Котаў: Або Кітай націсне на Лукашэнку, або пабудова жалезнай заслоны прыспешыцца


Польшча стала ўсё больш увагі звяртаць на ўласную бяспеку. Гэтак у каментары «Белсату» пракаментаваў скарачэнне ёю выдачу візаў і магчымасць закрыцця памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю палітолаг Анатоль Котаў.

Анатоль Котаў. Варшава, Польшча. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На думку палітолага, скарачэнне выдачы Польшчай візаў, якое адбылося ў 2024 годзе, і змена правілаў у іх атрыманні, скароціць магчымасці для выезду з Беларусі, «перадусім паводле гуманітарных прычынаў, з прычыны пераследу палітычнага». Анатоль Котаў адзначыў, што падобныя візавыя абмежаванні ўжо адчулі на сабе беларусы з боку іншых краінаў Еўразвязу, у тым ліку суседніх Літвы і Латвіі. Але з боку Польшчы ўсё яшчэ захоўвалася больш прыхільнае стаўленне, дадаў ён. Цяпер жа сітуацыя мяняецца і з польскага боку.

«Гэта адбываецца з прычын, звязаных з разуменнем Польшчай сваіх праблемаў, звязаных з бяспекай. Чым больш працягваецца вайна супраць Украіны, чым больш працягваецца міграцыйны крызіс, стаўлення да міграцыі з Беларусі пачынае змяняцца», – сказаў Котаў.

Палітолаг нагадаў, што ўжо раней былі выяўленыя праблемы злоўжывання з візамі для айцішнікаў, як і тое, што атрымлівалі іх у тым ліку прадстаўнікі і прыхільнікі лукашэнкаўскага рэжыму, «якія, відавочна, не падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, якія едуць у Еўропу, каб шкодзіць».

Тым не менш, Котаў падкрэсліў, што Польшча працягвае ставіцца прыхільна нават да эканамічных мігрантаў з Беларусі, бо «беларусы тут, напэўна, адзін з найлепшых варыянтаў, бо гэта ментальныя блізкія людзі».

Ці падзейнічаюць аргументы на Кітай?

Кажучы пра магчымасць закрыцця Польшчай памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю, палітолаг адзначыў важнасць закрыцця менавіта тых, праз якія вязуцца тавары – як аўтамабільных, так і чыгуначных. А вось колькасць адкрытых пасажырскіх пунктаў пропуску варта было б нават павялічыць.

«Калі яны жадаюць даць па руках менавіта рэжыму, то трэба пачынаць менавіта з тых памежных пунктаў пропускаў, праз якія трапляе тавар», – сказаў Котаў.

Ён нагадаў, што праз такія пункты ў Польшчы таксама трапляе кантрабанда. А нядаўна былі выяўленыя першыя, і як мяркуе Котаў не апошнія, спробы незаконных мігрантаў з краінаў Азіі і Афрыкі перасекчы мяжу ў таварных цягніках.

Закрыццё таварных пунктаў пропуску, на думку палітолага, можа змусіць Аляксандра Лукашэнку «змяніць сваё стаўлення да праблемы крызісу нелегальных мігрантаў», бо ў гэтым разе закранаюцца інтарэсы Расеі і Кітаю. Ён нагадаў, што пытанне міграцыйнага крызісу падчас візіту ў КНР абяцаў абмеркаваць польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

Вайсковыя польскай памежнай служыбы каля мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Котаў падкрэсліў, што таварны паток паміж Кітаем і Еўразвязам большы, чым паміж Кітаем і Расеяй. Як і таварны паток у КНР з Польшчай большы, чым з Беларуссю. І пакуль Пекін не збудаваў лагістычныя шляхі ў абыход Беларусі і Расеі, «у Польшчы ёсць магчымасць з пункту гледжання гаспадаркі, гандлю і большай рэгіянальнай стабільнасці дамовіцца з Кітаем», каб той заняў больш цвёрдую пазіцыю ў пытанні міграцыйнага крызісу.

«Кітай гэтае закрыццё мяжы, відавочна, не цікавіць, у ягоных інтарэсах дамовіцца з ЕЗ і Польшчай і ціснуць на сваіх заходніх суседзяў, на Расею і Беларусь, каб яны не перашкаджалі ягонаму бізнесу», – сказаў палітолаг.

Котаў нагадаў, што ў 2021 годзе Польшча з дапамогай дыпламатычных захадаў здолела зняць вострую фазу міграцыйнага крызісу. Таму ён спадзяецца, што аргументы Варшавы спрацуюць і ў 2024-м. Калі ж яны не спрацуюць, пабудова жалезнай заслоны на мяжы Беларусі і Еўразвязу будзе прыспешаная, заявіў палітолаг.

У выпадку ж, калі замест таварных пунктаў пропуску будзе зачынены апошні пасажырскі («Тэрэспаль»/«Берасце»), гэта будзе выгадным толькі Лукашэнку, мяркуе Котаў. Бо тады беларусам будзе цяжэй з’ехаць за мяжу, а Менск працягне весці «гандаль цераз плот».

Пра тое, што Польшча можа закрыць апошнія два памежныя пераходы з Беларуссю, заявіў 22 чэрвеня міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Паводле кіраўніка польскага МЗС, намер закрыць пункты пропуску звязаны з сітуацыяй з мігрантамі на польска-беларускай мяжы.

Пры гэтым яшчэ месяц таму, 24 траўня, прэм’ер-міністр Дональд Туск дапускаў, што Польшча можа ўзнавіць працу аднаго з закрытых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю. Але пасля нападаў на польскіх вайскоўцаў з боку нелегальных мігрантаў ад гэтай ідэі ў Варшаве адмовіліся.

Адначасова сталася вядома, што Польшча прыкметна скараціла колькасць выдаваных візаў у 2024 годзе. Зніжэнне вагаецца ад 50 % да нават 90 % у залежнасці ад тыпу візы.

Каментар
«Пацерпяць нармальныя мірныя беларусы». Польшча не можа не закрыць мяжу?
2024.06.24 19:37

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў