У Беларусі больш за 400 сілавікоў на пенсіі займаюць пасады кіраўнікоў у буйных арганізацыях


На дадзены момант у беларускіх буйных арганізацыях больш за 400 кіруючых пасадаў займаюць былыя супрацоўнікі органаў унутраных справаў, распавёў кіраўнік грамадскай арганізацыі ветэранаў АУС і УВ Валянцін Патаповіч.

Валянцін Патаповіч.
Фота: mvd.gov.by

80 % сілавікоў-ветэранаў працягваюць працаваць. Паводле Патаповіча, «апошнім часам каштоўнасць ветэранскіх кадраў МУС істотна вырасла».

«Больш за 400 былых супрацоўнікаў займаюць кіруючыя пасады ў калектывах з колькасцю больш за паўтысячы чалавек, парадку двух тысячаў ветэранаў працягваюць служыць паводле кантракту», – распавёў кіраўнік ветэранскай арганізацыі.

Акрамя таго, былыя сілавікі ідуць у дэпутаты – сёлета 89 ветэранаў МУС увайшлі ў мясцовыя саветы, а 56 – занялі пасады старшыняў мясцовых саветаў.

Як распавядае Патаповіч, ветэраны МУС «актыўна ўдзельнічаюць у працы добраахвотных дружынаў», а таксама сочаць за абстаноўкай і інфармуюць сілавыя органы і мясцовыя ўлады.

«Напрыклад, у памежжы створаныя адмысловыя ініцыятыўныя групы, якія мусяць забяспечваць спакой нашых грамадзянаў. А ў асобных рэгіёнах запусцілі навінку – вылучылі адказных асобаў з ліку былых супрацоўнікаў, якія пражываюць на тых ці іншых участках. Яны пільна сочаць за сітуацыяй, пры неабходнасці інфармуюць праваахоўнікаў і прадстаўнікоў органаў мясцовай улады пра праблемы», – зазначае кіраўнік арганізацыі ветэранаў МУС.

Разбор
Баявыя ябацькі. Глядзім, што за «народнае апалчэнне» надумалі фармаваць у Беларусі
2023.11.03 13:29

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў