Зямлю накрые новая магнітная бура і можна будзе зноў убачыць палярнае ззянне


У ноч на 1 чэрвеня ў розных рэгіёнах планеты зноў можна будзе ўбачыць паўночнае ззянне, выкліканае чарговаю магутнаю бурай, якая стала вынікам выкіду сонечнай масы праз успышку 29 траўня.

Палярнае ззянне. Поўнач Злучанага Каралеўства. 10 траўня 2024 года.
Фота: Rab Lawrence / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

«У базавым сцэнары выключна высокія верагоднасці палярных ззянняў у ноч з пятніцы на суботу», – паведамілі даследнікі лабараторыі сонечнай астраноміі і геліяфізічнага прыборабудаўніцтва Інстытуту касмічных даследаванняў Расейскай акадэміі навук і Інстытуту сонечна-зямной фізікі Сібірскага аддзялення РАН.

Паводле навукоўцаў з Цэнтру прагназавання касмічнага надвор’я ЗША (SWPC), у ноч на 1 чэрвеня ўзровень узрушанасці магнітнага поля Зямлі магчымы на ўзроўні G2, што азначае «сярэдне» паводле 5-бальнай шкале. Таксама ёсць каля 15 % імавернасці буры на ўзроўні G3. Ужо ўзровень G2 можа выклікаць перабоі ў працы энергетычных сістэмаў на Зямлі, парушэнні высокачастотнай радыёсувязі і праблемы з радыёнавігацыяй.

11 траўня Зямлю накрыла магнітная бура ўзроўню G5. Такая магутнасць была зафіксаваная ўпершыню за 20 гадоў. Ранкам 10 траўня на Сонцы адбылася ўспышка наймагутнейшага класу X: гіганцкі кластар плямінаў, у 15 разоў шырэйшы за Зямлю, даў вывяржэнне, часцінкі якога даляцелі да зямлі ў ноч на 11 траўня. На зямлі адзначылі геамагнітную буру максімальнага класу G5. Палярнае ззянне назіралі ў нетыповых для яго шыротах – нават у Беларусі.

Прыкладна кожныя 11 гадоў актыўнасць Сонца нарастае, што прыводзіць да шматлікіх успышак на яго паверхні. Гэта прыводзіць да ўзмацнення геамагнітных бураў і з’яўлення палярнага ззяння нават у нетыповых месцах. Цяперашні сонечны цыкл можа дасягнуць піку цягам наступнага года.

Фота
У Еўразіі і Амерыцы (і ў Беларусі!) бачылі палярнае ззянне – была «сонечная бура стагоддзя»
2024.05.11 08:04

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў