Польшча не пабачыла магчымасці адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю


Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі паведаміў увечары 3 чэрвеня, што Польшча пакуль не стане адкрываць пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю (на беларускім баку «Бераставіца») з прычыны гібрыднай вайны, перадае Polska Agencja Prasowa.

Архіўнае фота. Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

Радослаў Сікорскі растлумачыў гэта прымаўкай «jak Kuba Bogu, tak Bóg Kubie» – не рабі іншаму тое, чаго не хацеў бы, каб зрабілі табе. Ён дадаў, што сам хацеў бы, каб сітуацыя на польска-беларускай мяжы была іншая. Міністр нагадаў, што Польшча і Беларусь яшчэ ў 2010 годзе падпісалі дамову аб малым памежным руху, але Беларусь не завяршыла працэдуры ўвядзення гэтага руху. Ды тое было ў час, калі колькасць палітвязняў у Беларусі змяншалася, а не расла.

«Цяпер у Беларусі маем справу з самымі вялікімі рэпрэсіямі ў гісторыі гэтага рэжыму, – сказаў Сікорскі. – Таму, на жаль, мне вельмі шкада, бо я таксама хацеў бы, каб нашыя прадпрымальнікі маглі весці нармальны бізнес. Але гэта Лукашэнка і Пуцін вядуць гібрыдную вайну з Еўропай, а не наадварот».

Пункт пропуску «Баброўнікі» закрылі 10 лютага 2023 года «з меркаванняў нацыянальнай бяспекі». Неафіцыйна гэта звязвалі са зняволеннем у Беларусі журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута, неўзабаве Польшча пацвердзіла: вызваліце Пачобута – атрымаеце «Баброўнікі».

Мінуў год, цягам якога адзіным адкрытым пераходам на беларуска-польскай мяжы заставаўся «Берасце – Тэрэспаль». Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў «Zjednoczony Wschód» («Аб’яднаны Усход») звярнулася ў канцы красавіка да дэпутатаў Сейму з патрабаваннем адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.

Меркаванні
Ці адчыніць Польшча памежныя пераходы?
2024.05.04 12:40

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 24 траўня заявіў, што Польшча можа ўзнавіць працу аднаго з закрытых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю – якраз «Баброўнікаў». Ён сказаў, што цалкам гэта падтрымлівае, але не прыме такога рашэння, калі вайскоўцы і памежнікі не згодзяцца.

І праз тыдзень пасля такой заявы мігрантаў з беларускага боку скіравалі на масавы штурм польскай мяжы. Акрамя таго, мігранты і да штурму атакавалі польскіх памежнікаў: у канцы траўня аднаму парэзалі руку разбітай бутэлькай, другога сур’ёзна паранілі нажом. Ужо пасля заявы Сікорскага польская Памежная служба паведаміла, што яшчэ адзін памежнік атрымаў траўму ад мігрантаў на мяжы з Беларуссю – моцны ўдар па галаве галінай дрэва.

Тым часам на межах Беларусі з Еўразвязам даўно стаяць даўжэзныя чэргі. Так, на раніцу 4 чэрвеня перад пунктам пропуску «Берасце» стаіць чарга з 400 легкавікоў і 75 аўтобусаў, побач перад «Казловічамі» чарга з 300 грузавікоў. Суседняя Літва, якая нядаўна перажыла пік чэргаў на мяжы з Беларуссю, цяпер змяніла некаторыя правілы: фактычна забараніла правозіць любую ежу з Беларусі, а таксама зрабіла больш складаным экспарт новых аўтамабіляў у Беларусь.

Агляд
Мяжа з Літвой: машыны везці цяжэй, чэргі маюць зменшыцца, прадукты могуць пачаць прапускаць
2024.06.04 07:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў