У Следчым камітэце распавялі пра маштабы палітычных рэпрэсіяў у Беларусі


Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гора заявіў, што са жніўня 2020 году ў Беларусі было зафіксавана 19 тысячаў «экстрэмісцкіх злачынстваў».  Нагадаем, тэрмін «экстрэмізм» улады выкарыстоўваюць выключна для абазначэння любых праяваў пратэставых дзейнасці і іншадумства. 

Старшыня СК Дзмітрый Гора.
Фота:  sk.gov.by

Падчас наведвання прадпрыемства «Граніт» старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гора заявіў, што са жніўня 2020 года па ўсёй краіне было ўчынена каля 19 тысяч «злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». З гэтага вынікае, што следчыя мусілі распачаць 19 тысяч палітычна матываваных крымінальных справаў.

Паводле Горы, толькі за 2023 год выяўлена каля 5,5 тысячы такіх «злачынстваў», у тым ліку мінулых гадоў. Маецца на ўвазе ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, масавых беспарадках, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, абраза прадстаўнікоў улады.

Гора зазначыў, што многія з тых, хто трапіў пад пераслед за падзеі 2020 году, хаваюцца да гэтага часу. Прайшло амаль 4 гады, але працягваецца выяўленне актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў і прыцягненне іх да адказнасці, зазначыў кіраўнік СК.

Акрамя таго, паводле Горы, «расследуюцца крымінальныя справы, якія распачатыя ў дачыненні асобаў, якія рыхтуюцца ўчыніць тэрарыстычныя акты ў Беларусі і на тэрыторыі Расеі». Нібыта ў Беларусь з Украіны дастаўляліся выбуховыя рэчывы і зброю, якія складаліся ў тайніках.

«Шчыра скажу, што пагроза нацыянальнай бяспецы адбываецца пастаянна, але мы ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі навучыліся працаваць на апярэджанне», – падкрэсліў ён.

Гора заявіў, што ў апошні час замежныя спецслужбы праяўляюць актыўнасць у Інтэрнэце. Яны нібыта працуюць праз спецыяльна створаныя цэнтры і абʼектам іх працы зʼяўляецца беларуская моладзь, якую падштурхоўваюць да ўчынення злачынстваў супраць дзяржавы.

Агляд
«Рэпрэсіі сталіся сутнасцю сістэмы». Як Беларусь ператвараецца ў Іран
2024.04.30 16:31

Зазначым, што ў 2020 годзе, паводле СК, было зафіксавана толькі каля 1,7 тысяч «экстрэмісцкіх злачынстваў». То бок пасля здушэння масавых пратэстаў 2020 года маштабы палітычна матываванага крымінальнага пераследу не толькі не пайшлі на спад, але і працягваюць расці.

Аналітыка
Лепш, чым пры Ракашы, горш, чым пры Ярузэльскім. З чым параўнаць рэпрэсіі ў Беларусі?
2021.10.21 07:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў