Новыя санкцыі, камуналка і дарагія візы. Што зменіцца для беларусаў у чэрвені


У чэрвені жыхароў Беларусі на радзіме і за мяжою чакае шэраг зменаў. Гэтак, у Беларусі стануць даражэйшымі камуналка і некаторыя тавары, зменяцца правілы ў розных сферах і сістэма аплаты працы топ-менеджараў дзяржаўных канцэрнаў. Пэўныя змены закрануць беларусаў і ў Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Квітанцыя і беларускія грошы. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Падаражэюць камуналка, бензін і цыгарэты

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ўжо выраслі з 1 студзеня. Другі этап планавага падаражэння звычайна прыпадае на 1 чэрвеня, калі зменяцца тарыфы на ацяпленне, падагрэў вады і электраэнергію. У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі абяцалі, што тарыфы сёлета вырастуць не больш як на 20 рублёў.

З 1 чэрвеня падаражэюць некаторыя маркі цыгарэтаў. На 10–15 капеек стануць даражэйшымі «Pall Mall Superslims Azure», некаторыя віды «Rothmans», «Camel», «Richmond Compact Special Blue» і «Sobranie Caster». Значна падаражэюць цыгарэты «Vogue» – на 1,7 рубля.

Таксама «Белнафтахім» пачаў з 21 траўня павялічваць цэны на паліва. Падаражэнне адбываецца паэтапна, кожны тыдзень на 1 капейку. Агулам цэны маюць вырасці на 8 капеек. То бок даражэць паліва будзе ў тым ліку 3, 10, 17, 24 чэрвеня, а таксама 1 і 8 ліпеня.

Змены ў Польшчы, што датычаць беларусаў

З 1 чэрвеня нацыянальная віза Польшчы падаражэе для беларусаў да 135 еўраў. Раней за яе трэба было плаціць 80 еўраў. Памер збору за шэнгенскую візу застанецца ранейшым – 35 еўраў. Акрамя таго, з 6 да 11 чэрвеня візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Гомлі і Магілёве не будуць прымаць заяваў на атрыманне шэнгенскіх візаў.

Таксама Польшча з 4 чэрвеня ўводзіць 90-дзённую забарону на перабыванне паблізу мяжы з Беларуссю. Забарона закране 27 участкаў у Падляскім ваяводстве – 26 месцаў у Гайнаўскім павеце і адно ў Беластоцкім.

30 чэрвеня міне тэрмін, падчас якога грамадзяне Беларусі могуць атрымаць на спрошчаных умовах польскі праязны дакумент, што замяняе сабой у паездках за мяжу пашпарт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць да аўтобусу на Варшаве Заходняй. Варшава, Польшча.
Фота: Белсат

Стане вядома, каму давядзецца закрыць ІП

У чэрвені павінны зацвердзіць спісы відаў дзейнасці, якімі можна займацца індывідуальным прадпрымальнікам, самазанятым і рамеснікам. Рэгістраваць ІП паводле відаў дзейнасці, якіх не будзе ў спісе, перастануць з 1 кастрычніка.

Заплаціць падатак за 2023 год

Да 3 чэрвеня трэба заплаціць падатак на даходы, атрыманыя ў 2023 годзе. Калі сума нявыплачанага (або недаплачанага) збору перавысіць 20 рублёў, то штраф складзе 15 % ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 20 рублёў.

Выпускныя і абмежаванні алкаголю

З 1 чэрвеня стартуюць вакацыі ў школьнікаў. А 14 чэрвеня ў школах пройдуць выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі. У гэты дзень у Беларусі абмяжуюць час продажу алкагольных напояў. Абмежаванні не датычаць абʼектаў грамадскага харчавання і не распаўсюджваюцца на продаж алкаголю крамамі для пахаванняў і вяселляў.

Уступная кампанія

У Беларусі працягваецца ЦТ. 3 чэрвеня яна пройдзе па матэматыцы, біялогіі, геаграфіі, замежнай мове (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай) і сусветнай гісторыі, 6 чэрвеня – па грамадазнаўстве, хіміі, фізіцы і гісторыі Беларусі. Рэзервовымі днямі вызначаныя 19 чэрвеня (па ўсіх прадметах), 23 чэрвеня (па беларускай і расейскай мовах), 21 чэрвеня (па астатніх прадметах). Для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні абітурыенты маюць прайсці рэгістрацыю з 10 да 14 чэрвеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі цэнтралізаванага тэставання паказваюць дакументы, каб увайсці ў будынак для здачы ЦТ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

27 чэрвеня стартуе ўступная кампанія ў ВНУ для мэтавікоў. Выпрабаванні пройдуць у вуснай або ў практычнай форме, у залежнасці ад прадмету, здаваць абітурыенты будуць адзін прадмет экзаменацыйным камісіям ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Што датычыць тэрміну прыёму ў 10 і 11 класы гімназіяў і школаў, то заявы неабходна падаць з 12 чэрвеня да 17 жніўня.

Новыя санкцыі

З 1 чэрвеня да 31 снежня 2026 года Беларусь прыпыніць выкананне шэрагу міжнародных дамоваў аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання ў частцы артыкулаў, якія рэгулююць падаткаабкладанне дывідэндаў, працэнтаў і даходаў ад адчужэння маёмасці. Гэта закране 27 краінаў, сярод іх ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Нямеччына, Вялікая Брытанія.

Таксама з 3 чэрвеня пашырацца абмежаванні для імпарту тавараў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі. Пад забарону трапілі піва, абутак, касметычныя сродкі, бытавая хімія, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмасаў, цэтлікі і этыкеткі з паперы і кардону, пасцельныя прыналежнасці, вопратка, посуд.

У сваю чаргу Рада Еўрапейскай арганізацыі ядравых даследаванняў з 27 чэрвеня разарве пагадненне аб міжнароднай супрацы з Беларуссю.

Навіны ад мабільных аператараў

Кампанія «А1» з 1 чэрвеня павысіць цэны на асобныя роўмінг-пакеты. А «Life» з 1 чэрвеня для аператара «Mongolia Unitel LLC» дадасць магчымасць падключаць роўмінг і знізіць цэны на званкі.

Новыя заробкі кіраўнікоў канцэрнаў

З 1 чэрвеня зменяцца правілы аплаты працы кіраўнікоў канцэрнаў, падпарадкаваных Савету міністраў (Белдзяржхарчпраму, Белнафтахіму, Беллёгпраму, Беллеспаперапраму ды іншых) і іхных намеснікаў. Гэтак, вырастуць тарыфныя каэфіцыенты для вылічэння іх тарыфных акладаў. Кіраўнікам канцэрнаў устанаўліваецца (было – можа ўсталёўвацца) надбаўка за складанасць і напружанасць кіраўніцкай працы памерам да 150 % акладу, намеснікам – да 120 % акладу. Таксама змяніліся крытэрыі прэміявання топ-менеджараў. Апроч таго, кіраўнікам канцэрнаў і іхным намеснікам цяпер можна будзе выплачваць новы від матэрыяльнай дапамогі ў суме да двух акладаў за год.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на дом са шпілем. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Змены ў рэгістрацыі аўтаў

З 17 чэрвеня змяняюцца пытанні рэгістрацыі і ўліку транспартавых сродкаў. Стане магчымая выдача без тэхагляду пасведчання аб рэгістрацыі ў выпадках яго страты, дрэннага стану або выдачы такога пасведчання наўзамен тэхнічнага пашпарта. Таксама, сярод іншага, з 10 да 30 дзён павялічыцца максімальны тэрмін звароту ўласніка (лізінгаатрымальніка) у рэгістрацыйнае падраздзяленне па рэгістрацыю транспартавага сродку пасля яго набыцця на тэрыторыі ЕАЭС.

Новыя выдаткі на летнікі і пахаванні

З 1 чэрвеня вырастуць грашовыя нормы выдаткаў на харчаванне дзяцей, якія праходзяць спартовую падрыхтоўку ў спартовна-аздараўленчых летніках.

Таксама на 21,4 рубля павялічыцца памер дапамогі на пахаванні. Ён пераглядаецца кожны месяц у залежнасці ад сярэдняга заробку ў Беларусі за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты смерці. З 1 чэрвеня сума дапамогі на пахаванне складзе 2182 рублі 50 капеек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы адзначаюць Радаўніцу. Барысаў, Беларусь.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Змены ў цягнікоў і самалётаў

З 1 чэрвеня адкрываюцца авіямаршруты паміж Ульянаўскам і Менскам, а таксама плануецца аднавіць беспасярэднія авіярэйсы з Менску ў Самару. У абодва кірункі будуць лётаць у суботы самалёты авіякампаніі «Red Wings». 11 чэрвеня маюць стартаваць палёты з Менску ў егіпецкі аэрапорт Эль-Алямэйн. Турыстам прапануюць курорты Эль-Алямэйн, Мэрса-Матрух і ў Александрыю. Планаваць адпачынак можна да 4 кастрычніка.

Беларуская чыгунка з 1 чэрвеня да 31 жніўня надае дзецям у веку ад 10 да 17 гадоў уключна зніжку на праезд да 25 % на паездкі ў Расею. Зніжка будзе дзеяць пры праездзе ў купэйных вагонах цягнікоў у бок Адлеру, Анапы, Самары і Пскова.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў