Цяпер для спартоўцаў важна, якая ў цябе палітычная пазіцыя

2020 год змяніў стаўленне шмат да якіх рэчаў, і гэты датычыць у тым ліку спорту. Калі раней ты перажываў за спартоўца толькі таму, што ён рэпрэзентуе Беларусь, то цяпер гэтага мала. Важная пазіцыя спартоўца ці спартоўкі.

Крысціна Ціманоўская на спаборніцтвах у Шчэціне.
Фота: Reuters

Шмат беларускіх спартоўцаў, якія ў 2020 годзе падтрымалі народ, у выніку моцна пацярпелі праз гэта. Яны альбо спынілі свае карʼеры, альбо былі вымушаныя ўзяць паўзу, бо за чатыры гады не ўсе здолелі развязаць пытання легалізацыі за мяжою. Шмат хто не меў шанцаў адабрацца на Алімпіяду ў Парыж, чаго не скажаш пра спартоўцаў, якія выступяць хоць і ў нейтральным статусе, але ўсё роўна рэпрэзентуюць афіцыйны Менск.

Але былі, вядома, і выключэнні.

Напрыклад, Крысціна Ціманоўская, якая пасля скандалу на мінулай Алімпіядзе ў Токіа атрымала польскае грамадзянства. Нагадаем, што пасля крытыкі кіраўніцтва беларускай дэлегацыі спартоўку гвалтам спрабавалі вывезці ў Беларусь. Туды яна не захацела вяртацца і была эвакуяваная ў Польшчу, дзе ў парадку выключэння атрымала польскае грамадзянства і адабралася ў складзе зборнай Польшчы на Алімпійскія гульні ў Парыж, яна выступіць у эстафеце 4×100. Пры гэтым Крысціна працягвае падтрымліваць беларускі народ і дэмакратычныя сілы.

А вось беларускія лёгкаатлеты разам са сваймі расейскімі сябрамі аказаліся пад поўным банам. Напрыклад, Максім Недасекаў, які на апошняй Алімпіядзе (у Токіа) заваяваў бронзу, а цяпер актыўна падтрымлівае вайну і рэжым Лукашэнкі. Цяпер Недасекаў можа выступаць толькі ў Беларусі ці Расеі.

Падтрымлівала рэжым і тэнісістка Арына Сабаленка, але была вымушаная адхрысціцца ад Лукашэнкі, каб не страціць магчымасці выступаць і зарабляць. Нагадаем, што ў тэнісе спартоўцы могуць выступаць у нейтральным статусе, на сёння другая ракетка свету зʼехала ў ЗША, дзе і зрабіла наступную заяву: «Я не падтрымліваю вайны, а гэта значыць, што не падтрымліваю Лукашэнкі цяпер». Ці шчырыя былі тыя словы Сабаленкі? Мяркую, яны былі сказаныя, каб не сапсаваць карʼеры.

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 28 студзеня 2023 года.
Фота: WTA / Twitter

У ЗША раптам аказалася Вольга Ясяновіч, трэнерка самай перспектыўнай беларускай плыўчыхі Настассі Шкурдай. Пасля пераезду Ясяновіч заявіла: «Я шкадую толькі пра тое, што не зрабіла гэтага раней. Разумееце, кожны чалавек рана ці позна ўпіраецца ў сваю столь. З Насцяю мы дайшлі да алімпійскага фіналу, і я выдатна разумела: каб апынуцца на пастаменце, нам трэба нешта іншае. Мае беларускія рэсурсы скончыліся, цалкам скончыліся. Я вывучыла нашую сістэму ад А да Я, усё ў ёй зразумела, і, паверце, можна было б спакойна існаваць яшчэ не адзін год і нядрэнна сябе пры гэтым адчуваць. Але гэта не мой шлях. Каб застацца сабою, мне трэба было нешта памяняць. І я памяняла краіну».

І дадала, што прапаноўвала пераехаць у ЗША і Шкурдай, але тая зрабіла іншы выбар: «Шкурдай пастанавіла застацца ў Беларусі, федэрацыя знайшла ёй расейскага трэнера, і цяпер яна трэнуецца ў яго ў ПАР. Ведаю, там камфортныя ўмовы, і яе ўсё задавальняе», – апавяла Ясяновіч.

Агляд
Як спартоўцы з Беларусі прабіваюцца на міжнародную арэну?
2024.02.08 14:41

Свой выбар Шкурдай пракаментавала так: «Мне спадабалася тамтэйшая свабода. Людзям усё роўна, як ты выглядаеш і што робіш. Хаця ў цэлым я даволі спакойны і не ўражлівы чалавек, якога складана нечым моцна зацікавіць. Я разглядала варыянт паступіць ва ўніверсітэт у ЗША, але магчымасці вучыцца там бясплатна ў мяне, на жаль, няма. Паколькі я брала ўдзел у гэтак званай Прафесійнай лізе плавання, неабходна было плаціць. А адукацыя ў Штатах каштуе вялізных грошай. У маім выпадку – 70 тысяч долараў».

Пры гэтым Шкурдай магла знайсці сабе спонсара для аплаты навучання, але зрабіла іншы выбар.

Доўгі час беларускае плаванне было пад забаронаю, але сёлета некалькіх беларускіх плыўцоў дапусцілі да сусветных спаборніцтваў. У Парыжы Настасся Шкурдай выступіць у нейтральным статусе. Яна не дапускае ніякіх палітычных выказванняў: нічога не кажа пра вайну в Украіне і падзеі 2020 года, але не падтрымлівае публічна рэжыму Лукашэнкі. Аднак любы поспех спартоўкі на Алімпіядзе на сваю карысць выкарыстае прапаганда рэжыму.

Гандбаліст з польскага клубу «Кельцэ» Арцём Каралёк – топавы беларускі спартовец. Больш за тое, ён рашуча асудзіў вайну ва Украіне і выступаў супраць гвалту ў нашай краіне, актыўна падтрымліваў беларускі народ. Заяўляў, што не падтрымлівае рэжыму Лукашэнкі, але прыязджаў у нацыянальную гандбольную зборную, якая не можа браць удзелу ў афіцыйных стартах. Пазіцыі Каралёк не змяніў.

А вось футбольная зборная Беларусі можа браць удзел у афіцыйных гульнях, толькі найлепшы на сёння беларускі футбаліст адмаўляецца гуляць за яе. У 2020 годзе Ілля Шкурын падтрымаў беларускі народ і заявіў, што не будзе выступаць за беларускую зборную, пакуль у краіне трымаецца рэжым Лукашэнкі. І слова сваё стрымаў. Ілля правёў фантастычны сезон за польскі клуб «Сталь» з Мельцу. Забіў 16 галоў і стаўся другім бамбардзірам чэмпіянату Польшчы, пабіў шэраг рэкордаў. На сёння Ілля адзін з самых топавых беларускіх спартоўцаў ды адкрыта выступае супраць рэжыму Лукашэнкі і вайны ва Украіне.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў