«Пра гэта не раскажуць у школе». «Васьміног» запускае онлайн-курсы для дзяцей у Беларусі і за мяжой


З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей, які штогод адзначаецца 1 чэрвеня, праект «Васьміног» афіцыйна адкрывае онлайн-курсы для дзяцей школьнага веку.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: vasminoh.school

У аснове канцэпцыі навучальных курсаў – ідэя пра тое, што на сайце «Васьмінога» беларускія дзеці ў эміграцыі, а таксама іхныя аднагодкі ў самой Беларусі могуць атрымаць веды, якіх ім не даюць у  навучальных установах. Гаворка пра дысцыпліны з беларусацэнтрычным падыходам.

«Пра гэта вам не раскажуць у школе» – такую творчую задачу ставілі перад сабою стваральнікі курсаў.

«Мы радыя прадставіць зусім новую адукацыйную платформу, распрацаваную спецыяльна для беларускіх дзяцей, напоўненую курсамі, якія аднолькава абяцаюць задавальненне і навучанне. Нашая платформа простая ў карыстанні і даступная з дому або ў дарозе. Незалежна ад таго, пачатковец вы, філосаф ці будучы гісторык – тут кожны знойдзе што-небудзь для сябе. Далучайцеся да нас, каб не толькі вучыцца, але і кінуць выклік вашай творчасці і абудзіць вашую цікаўнасць», – запрашае да навучання на платформе «Васьмінога» кіраўнік адукацыйнага праекту Аляксей Канстанцінаў.

Усе прапанаваныя прадметы можна праходзіць у асінхронным рэжыме, у зручны час і самастойна на сайце Vasminoh. Для падвышэння інтарэсу дзяцей да навучальнага працэсу распрацоўнікі прадметаў, сярод якіх ёсць заслужаныя настаўнікі, выкарыстоўвалі элементы анімацыі і крэатыўныя задачы.

Агляд
«У Беларусі бацькі баяцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя школы». Дзе вучыцца на роднай мове?
2024.02.21 17:39

Сярод прадметаў, якія прапаноўваюцца для малодшага веку:

  • курс хуткачытання для дзяцей праз забаўкі, кўэсты, размалёўкі і творчае мысленне;
  • захапляльнае беларускамоўнае падарожжа анімаваных герояў Аленкі і Дзімкі па краіне галаваломак «А – Я Чытаю на роднай мове»;
  • курс «Чароўны карагод года» з сапраўднымі іншапланетнікамі, якія з захапленнем вывучаюць сусвет і беларускую мову;
  • дзівосная вандроўка ў чароўны лес, дзе кожная жывёлінка ўмее размаўляць і дапаможа вывучыць алфавіт і нават чытаць;
  • курс «Вучымся чытаць»з інтэрактыўнымі заданнямі і захапляльнымі пазламі, дзе кожная літара – гэта прыгода;
  • курс сцэнічнай прамовы і тэатру «Гавары-ка!», які ідэальна падыходзіць для малодшых школьнікаў, якія мараць выйсці на сцэну.

Для падлеткаў:

  • курс па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага;
  • курс «Беларусь праз стагоддзі»;
  • курс па філасофіі «Святло з пячоры Платона»;
  • курс «Эпоха небяспечнага натхнення. Мастацтва Беларусі 1920-х гадоў»;
  • літаратурны курс «Знак бяды» пра твор Васіля Быкава,
  • «Жанчыны ў гісторыі Беларусі» і іншае.

Адукацыйны праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускаю Радаю культуры. Афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.

Hавiны
Цэнтр беларускай салідарнасці бясплатна падрыхтуе дзяцей беларусаў да экзаменаў у Польшчы
2024.05.15 14:06

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў