«Дэвальвацыя назіраецца пастаянна. Праблема ў іншым». Эканаміст – пра тое, як беларусам зберагчы свае грошы


Апошнім часам пра дэвальвацыю беларускага рубля не-не, да і пачынаюць казаць самі чыноўнікі: дэвальвацыйныя рызыкі растуць, банкі прагназуюць, што беларускі рубель сёлета здасць пазіцыі. Высвятляем, што адбываецца на грашовым рынку Беларусі і што рабіць беларусам, каб захаваць свае зберажэнні.

Экономистка Анастасия Лузгина, Центр BEROC, экономика
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна. Варшава, Польшча. 17 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Перадумоваў для рэзкай дэвальвацыі няма

Дэвальвацыя – гэта абясцэньванне нацыянальнай валюты да замежных, або да кошыка замежных валют. Аб дэвальвацыі можна казаць, калі курс рубля альбо рэзка падае (як гэта было, напрыклад, 20 кастрычніка 2011 года, калі афіцыйны курс нацвалюты за адзін дзень знізіўся да долара больш чым на 50 %), альбо абясцэньваецца паступова на працягу некаторага часу.

«Паступовая дэвальвацыя ў Беларусі назіраецца пастаянна цягам апошніх гадоў. Хоць у асобныя кароткатэрміновыя перыяды мы бачым зваротны трэнд да тых ці іншых валют. Напрыклад, зараз беларускі рубель нязначна ўмацаваўся да кітайскага юаня. У цэлым зараз у Беларусі дзейнічае рынкавае курсаўтварэнне. З 2015 года, калі Нацбанк змяніў сваю палітыку, курс пачаў вызначацца рынкам, а ўмяшанне Нацбанку на валютным рынку з’яўляецца мінімальным», – кажа ў каментары «Белсату» эксперт цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна.

Паводле яе словаў, Нацбанк разлічвае курс беларускага рубля да кошыку замежных валютаў, якія на сёння лічацца найбольш важнымі для знешняга гандлю. Калі зайсці на сайт Нацбанку, то мы пабачым, што ў параўнанні 31 снежня 2023 года з 30 траўня 2024 года, беларускі рубель знізіўся да расейскага рубля на 2 %, да долара – на 0,89 %, а да юаня ўмацаваўся на 0,61 %. У выніку валютны кошык знізіўся на 1,38 %. Пры гэтым, спажывецкія цэны са снежня па красавік павялічыліся на 2,7 %.

«Таму казаць пра паскарэнне дэвальвацыі ў бліжэйшай перспектыве не даводзіцца, хоць беларускі рубель паступова таннее ў кошыку валют. Трэба разумець, што зараз няма перадумоваў той сітуацыі, якая назіралася ў беларускай эканоміцы ў 2011 ці 2014 годзе ў плане рэзкага падзення курсу беларускага рубля да замежных валютаў.

Раней курс жорстка рэгуляваўся з боку дзяржавы. Зараз жа працуе рынкавы спосаб, і калі дэвальвацыя і паскараецца, то на працягу пэўнага прамежку часу, а не рэзкімі скачкамі», – адзначае Анастасія Лузгіна.

Меркаванні
Прывід дэвальвацыі зноў блукае па Беларусі
2024.05.24 15:38

Скачок у курсах адбыўся пасля пачатку вайны ва Украіне: курс беларускага рубля знізіўся, бо патаннеў расейскі. Але гэта было выклікана не ўнутранымі, а знешнім фактарамі, якія не звязаныя з унутрыэканамічнымі працэсамі Беларусі. Ад такіх рызык ніхто не застрахаваны.

Разам з тым, у беларускай эканоміцы наспявае іншая, больш сур’ёзная праблема – гэта рост спажывецкіх цэнаў.

«Калі інфляцыя будзе разганяцца, тады як следства мы будзем назіраць праз пэўны прамежак часу паскарэнне дэвальвацыйных працэсаў.

Зараз рызыкі інфляцыі растуць, але іх складана ацэньваць, бо яны рэгулююцца дзяржавай. Калі ў плане курсу валют грае ролю рынак, то ў адносінах да цэн грае ролю дзяржава, і яе эканамічная палітыка прывяла да фармавання інфляцыйнага навесу», – кажа эксперт.

Анастасія Лузгінча адзначае галоўныя праблемы, якія падштурхоўваюць інфляцыю. Так, па апошніх дадзеных, рэальныя заробкі ў Беларусі за студзень – красавік выраслі ў параўнанні з красавіком 2023 года ў рэальным выражэнні больш чым на 15 % з улікам інфляцыі. У намінальным выражэнні яны яшчэ больш павялічыліся.

«Даходы беларусаў актыўна растуць, адпаведна расце ўнутраны попыт. А калі расце попыт, то такімі ж тэмпамі мусіць расці прапанова тавараў. З улікам таго, што пасля спаду эканомікі ў 2022 годзе яна прыстасавалася да працы ў новых умовах у 2023 годзе і аднавілася, а заробкі працягваюць расці далей, прадпрыемствы проста абмежаваныя рэсурсам для далейшага пашырэння прапановы, каб задаволіць попыт. У звычайнай эканоміцы такая сітуацыя прыводзіць да росту цэн. У Беларусі гэтага не адбываецца, бо цэны рэгулююцца. Яны растуць, але вельмі стрымана. Таму ўзнікаюць рызыкі адкладзенай інфляцыі, і яны будуць узрастаць, калі такая сітуацыя захаваецца і надалей», – падкрэслівае нашая суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Акрамя росту прыбыткаў насельніцтва, таксама грае ролю актыўны рост прывабнага спажывецкага крэдытавання. Гэта прыводзіць да яшчэ большага павелічэння попыту на ўнутраным беларускім рынку.

«Разам з тым, ёсць моманты, якія крыху стабілізуюць сітуацыю. Так, на 1 траўня ў Беларусі знізілася колькасць наяўных грошай у абароце. З пачатку года гэты паказнік вырас на 7,3 %, тады як за аналагічны перыяд мінулага года рост быў 14,2 %. То бок за год тэмп росту знізіўся ў два разы. Аналагічная сітуацыя назіраецца па перавадных дэпазітах фізічных асобаў (грошы на бягучых рахунках – Белсат) : яны на 1 траўня знізіліся на 6,3 %, у мінулым годзе гэта быў рост на 19 %. Пры гэтым у нас паскорыўся рост тэрміновых дэпазітаў, якія не так проста зняць. У нас вялікая доля такіх безадзыўных дэпазітаў, гэта грошы, якія хутка не вымаюцца з банкаўскай сістэмы і ў прынцыпе стабілізуюць фінансавы рынак», – адзначае Анастасія Лузгіна.

Паводле яе словаў, гэта наступствы палітыкі Нацбанку, які вельмі асцярожна ўзмацняе жорсткасць манетарнай палітыкі, пакрыху падвышае гранічныя стаўкі па новых крэдытах, бо там разумеюць і прызнаюць, што інфляцыйныя рызыкі цалкам рэальныя. Такая тэндэнцыя грае на стабілізацыю эканомікі.

Агляд
Беларусы чакаюць высокай інфляцыі – апытанне праекту «Вашы грошы»
2024.03.18 12:04

Рэзкага росту цэн да выбараў не будзе. А вось пасля…

Калі тэндэнцыі на дэстабілізацыю эканомікі пераважаць, што можа адбыцца пры кепскім сцэнары?

«Уявім сітуацыю: у Беларусі працягваюць рэгуляваць цэны, попыт на рынку працягвае расці. Пастаянны рост заробкаў мае апроч празмернага попыту іншыя наступствы – гэта найперш падвышэнне выдаткаў кампаній і прадпрыемстваў, якія іх выплачваюць. Падвышэнне заробкаў працаўнікам часта адбываецца дзякуючы дэфіцыту кадраў. У рынкавай эканоміцы, калі актыўна растуць заробкі, гэта прыводзіць да паскарэння інфляцыі ці росту эфектыўнасці працы кампаніі, каб не перакладаць гэта ў рост коштаў.

У Беларусі гэтыя выдаткі проста кладуцца на плечы кампаній. Іх выдаткі растуць, а значыць, зніжаецца прыбытковасць працы тых кампаній, хто мае прыбыткі. А ў тых кампаній, якія і раней працавалі стратна, страты растуць яшчэ больш, што добра бачна па статыстыцы беларускіх прадпрыемстваў. Такім чынам, у доўгатэрміновай перспектыве ёсць рызыка таго, што больш кампаній стануць стратнымі. Таму прадпрыемствы вымушаныя шукаць нейкае выйсце: напрыклад, патаненне тавару за кошт зніжэння іх якасці, на рынку можа назірацца скарачэнне асартыменту тавараў, бо кампаніі не могуць задаволіць попыт, і ў нейкі момант прыйдзецца пераглядаць палітыку адносна цэн, а значыць, можа адбыцца паскарэнне інфляцыі», – разважае нашая суразмоўца.

цукар
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

І адразу ж дадае: аднак улады будуць намагацца трымаць сітуацыю пад кантролем, прынамсі да выбараў у 2025 годзе. Пасля выбараў магчыма паскарэнне інфляцыі за межы прагнозных значэнняў.

Так што да канца 2024 года мы наўрад ці пабачым паскораны рост цэн, бо ў наступным – выбары.

«Наколькі рос цэнаў будзе вялікімі, складана сказаць, бо шмат будзе залежыць ад таго, якую палітыку будзе праводзіць урад і Нацбанк. Нацбанк відавочна настроены рабіць больш жорсткай манетарную палітыку. Але што тычыцца агульнаэканамічнай палітыкі ўраду, тут няясна. У любым выпадку ў канцы года мы хутчэй за ўсё пабачым запавольванне тэмпаў росту ВУП і прыбыткаў насельніцтва. Бо немагчыма бясконца падвышаць узровень заробкаў, кампаніі будуць рабіць гэта больш павольнымі тэмпамі», – перакананая Анастасія Лузгіна.

Яна таксама адзначае і ўплыў знешніх фактараў на беларускую эканоміку, у прыватнасці тое, што яна становіцца ўсё больш залежнай ад расейскай. Яркім прыкладам можна назваць 2022 – 2023 год, калі расейскі рубель дынамічна змяняўся ў адносінах да замежных валют, і аналагічны трэнд быў з беларускім рублём. Калі адбываецца нейкая дэстабілізацыя эканомікі ў Расеі, гэта адбіваецца на Беларусі.

«Калі стан эканомікі ў Расеі пагоршыцца, гэта выкліча зніжэнне попыту на тавары, а значыць, і на тавары беларускай вытворчасці. Расея з’яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі, адпаведна нашыя прадпрыемствы будуць пакутаваць ад зніжэння попыту на расейскім рынку.

Беларускія ўлады разумеюць небяспеку такой моцнай залежнасці, таму яны намагаюцца развіваць гандлёвыя адносіны з Афрыкай, Азіяй, Кітаем, для таго каб дыверсіфікаваць свой экспарт і каб хоць крыху менш залежыць ад Расеі. Але ў цяперашніх умовах гэта рабіць вельмі цяжка. Раней процівагай Расеі ў гандлі былі краіны ЕЗ і Украіна, зараз жа гэтай процівагі няма», – канстатуе экспертка.

Як беларусам зберагчы свае грошы?

На думку нашай суразмоўцы, беларусы моцна абмежаваныя ў магчымасцях зберагаць і інвеставаць свае грошы.

беларускія рублі
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

«Валютныя дэпазіты зараз становяцца непрывабнымі, па іх стаўкі вельмі нізкія, гэта ў тым ліку з-за палітыкі дэвалютызацыі Нацбанку і скарачэння патрэбы ў доларах ЗША і еўра ў банкаў. Што тычыцца рублёвых укладаў у якасці захоўвання зберажэнняў, сёння гэта адзін з асноўных варыянтаў, даступных беларусам.

Калі казаць пра крэдыты – браць іх ці не браць, бо яны зараз адносна танныя, то тут трэба разумець, што калі вы берэце крэдыт, у вас узнікае запазычанасць перад банкам, і якія б там стаўкі не былі, вам штомесяц трэба будзе выплочваць грошы з працэнтамі. Трэба ўлічваць, што можа зараз у вас заробак і расце, але так будзе не заўсёды. Калі вам сапраўды патрэбная нейкая рэч, то крэдыт – цалкам добры інструмент, каб набыць яе зараз, а не накопліваць год ці два. А калі вы проста хочаце абнавіць мадэль свайго смартфона ці тэлевізара, магчыма, не варта на гэта выдаткоўваць свае рэсурсы», – кажа Анастасія Лузгіна.

Яна адзначае: трэба ў любым выпадку разумець, што эканоміка Беларусі хоць і паказвае добрыя тэмпы росту, здаецца, і інфляцыя невысокая, і крэдытаванне прывабнае, але яна ўсё роўна застаецца няўстойлівай з-за неідэальнай эканамічнай палітыкі ўраду і з-за таго, што яна моцна завязана на расейскай, якая існуе ва ўмовах вайны і моцнага санкцыйнага ціску.

Сыходзячы з гэтага трэба выстройваць сваю зберагальную і інвестыцыйную стратэгію.

«Проста так здымаць заробак і захоўваць грошы дома можна, але інфляцыя ўсё роўна іх паступова абясцэньвае. Для беларусаў застаюцца такія варыянты: ці дэпазіт, каб атрымаць працэнт, ці ўкладваць у дзяржаўныя ці карпаратыўныя аблігацыі альбо токены, ці ўкладаць грошы ў нерухомасць. Гэта дзейнасць унутры беларускага рынку, таму трэба разумець, што тут ёсць пэўныя рызыкі. Калі вы кладзеце грошы на дэпазіт, банкі таксама гэтыя рызыкі ўкладаюць у працэнтныя стаўкі. Хаця на сённяшні дзень іх нельга назваць высокімі.

Можна разглядаць нейкія кароткатэрміновыя інвестыцыі на 6 месяцаў, проста для таго каб грошы не абясцэньваліся. Інвеставанне ў жыллё – даволі папулярнае ў беларусаў. Але на працягу апошніх гадоў няма трэнду на тое, што жыллё ў Беларусі даражэла. Таму можна нічога ад гэтага і не выграць, аддача ад такой інвестыцыі будзе вяртацца вельмі доўга. Іншая справа, калі сям’я хоча набыць кватэру для сябе. Такое асабістае інвеставанне ў сваю сям’ю можна разглядаць як добры варыянт», – рэзюмавала нашая суразмоўца.

Аб’ектыў
Рост інфляцыі і закрыццё банкаў: што адбываецца з эканомікай Беларусі?
2024.04.05 20:35

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў