Байдэн таемна дазволіў Украіне наносіць удары па Расеі амерыканскай зброяй


Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна дала Украіне таемны дазвол наносіць удары амерыканскай зброяй па мішэнях унутры Расеі, піша «Politico» і іншыя буйныя еўрапейскія і амерыканскія медыі са спасылкай на свае крыніцы.

Сцягі Украіны і ЗША
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Украіны і ЗША на канферэнцыі, прысвечанай вучэнням «Rapid Trident 2014» у Явараве, Украіна. 19 верасня 2014 года.
Фота: Joshua Leonard / U.S. Army photo / Flickr

Паводле «Politico», інфармацыю пра дазвол пацвердзілі ў чацвер 30 траўня трое афіцыйных асобаў ЗША і яшчэ двое асобаў, знаёмых з гэтаю пастановаю.

Наносіць удары Украіна можа, аднак, не па ўсёй Расеі, а толькі ў зоне ўласнай Харкаўскай вобласці, што мяжуе з РФ. Забарона на дальнія ўдары ўглыб Расеі засталася. Раней ЗША і саюзнікі забаранялі выкарыстоўваюць зброю, дадзеную Украіне, для атак мішэняў унутры Расеі, каб не справакаваць удары ў адказ па краінах, што далі гэтую зброю. Украіна папрасіла ЗША змяніць такую палітыку толькі пасля таго, як у траўні пачаўся наступ Расеі на Харкаў, распавёў амерыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

«Прэзідэнт нядаўна даручыў сваёй камандзе забяспечыць Украіне магчымасць выкарыстоўваць амерыканскую зброю для агню ў адказ у Харкаўскай вобласці, каб Украіна магла нанесці ўдар па расейскіх войсках, якія наносяць ці рыхтуюцца нанесці ўдар», – зазначыла крыніца «Politico».

Цяпер Украіна зможа выкарыстоўваць дадзеныя Злучанымі Штатамі ракеты і ракетныя пускавыя сістэмы, каб збіваць расейскія ракеты, што накіроўваюцца ў бок Харкава, а таксама біць па войсках, што збіраюцца непасрэдна на расейскай мяжы каля гораду, або па расейскіх бамбавіках, што запускаюць бомбы ў бок Украіны. Але чыноўнік зазначыў, што Украіна не можа выкарыстоўваць гэтую зброю для ўдару па цывільнай інфраструктуры або для запуску ракетаў далёкага радыусу дзеяння, каб паражаць вайсковыя цэлі ў глыбіні Расеі.

Hавiны
«Час прыйшоў»: генеральны сакратар NATO заклікаў дазволіць Украіне біць заходняй зброяй па РФ
2024.05.25 08:50

Надоечы некаторыя краіны – саюзнікі ЗША заявілі пра дазвол Украіне выкарыстоўваць іх зброю для ўдараў па Расеі. 29 траўня пра адмену забароны заявіў намеснік кіраўніка польскага Міністэрства абароны Цэзары Томчык. 

28 траўня прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон таксама заявіў, што Украіне неабходна даць права «нейтралізаваць» вайсковыя базы, з якіх па яе тэрыторыі запускаюцца расейскія ракеты. Пры гэтым, паводле яго, у ЗСУ не можа быць права паражаць іншыя цэлі на тэрыторыі Расеі.

Раней урад Вялікай Брытаніі таксама зняў забарону на выкарыстанне брытанскай зброі ўнутры Расеі.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг лічыць, што краіны – саюзнікі ў вайсковым альянсе таксама мусяць дазволіць Украіне выкарыстоўваць зброю для нанясення ўдараў па вайсковых абʼектах у Расеі.

З крытыкай ідэй Стольтэнбэрга выступіла Італія. Так, прэм’ер-міністарка краіны Джорджа Мэлёні пасля заявы генеральнага сакратара NATO заклікала іншыя краіны «быць вельмі асцярожнымі». А віцэ-прэмʼер Італіі Матэа Сальвіні заявіў, што пра зняцце забароны «не можа быць і гаворкі».

Hавiны
Пастаўкі зброі ва Украіну павялічацца – кіраўнік NATO
2024.04.30 08:19

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў