«Рудабельская паказуха»: суд агучыў завочныя прысуды Андрэю Павуку, Маргарыце Ляўчук і іншым


У Берасцейскім абласным судзе вынеслі завочныя прысуды блогеру Андрэю Павуку, ягонай жонцы Вользе Павук, а таксама опернай спявачцы Маргарыце Ляўчук, блогеру Ілью Салянкову, музыку Уладзіславу Наважылаву і прадусару Аляксандру Чахоўскаму.

Андрэй Павук і Маргарыта Ляўчук у дуэце «Красная зелень».
Фота: Рудабельская паказуха / Facebook

Суд па крымінальнай справе, заведзенай на аўтараў YouTube-канала «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука і Вольгу Павук, прайшоў у фармаце спецыяльнага вядзення, бо «абвінавачаныя схаваліся ад правасуддзя», адзначае пракуратура Берасцейскай вобласці. Пры гэтым, піша БелТА са спасылкай на пракуратуру, былі «выкананыя агульныя правілы судовага разбіральніцтва».

Суд прызнаў Андрэя і Вольгу вінаватымі «ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем; зборы грашовых сродкаў і іншай маёмасці любым спосабам для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове». Іх абвінавацілі таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы; паклёпе ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі; абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады; незаконных дзеяннях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных і інш.

Прысуд Андрэю Павуку – 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 5 тысячаў базавых велічыняў (200 тысячаў рублёў), Вользе Павук – 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 2,5 тысячы базавых велічынь (100 тысячаў рублёў).

За ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні «Рудабельская паказуха» і здзяйсненні ў яго складзе шэрагу іншых злачынстваў» былі асуджаныя Маргарыта Ляўчук, Ілья Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў. Вырак – ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі і штраф ад 500 да 800 базавых велічыняў.

Прадусара Аляксандра Чахоўскага судзілі за абразу прадстаўніка ўлады і гвалт з дзяржаўных сімвалаў. Паводле сукупнасці «злачынстваў» яму прызначанае пакаранне ў выглядзе 3 месяцаў арышту.

Як адзначаецца, прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў