Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 7 «Незалежныя беларусы»


«Белсат» працягвае цыкл публікацыяў з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Мы знаёмім выбарнікаў са спісамі і ўдзельнікамі выбараў, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожнаму з лідараў выбарчых спісаў мы даслалі аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Блогер Максім Шабуцкі /
Крыніца: YouTube-канал MaximShabutski

Гэтым разам прадстаўляем спіс «Незалежныя беларусы». Лідар спісу – блогер Максім Шабуцкі. Сярод іншых чальцоў – блогеры Сяргей Бяспалаў, Наталля Галаўчук (Данута Хлусня), Уладзіслаў Рымашэўскі, былыя ваяры палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксандр Камісараў і Аляксандр Наўковіч ды іншыя – агулам 14 асобаў. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар спісу «Незалежныя беларусы» ў выбарчым бюлетэні – 7.

Што нам адказалі «Незалежныя беларусы»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Першы – Уладзімір, другі – Уладзіміравіч, трэці – Пуцін.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Дэмакратычныя сілы апрыёры не могуць паўплываць на спробу рэвіталізацыі савецкай імперыі, роўна як і на геапалітычны расклад у свеце. Беларускай апазіцыі неабходна акцэнтаваць сваю працу на тых кірунках, працу ў якіх дазваляюць весці рэсурсы:

  • стварэнне магутнай палітычнай супрацьвагі Лукашэнку;
  • дапамагаць сем’ям палітвязняў;
  • развязваць пытанні легалізацыі беларусаў;
  • распрацоўваць і падрыхтоўваць сілавыя сцэнары ды іншае…

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Аляксандр Лукашэнка – гэта дыктатар, які ўтрымлівае ўладу ў Беларусі выключна сілавым шляхам.

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Святлана Ціханоўская – адзін з флагманаў дэмакратычных сілаў, яна перамагла Лукашэнку ў выбарах 2020 года.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Нашая каманда зыходзіць з прынцыпу, паводле якога базавая і самая галоўная каштоўнасць любога чалавека – гэта ягонае жыццё! Калі б стаяла пытанне вызвалення палітвязняў у абмен на зняцце санкцыяў, нашая фракцыя адназначна прагаласавала б станоўча. Разам з тым трэба прыняць відавочны факт, што ўсе магістральна значныя пакеты санкцыяў уводзяцца (здымаюцца) незалежна ад жадання народу Беларусі.

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Педаляваць сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі – гэта злачынства. Не рыхтавацца да сілавога сцэнара змены ўлады – гэта цяжкае злачынства!

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Станоўча. Але толькі ў тым выпадку, калі такое рашэнне народу не прывядзе да негатыўных сцэнароў, накшталт інкарпарацыі Беларусі ці вайны.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Перад вынясеннем гэтага пытання на рэферэндум неабходна агучыць актуальную інфармацыю і рэальныя лічбы, якія паказваюць глыбіню эканамічнай залежнасці ад Расеі. Таксама неабходна максімальна дакладна пралічыць траекторыі развіцця сітуацыі ў эканамічнай, палітычнай і ваеннай плоскасцях у выпадку аднабаковага выхаду з інтэграцыйных абʼяднанняў. Нашая каманда думае, што пры развязанні гэтага пытання неабходна зыходзіць выключна са стратэгічных інтарэсаў усёй Беларусі, а не жадання асобных палітыкаў.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

З мэтаю недапушчэння канфрантацыі паміж рознымі групамі насельніцтва Беларусі, мы думае, у нашай краіне павінны быць дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская. Таксама ёсць эканамічная мэтазгоднасць павелічэння долі англійскай мовы, якая на сёння ёсць агульнапрынятаю моваю «дзелавога свету».

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Пазбаўленне ад навязанай савецкай архаічнай спадчыны – гэта неадʼемная ўмова для трансфармацыі Беларусі ў сучасную высокатэхналагічную прававую дзяржаву. Разам з тым мы думаем, што гэтае пытанне мае развязвацца выключна на рэферэндуме. Таксама нашая каманда шчыра ўпэўненая ў тым, што пытанне дэкамунізацыі не можа і не павінна пераважаць над пытаннямі эканамічнага развіцця, стварэння камфортнага асяроддзя для бізнесу і замежных інвестыцыяў.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Нашая каманда бачыць новую Беларусь як прававую і свецкую дзяржаву, прыярытэтам у якой будзе стварэнне максімальна магчымых умоваў для развіцця асобы і камфортнага асяроддзя для бяспечнага пражывання ўсіх грамадзянаў без выключэння.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Не. Мы думаем, што прыярытэтным ацэначным крытэрам любога чыноўніка (работніка, кіраўніка) маюць быць ягоныя прафесійныя якасці, а не гендарная прыналежнасць або сексуальная арыентацыя.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Нашая каманда зыходзіць з аксіёмы, паводле якой дэмакратыі не можа быць «крыху», «трохі», «часткова» ці «селектыўна». Мы думаем, што ў новай, свабоднай Беларусі кожны чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю ў тых ці іншых пытаннях. І права гэтае павінна быць пад аховай адзінага і нязменнага нацыянальнага арбітра, імя якому – закон!

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Адназначна! З умоваю таго, што прыватызацыя будзе праходзіць на сумленнай і транспарэнтнай аснове, з улікам катастрафічных памылак, зробленых ва Украіне, Расеі, Казахстане і шэрагу іншых краінаў.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

У тактычнай плоскасці дзяржава абавязаная надаваць максімальна магчымае падтрыманне ўсім малазабяспечаным і неабароненым грамадзянам нашай краіны. У стратэгічнай плоскасці неабходна стварыць умовы для арганічнага скарачэння колькасці малазабяспечаных групаў насельніцтва.

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Амністыя паводле 328 арт. КК РБ павінна быць праведзеная неадкладна. Адзінае абмежаванне тут магчымае ў катэгорыях асобаў, якія былі:

  • субʼектамі арганізацыі міжнароднага наркатрафіку;
  • арганізатарамі вытворчасці наркатычных рэчываў у прамысловых абʼёмах з мэтаю збыту;
  • кіраўнікамі буйных сеткавых наркашопаў.

Дэкрыміналізацыя марыхуаны мае быць праведзеная неадкладна. Пытанне легалізацыі патрабуе як мінімум глыбокага вывучэння міжнароднага досведу, у тым ліку наступстваў прыняцця на канферэнцыі ААН Адзінай канвенцыі аб наркатычных сродках 1961 года.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Пры развязанні гэтага пытання за аснову трэба браць не субʼектыўнае меркаванне асобнага палітыка (чалавека), а дзейнае заканадаўства Беларусі, згодна з якім за ўчыненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў прадугледжаная адпаведная крымінальная адказнасць. Закранаючы пытанні заняцця ключавых пасадаў у дзяржаўным апараце, нашая каманда выступае катэгарычна супраць самога факту ўдзелу асобаў, якія былі праваднікамі і апораю рэжыму Лукашэнкі, у кіраванні новай, дэмакратычнай Рэспублікай Беларусь.

18. Ці ёсць Беларусь суўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Не! Дыктатар Лукашэнка захапіў і ўтрымлівае ўладу ў краіне сілавым шляхам, а значыць, ягоныя рашэнні не адлюстроўваюць волі і жадання народу Беларусі.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Нашая каманда падтрымлівае любыя сумленныя і адкрытыя ініцыятывы, якія могуць спрыяць устанаўленню дэмакратычных рэжымаў у Рэспубліцы Беларусь і Расейскай Федэрацыі.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Гэтае пытанне павінна развязвацца выключна на рэферэндуме. Нашая каманда будзе галасаваць за гістарычны бел-чырвона-белы сцяг.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў