У Беларусі плануюць змякчыць пакаранне паводле шэрагу крымінальных артыкулаў


У Беларусі вядзецца праца, каб аптымізаваць Крымінальны кодэкс. Падрыхтаваны законапраект для яго змянення. У некаторыя артыкулы будуць дададзеныя варыянты пакарання, мякчэйшыя за зняволенне, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: aif.by

30 траўня 2024 года адбылося чарговае паседжанне міжведамаснай працоўнай групы, якая рыхтуе змяненні кодэксу, на чале з намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольгай Чупрыс.

Працоўная група атрымала каля 350 прапановаў наконт аптымізацыі КК ад дзяржаўных органаў і арганізацыяў, суддзяў, парламентарыяў, правазнаўцаў, паведаміла Вольга Чупрыс. Пасля іх абмеркавання ў артыкулы кодэксу, у якіх прапісана больш за 90 складаў злачынстваў, плануецца дадаць віды пакарання, мякчэйшыя за зняволенне. Цяпер для 36 з гэтых складаў злачынстваў прадугледжанае толькі пазбаўленне волі. Пра якія менавіта злачынствы і артыкулы ішла гаворка, не ўдакладняецца.

«У мэтах выпрацоўвання найбольш аптымальных прававых мадэляў вывучаўся замежны досвед, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і навуковыя напрацоўкі. У асобных выпадках мы вярталіся да досведу Крымінальнага кодэксу БССР 1960 года», – зазначыла чыноўніца.

На пачатку 2024 года Лукашэнка запатрабаваў правесці рэвізію Крымінальнага кодэксу. Была створаная працоўная група дзеля аптымізацыі заканадаўства аб крымінальнай адказнасці, яе першае паседжанне адбылося 1 лютага.

Далей плануецца ўнесці змяненні і ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Апошні раз змяненні ў абодва кодэксы ўносіліся ў канцы 2021 года.

Агляд
Самыя чалавечныя і найбольш жорсткія турмы свету: як на іх тле выглядае Беларусь?
2024.02.16 06:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў