У Беларусі – чарговы антырэкорд на рынку вакансіяў


У Беларусі няўхільна павялічваецца недахоп працоўнай сілы. Цягам некалькіх дзён у агульнарэспубліканскім банку вакансіяў расце колькасць прапановаў працы. Станам на 1 чэрвеня па ўсё рэспубліцы не хапае 154 010 працаўнікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кірмаш вакансіяў у Менску.
Фота: 1prof.by

Колькасць адкрытых вакансіяў расце цягам некалькіх дзён. Так, 29 траўня ў краіне патрабаваліся 153 902 працаўнікі, 27 траўня – было крыху больш за 152 тысячы вакансіяў, 8 траўня было адкрыта 148 741 пазіцыяў для працаўнікоў, у лютым іх было 137 256.

На першым месцы па колькасці вакансіяў лідзіруе Менск – тут не хапае 39 151 працаўніка, затым ідзе Менская вобласць – тут недахоп складае 24 196 працаўнікоў. За ёй ідуць памежныя з Еўразвязам вобласці – Берасцейская з 20 494 вакансіямі і Гарадзенская – 18 654. За імі – Віцебская – 17 854, Гомельская – 17 292 і Магілёўская – 16 329.

Што да заробкаў, то больш за дзве тысячы рублёў прапануецца ў 8850 вакансіях, у 57 883 выпадках гатовыя плаціць ад адной да дзвюх тысячаў рублёў. У большай частцы вакансіяў (67 393) прапануецца заробак да адной тысячы рублёў, па сённяшнім курсе гэта крыху больш за 300 долараў (прычым, верагодна, большасць працадаўцаў указваюць заробак яшчэ да выліку падаткаў).

Нагадаем, што недахоп кадраў прызнаваўся нават на найвышэйшым узроўні. Аляксандр Лукашэнка прапануе нават уладкоўваць на заводы пенсіянераў, а новае жытло будаваць як у савецкі час – вакол прадпрыемстваў, каб забяспечыць іх працоўнаю сілаю. У сярэдзіне траўня «Горадню Азот» шукалі каля 700 спецыялістаў, аб чым з’явілася абвестка ў тэлеграм-канале «Агенцтва тэлевізійных навінаў» Белтэлерадыёкампаніі. Але высокія заробкі там прапануюцца хіба што топавым чыноўнікам.

Аб’ектыў
У Беларусі адбываецца рэкордны недахоп кадраў
2024.05.30 20:39

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў