак у той час быў «пражэрлівы», і дзякуючы слабой канкурэнцыі беларускія тавары прадаваліся як гарачыя піражкі. А расейская інфраструктура дазволіла ўзнавіць экспарт галоўным чынам стратэгічнай прадукцыі – калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў;
  • прыватны сектар здолеў хутка перабудаваць лагістыку ды плацежныя схемы і развязаць іншыя праблемы вонкавага гандлю, што таксама было даволі нечакана. Непадсанкцыйныя тавары ідуць збольшага праз Арменію, Грузію і Казахстан, і такая глабальная пераарыентацыя лагістыкі, падавалася б, запатрабуе больш часу і высілкаў. Пры гэтым прыватны сектар ужо трымае ў галаве запасныя варыянты лагістыкі і схемы разлікаў, калі з цяперашнімі ланцужкамі пойдзе нешта не тое;
  • Расея не паскупілася на падарункі для «стратэгічнага хаўрусніка»: танны газ і выгодны кошт нафты – энергетычныя субсідыі вярнуліся на гістарычныя максімумы. Плюс нельга забывацца пра фінансаванне Масквою розных «імпартазамяшчальных праектаў» і яе згоду на рэструктурызацыю крэдытаў;
  • частка беларускага экспарту (хоць і невялікая) фармуецца дзякуючы абыходу санкцыяў, як гэта было з драўнінай, якую вазілі ў ЕЗ пад відам казахскай і ўзбекскай. Імаверна, такі ж «схематоз» ужываюць дзеля экспарту чорнага металу, гумавых вырабаў, цэменту.

Зрэшты, радасць ад такой жывучасці нашай эканомікі можа быць нядоўгай, адзначаецца ў даследаванні цэнтру BEROC:

«Адаптацыя гэтая нетрывалая і няўстойлівая, таму няма ўпэўненасці, што і ў будучыні яна непахісна будзе дазваляць кампенсаваць негатыўныя эфекты санкцыяў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: CHUTTERSNAP / Unsplash

«Я цябе нарадзіў – я цябе і заб’ю»

Расея, стаўшы галоўным пакупніком беларускіх тавараў і манапалістам у транзіце нашага экспарту, у нейкі момант можа лёгка заблакаваць пастаўкі. Акрамя таго, гэткая залежнасць ад Масквы дазваляе шантажаваць Менск. Эксперты BEROC наўпрост так не пішуць, але пазначаюць: Расея можа змяніць міласць на гнеў «як з фінансавых меркаванняў, гэтак і ў якасці палітычнага ціску».

Паводле аналітыкаў, каля 70 % беларускага экспарту беспасярэдне трапляе на расейскі рынак, яшчэ 20 % – мінае транзітам. Такім чынам, Масква фактычна кантралюе блізу 90 % усяго экспарту нашай краіны:

«Паколькі мы замкнуліся на адзін рынак, усе імаверныя праблемы расейскай эканомікі аўтаматычна становяцца і беларускімі праблемамі».

Ну і нельга выключаць новых санкцыяў або ўзмацнення кантролю за выкананнем ужо ўведзеных, і тады спатрэбіцца новы сеанс адаптацыі – гэта яшчэ адзін чыннік, што сведчыць пра нетрываласць сённяшняга становішча Беларусі.

Купляй яшчэ болей

На радасцях, што не ўсё так блага, як магло бы быць, у Беларусі расце гэтак званы індэкс спажывецкай упэўненасці: паводле адчуванняў грамадзянаў, яны сталі жыць лепей або не горш. Збольшага гэта звязана з ростам заробкаў, даступнасцю крэдытаў і штучным стрымліваннем цэнаў. Да таго ж працуе эфект прызвычайвання. На карысць гэтага сведчыць бум на рынку нерухомасці: калі людзі робяць такія пакупкі з прыцягненнем крэдытаў, значыць, маюць нейкую ўпэўненасць у будучыні і звыкліся з цяперашняю сітуацыяй.

Пры гэтым толькі чвэрць рэспандэнтаў мяркуюць, што эканоміку чакаюць лепшыя часы, яшчэ столькі ж прызналіся, што не ведаюць, як яно будзе.

Адметна, што рост заробкаў не прывёў да большых ашчаджэнняў: людзі проста сталі купляць болей, пакуль маюць такую магчымасць. 40 % наагул нічога не адкладаюць на чорны дзень.

Аналітыкі тлумачаць гэткія паводзіны тым, што людзі не маюць упэўненасці ў трываласці нацыянальнай валюты.

Hавiны
Вонкавы гандаль сышоў у мінус. У першым квартале імпарт перавысіў экспарт на $96 млн
2024.05.12 15:52

Адаптацыя эканомікі да санкцыяў дазволіла павышаць заробкі – і беларусы кінуліся набываць кватэры. Людзі залезлі ў свае скарбонкі, каму не хапала – узялі крэдыты, што сталі даступныя, і рынак ажыў пасля прасядання, выкліканага спачатку ковідам, а потым – вайною. Спачатку задавальняўся адкладзены попыт, а цяпер бум не сціхае, бо беларусы пачалі будаваць планы і адчуваць стабільнасць, пішуць аналітыкі BEROC:

«Грамадзяне паводзяцца больш рызыкоўна і дазваляюць сабе доўгатэрміновыя крэдытныя ўгоды. Нельга казаць, што людзі зусім не ўсведамляюць эканамічных рызык, але ацэнка іх сур’ёзнасці, хутчэй за ўсё, знізілася дзякуючы росту, што доўжыцца больш за год».

Улады, нахвальваючы эканоміку, не кажуць, што перспектывы далейшага росту – змрочныя. Дый не ўсе патэнцыйныя пакупнікі нерухомасці цікавяцца тым, што ж насамрэч адбываецца, і не могуць рацыянальна ацэньваць рызыкі.

Будаўніцтва жылога дому на вуліцы Шчорса ў Менску. 8 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Эксперты чакаюць, што да канца года ў Беларусі захаваюцца ўмовы, каб рынак нерухомасці яшчэ вырас: павелічэнне заробкаў не спыніцца, улады працягнуць мяккую манетарную палітыку, адпаведна, крэдыты моцна не падаражэюць. Таму павышаны попыт, што не сціхне, будзе штурхаць кошт кватэраў.

Што праўда, нельга выключаць іншага сцэнара. Праз жорсткае рэгуляванне коштаў прадпрыемствы зазнаюць пагаршэнне фінансавага стану. Каб ім дапамагчы, урад можа дазволіць павышаць цэны больш актыўна, а гэта паскорыць інфляцыю. У такім выпадку рэальныя заробкі перастануць расці гэтак жа шпарка, і гэта абавязкова адаб’ецца на рынку нерухомасці.

І Нацыянальны банк можа асмеліцца на больш жорсткую манетарную палітыку, тады падаражэюць крэдыты, і «хапун» кватэраў істотна запаволіцца.

Аналітыка
«Дэвальвацыя назіраецца пастаянна. Праблема ў іншым». Эканаміст – пра тое, як беларусам зберагчы свае грошы
2024.05.30 16:49
Аналітыка
Растуць попыт і цэны, аб’ёмы будаўніцтва – падаюць. Што адбываецца на рынку нерухомасці?
2024.02.08 06:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў