Расейскі футбольны клуб «Урал» звольніў Віктара Ганчарэнку – экс-трэнера БАТЭ


Футбольны клуб «Урал» з расейскага Екацярынбургу 30 траўня абвясціў аб сыходзе галоўнага трэнера, беларуса Віктара Ганчарэнкі. Мяркуючы па тоне паведамлення, Ганчарэнку звольнілі за няўдачы, і адбылося гэта перад вырашальным для каманды матчам.

Віктар Ганчарэнка на пасадзе галоўнага трэнера футбольнага клубу «Урал».
Фота: Fc-ural.ru

«Мы дзякуем Віктару Міхайлавічу за амаль 2 гады, праведзеных у Екацярынбурзе. Але са шкадаваннем канстатуем: выканаць задачу на першы стыкавы матч не ўдалося. Камандзе патрэбныя перамены», – напісалі ад імя прэзідэнта «Уралу».

Клуб заняў 14-е з 16 месцаў у расейскай Прэм’ер-лізе. Каманды з 15 і 16 месцаў аўтаматычна выбываюць у ніжэйшую Першую лігу, а каманды з 13 і 14 месцаў гуляюць стыкавыя матчы з камандамі з 3 і 4 месцаў Першай лігі: хто прайграе па выніку, той трапляе ў Першую лігу.

«Урал» у першым матчы супраць клубу «Акрон» з Тальяці прайграў удома 0:2, другі матч прызначаны на 1 ліпеня. Рыхтаваць «Урал» да гэтага матчу будзе асістэнт галоўнага трэнера Яўгеній Авяр’янаў.

Аб’ектыў
На краі прорвы. Што будзе з салігорскім «Шахцёрам»?
2024.05.22 20:34

Віктар Ганчарэнка як футбаліст выступаў за клубы «Стрэлічава» (Хойнікі), РВАР (Менск) і БАТЭ (Барысаў), з апошнім двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, але завяршыў кар’еру ў 25 гадоў пасля сур’ёзнай траўмы. Стаў трэнерам спачатку дублю БАТЭ, а з 2007 года – асноўнай каманды і затым галоўным трэнерам. Пад ягоным кіраўніцтвам БАТЭ шэсць разоў перамог у Чэмпіянаце Беларусі, аднойчы ўзяў Кубак Беларусі і тройчы – Суперкубак, тройчы выходзіў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў (дзе сенсацыйна перамог аж саму «Баварыю»).

Як згадвае «Трыбуна», Ганчарэнка хацеў працаваць у Еўропе, але казаў, што так і не змог вывучыць англійскую мову. Выданне таксама адзначае, што дырэктар «Уралу» да апошняга бараніў Ганчарэнку і нават вёў перамовы пра новы кантракт, але падобна, параза ад быццам бы слабага клубу стала апошняй кропляй.

У 2013 годзе Ганчарэнка пайшоў працаваць у Расею: узначаліў «Кубань», праз два гады перайшоў ва «Урал», але пакінуў клуб праз два з паловай месяцы на тле чутак пра дамоўныя матчы. У 2015 годзе ўзначаліў маскоўскі ЦСКА, на паўгода перайшоў ва «Уфу» і вярнуўся ў ЦСКА,  які ўзначальваў да 2021 года, пакуль не быў звольнены за слабыя вынікі. Затым узначаліў «Краснадар» і быў звольнены за агрэсіўныя паводзіны ў час матчу з «Ахматам», вярнуўся ва Урал.

Цяпер 46-гадовы Ганчарэнка, якога 11 разоў прызнавалі найлепшым трэнерам Беларусі, застаўся без працы. Ва «Урале» застаюцца гуляць пяць беларускіх футбалістаў, якія ў розны час выступалі за БАТЭ: брамнік Дзяніс Шчарбіцкі, абаронцы Ягор Філіпенка і Уладзіслаў Малькевіч, паўабаронцы Валер Бачараў і Арцём Канцавы.

Hавiны
12-гадовы беларускі футбаліст Аляксей Маёраў сабраўся перайсці ў мадрыдскі «Рэал»
2024.04.27 14:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў