У Маладзечне затрымалі былога жаўнера французскага Замежнага легіёну


Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманне ў Маладзечне беларуса, які ў пачатку 2000-х праходзіў службу ў французскім Замежным легіёне. Яго вінавацяць у зборы дронаў для кантрабандыстаў і «абмеркаванні розных тэмаў у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах».

У Маладзечне затрымалі былога жаўнера французскага Замежнага легіёну.
Фота: gpkgovby / Telegram

Аляксандра затрымалі 29 траўня аператыўнікі Полацкага памежнага атраду і байцы АМАПу. У Памежным камітэце сцвярджаюць, што мужчына нібыта мае дачыненне да «перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў праз дзяржаўную мяжу».

Сцвярджаецца, што ў перыяд з 2000 да 2005 год Аляксандр праходзіў службу ў французскім Замежным легіёне і браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афрыкі. На відэа, якое запісалі сілавікі пасля затрымання, мужчына кажа, што цяпер ягонае хобі – збіраць беспілотнікі для асабістых мэтаў.

Памежны камітэт паведамляе, што падчас ператрусу былі знойдзеныя дэталі для збору дронаў, паветраная вінтоўка «саматужнай вытворчасці», нямецкая вінтоўка «Mauser», боепрыпасы калібру 7,62 мм, а таксама кулі для дробнакалібернай вінтоўкі.

Цяпер жыхар Маладзечна ў ІЧУ. Паводле якога артыкулу распачатая крымінальная справа, невядома. У прэс-рэлізе зазначаецца, што «мужчына актыўна браў удзел у абмеркаванні розных тэмаў у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах», аднак не ўдакладняецца, ці збіраюцца яму выставіць абвінавачванні ў звязку з гэтым.

Hавiны
У Воранаўскім раёне пачалі прыходзіць да тых, у каго засталіся дроны
2024.04.19 13:35

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў