Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?


Расейскія войскі з зацятасцю атакуюць Харкаўшчыну і б’юць па цывільнай інфраструктуры – так, апошняя атака забрала жыцці шасці чалавек, параненых – больш за два дзясяткі. Якіх мэтаў хоча дамагчыся расейскае войска, наносячы мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры, ці магчыма закрыць неба над Харкавам і як паўплывае на сітуацыю дазвол заходніх краін на выкарыстанне іхнай зброі для ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі Расеі? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з генерал-маёрам СБУ ў запасе, намеснікам кіраўніка СБУ з сакавіка 2014 года па чэрвень 2015 года Віктарам Ягуном.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сістэма «Patriot».
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Дзеля чаго РФ б’е па цывільнай інфраструктуры

Уначы 31 траўня расейскія войскі нанеслі ўдар па Харкаву. Ракета трапіла ў жылы дом, у выніку выбуху загінула шэсць чалавек, яшчэ чатыры чалавекі могуць заставацца пад заваламі. Шпіталізаваныя – 8 чалавек, сярод іх 12-гадовая дзяўчынка і 11-гадовы хлопчык.

На думку Віктара Ягуна, такім чынам Расея хоча справакаваць беспарадкі ў горадзе і дэстабілізаваць сітуацыю.

«Гэта звычайны тэрор, які мае на мэце проста ўзняць нейкую хвалю незадавальнення мясцовых жыхароў уладамі. Напрыклад, таму, што ўлады не ідуць на пагадненне аб замірэнні, або таму, што яны не хочуць таго ж, чаго хоча Расея», – адказаў генерал-маёр.

Для абстрэлаў быў абраны Харкаў, бо гэта «найбольш зручны аб’ект», кажа Віктар Ягун: мяжа знаходзіцца блізка, яго таксама зручна абстрэльваць шматлікімі відамі ўзбраення – балістычнымі ракетамі, авіяцыйнымі бомбамі, у некаторых месцах можа даставаць ствольная артылерыя.

Ці можна закрыць неба?

На пытанне аб тым, ці магчыма «закрыць» неба над Харкавам, Віктар Ягун прапанаваў паразважаць над наступным фактам: паводле дадзеных, якія апублікавала выданне «Financial Times», у заходніх краінаў ёсць не больш за 5 % сродкаў СПА, якія былі б неабходныя для належнай абароны краінаў усходняга флангу ад расейскіх атак у выпадку поўнамаштабнай вайны.

«Гэта значыць, калі б Расея выйшла на ўсходнія межы NATO і пачала б такі ж тэрор [як ва Украіне] па гарадах NATO, то прыкрыццё было б магчымым толькі пяці адсоткаў. Таму што проста фізічна няма тых установак, якія павінны быць. Ніхто не разлічваў на татальную вайну і на неабходнасць прыкрыцця такой вялізнай тэрыторыі», – кажа Віктар Ягун.

Сістэмы «Patriot» былі прызначаныя для прыкрыцця неба на пэўным дыяпазоне – напрыклад, над атамнай станцыяй або над вялікім горадам, і тое дзеля гэтага ўстаноўкі перакідваюцца з месца на месца, адзначыў суразмоўца.

«Іх няма фізічна. Адкуль іх узяць? Дзеля таго, каб стварыць гэтую сістэму [«Patriot»] або аналагічную нямецкую, трэба не меней за паўгода, таму ўсё, што могуць даваць, яны [хаўруснікі Украіны] даюць адразу. Такога паняцця, што дзесьці на складах стаяць тысячы гэтых установак і іх проста не даюць – такога няма», – кажа вайсковец.

Але самае асноўнае, падкрэслівае суразмоўца, гэта нават не сістэмы «Patriot». У першую чаргу вялікае значэнне мае авіяцыя і ейная здольнасць «бачыць» у глыбіню расейскай тэрыторыі. Гэта дасць магчымасць пачаць знішчэнне не толькі тых узброеных бомбамі самалётаў, якія набліжаюцца да ўкраінскіх межаў, ці нават ракет, а менавіта тых установак, якія запускаюць гэтыя ракеты, бо, як адзначае суразмоўца, перахапіць зенітную ракету, пераробленую ў балістычную С-300, вельмі складана, «амаль што немагчыма».

Заходняй зброяй па расейскіх аб’ектах

На сённяшні дзень ужо мінімум 14 краін далі свой дазвол на тое, каб іхная зброя выкарыстоўвалася па цэлях у Расейскай Федэрацыі. Гэта Францыя, Вялікая Брытанія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Нідэрланды, Швецыя, Чэхія, Фінляндыя, Канада. 30 траўня ў гэты лік увайшлі Данія, Нарвегія і Нямеччына. Пазіцыя Злучаных Штатаў Амерыкі была яшчэ не да канца зразумелай. У заходніх СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што нібыта Джо Байдэн даў дазвол на яе выкарыстанне, аднак з пэўнымі абмежаваннямі: нібыта толькі на ўчастку, прылеглым да Харкаўскай вобласці.

Як адзначыў у размове Віктар Ягун, ва Украіне зараз ходзіць анекдот аб тым, што цяпер «уся Расея знаходзіцца ў раёне Харкава». Таму з гэтай нагоды ён выказаў недаўменне з нагоды фармулёўкі: «прылеглы ўчастак» – гэта 10 кіламетраў, 30 ці 500?

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас апошняга візіту ва Украіну. Кіеў, 15 траўня 2024 года.
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

У той жа час украінскі генерал адзначыў, што ЗША далі такі дазвол яшчэ раней, і спаслаўся на словы Энтані Блінкена, якія той прамовіў 15 траўня падчас апошняга візіту ва Украіну. Тады дзяржсакратар падкрэсліў, што Украіна сама рашае, як супрацьдзейнічаць расейскай агрэсіі, хаця ЗША не ўхваляюць удараў за межамі краіны.

«На самай справе ва Украіне пачынаецца трошкі неразуменне палітыкі менавіта Белага дома (не Злучаных Штатаў), і сапраўды ўзнікае пытанне да пэўных дэмакратаў: дык вы хочаце, каб мы выйгралі, ці вы хочаце, каб мы проста засталіся жывымі, але суіснавалі з такім монстрам побач?» – адзначае Ягун.

Пры гэтым генерал упэўнены, што пасля ўсіх заяваў, заходняя зброя ўсё ж такі будзе выкарыстоўвацца для нанясення ўдараў па цэлях у РФ.

Адзначым, што 31 траўня стала вядома, што Белы дом усё ж даў дазвол на выкарыстанне ракетных сістэмаў залпавага агню «HIMARS», кіроўных боезапасаў «GMLRS» і артылерыі для ўдараў па тэрыторыі РФ, з якой расейцы атакуюць Харкаўскую вобласць. Аднак гэты дазвол не распаўсюджваецца на выкарыстанне дальнабойных ракет «ATACMS».

Пацвердзіў пазіцыю ЗША і Уладзімір Зяленскі, ён адзначыў, што атрымаў раніцай 31 траўня такое паведамленне ад «вайскоўцаў». «Я не магу расказаць падрабязнасці. Я хачу ўбачыць, што адбудзецца на практыцы», – сказаў украінскі прэзідэнт.

Але сапраўды, што адбудзецца на практыцы, што дасць для Украіны магчымасць выкарыстоўваць заходнюю зброю для ўдараў па расейскіх аб’ектах?

На думку Віктара Ягуна, гэта дасць магчымасць сустрэць варожыя самалёты на падыходзе да Харкава, а гэта значыць, можна будзе выключыць выкарыстанне так званых «кабаў», кіроўных авіяцыйных бомбаў, якія ўжо «дакладна не будуць падаць на горад». Бо вядома, што расейскія самалёты нават не заходзяць у паветраную прастору Украіны, а запускаюць авіяцыйныя бомбы на падлёце за 70 кіламетраў да горада.

Па-другое, украінская армія зможа «накрываць» лагістычныя ваенныя аб’екты, якія выкарыстоўваюцца для накаплення сіл і сродкаў ворага ў найбліжэйшым памежжы, ад 100 да 200 кіламетраў. Так, адзначае суразмоўца, аэрадром, які выкарыстоўваюць самалёты для бамбардавання Харкава, знаходзіцца бліжэй, чым аэрадром «Бельбек», які абстрэльваецца ўкраінскімі войскамі (знаходзіцца на паўночным захадзе Севастопаля).

«Ну і адпаведна, касетныя боезапасы могуць дапамагаць нам накрываць згуртаванні ворага ў найбліжэйшым памежжы яшчэ да таго, як яны будуць спрабаваць пераступіць нашу мяжу. Гэта, дарэчы, вельмі важна не столькі на харкаўскім, колькі на сумскім напрамку, дзе ў нас ёсць інфармацыя пра тое, што ёсць накапленне нейкай сілы. І калі мы зараз зможам накрыць некалькі такіх размяшчэнняў ворага, то я думаю, жаданне наступаць у тым ці іншым напрамку ў іх дакладна знікне», – адзначыў Віктар Ягун.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Літвы мяркуе, што Украіна мае права біць па вайсковых цэлях у Беларусі
2024.05.31 18:25

Руслан Ігнатовіч / Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў